Алегра, андантэ i зноў алегра

Музычны фестывааль Юрыя Башмета адкрываецца ў Мінску

У аматараў класікі — двайное свята. Напярэдадні Дня музыкі, які ва ўсім свеце адзначаюць 1 кастрычніка, у Мінску зноў адкрываецца Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Падзея доўгачаканая і жаданая. Бо гэта ўжо традыцыя — на працягу амаль двух тыдняў на адной сцэне фестываль збірае сусветных зорак класічнай музыкі і лепшых прадстаўнікоў новага пакалення выканаўцаў. У гэтым годзе — у адзінаццаты раз.


Музычны баль пачнуць сёння вечарам у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі сусветна знакаміты італьянскі скрыпач Сяргей Крылоў і вядомы беларускі піяніст Расціслаў Крымер, ён жа мастацкі кіраўнік фестывалю. Менавіта Расціслаў Крымер, ураджэнец Брэста, які цяпер жыве ў Германіі і выступае па ўсім свеце, быў ініцыятарам правядзення фестывалю Юрыя Башмета ў Мінску. Тады яму вельмі хацелася, каб у роднай краіне з`явіўся сапраўдны класічны музычны форум сусветнага ўзроўню. Сёння такі ёсць, і ён выдатна сябе зарэкамендаваў. Пра яго ведаюць у розных краінах і на запрашэнне завітаць на яго адгукаюцца лепшыя музыканты сучаснасці.

Сяргей Крылоў — з гэтага ліку. Калісьці сам Мсціслаў Растраповіч, які не раз выступаў з ім як дырыжор, сказаў пра свайго тады яшчэ маладога калегу, што ён уваходзіць у пяцёрку лепшых скрыпачоў свету.

Расціслаў Крымер і Сяргей Крылоў даўно і паспяхова супрацоўнічаюць, канцэртуюць па розных краінах. У Мінску славуты камерны дуэт упершыню прадставіць праграму «Масква — Вена», з якой музыканты выступалі на сцэне най-   старэйшага опернага тэатра свету — фларэнтыйскай «Перголы». У праграме — глыбокі, філасофскі Шастаковіч і лёгкія салонныя п`есы аўстрыйца Фрыца Крайслера.


За адзін вечар 1 кастрычніка адразу два канцэрты ў адной праграме прапануе сусветна вядомы піяніст, народны артыст Расіі Мікалай Луганскі. Гэтага музыканта называюць адным з самых «рамантычных герояў» сучаснай фартэпіяннай ігры. «Піяніст усёпаглынальнай чуллівасці, які вылучае наперад не сябе, а музыку», — так ахарактарызавала выканальніцкае мастацтва Луганскага аўтарытэтная газета The Daily Telegraph. У суправаджэнні нашага Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра ён выканае Трэці фартэпіянны канцэрт Сяргея Пракоф`ева і Рапсодыю на тэму Паганіні Сяргея Рахманінава. Прычым мінчане пачуюць гэтыя творы першымі і толькі пасля — публіка ў Маскве, Вене, Берліне і Афінах.

Да нас едзе Валянцін Сільвестраў! Народны артыст Украіны, знакаміты кампазітар з плеяды «шасцідзясятнікаў-авангардыстаў», чые творы вядомыя па ўсім свеце, стане ганаровым госцем сёлетняга фестывалю. У Мінску маэстра ніколі не быў, і з вялікай сцэны тут яго музыка не гучала. Дзве прэм`еры твораў жывога класіка авангарда 5 кастрычніка выканаюць народны артыст Расіі піяніст Аляксей Любімаў і наш Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр. Яшчэ адной падзеяй гэтага вечара стане прэм`ера аркестравай п`есы маладога беларускага кампазітара Сяргея Бадалава, напісанай спецыяльна да фестывалю. Прэзентацыя нашай сучаснай класічнай музыкі — адна з добрых традыцый форума.

«Эти глаза напротив», «Что-то случилось», «Льет ли теплый дождь…» — 6 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі фестываль прадстаўляе песні з рэпертуару Валерыя Абадзінскага, яны прагучаць у выкананні нашых вядомых эстрадных артыстаў. Музычнае суправаджэнне — Прэзідэнцкі аркестр пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна.

Вялікім сюрпрызам абяцае стаць фестывальны вечар 7 кастрычніка. Пра тое, што будзе адбывацца ў Белдзяржфілармоніі, цяжка нават меркаваць. Бо на сцэне сыдуцца East-West Chamber Orchestra — унікальны калектыў салістаў, складзены з лепшых музыкантаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, дырыжор і піяніст Расціслаў Крымер, салістка з Германіі Вівіан Хагнер са скрыпкай Страдывары, і наша славутая гімнастка Меліціна Станюта. Такі вось мікс выканаўцаў. Плюс — нябачна разам з імі вялікі Моцарт, гучаць будзе выключна яго музыка.

У канцэртнай зале «Верхні горад» вядомы скрыпач Андрэс Мустанен з Эстоніі і яго арт-джаз квартэт прадставяць 9 кастрычніка джазавыя апрацоўкі класікі. Наступным днём тут будзе панаваць музыка Моцарта, Шуберта, Бетховена, Брамса ў выкананні неаднаразовых лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, нямецкіх скрыпачоў Нікласа Ліепэ і Алісы Маргуліс, расійскага віяланчэліста Аляксандра Бузлова.

Канцэрт лаўрэатаў прэміі «Грэмі» народнага артыста СССР і Расіі Юрыя Башмета і камернага ансамбля «Салісты Масквы» ўрачыста закрые фестываль. 

Сёлета калектыў адзначае сваё 25-годдзе вялікім сусветным турнэ, спецыяльная праграма называецца «Музычнае падарожжа». Падрабязнасці выступлення 11 кастрычніка трымаюцца ў сакрэце, але ўжо вядома, што на сцэне філармоніі маэстра Башмет будзе не толькі дырыжыраваць, пачуем і яго сола.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Автор фото: Виталий ПИВОВАРЧИК
Загрузка...
Новости