Чем заманила деревня горожанина Олега Вишневского?

Алег Вішнеўскі: «Сэрцам адчуваю перспектыву родных Крынак»

Дванаццаць гадоў таму выпускнік зоатэхнічнага аддзялення Лужаснянскага дзяржагракаледжа Алег ВІШНЕЎСКІ ўзначаліў зоатэхнічную службу ў лёзненскім КУСП «Крынкі». Вырас юнак у Віцебску. Звычайна канікулы бавіў у бабулі, якая і зараз жыве ў Крынках. З малых гадоў хлопчыка вабіла сялянскае жыццё. Рана навучыўся трымаць у руках касу, сякеру і іншыя вясковыя прылады працы. Дапамагаў даглядаць калгасных коней, любіў бываць ля кароў і цялят на ферме. А калі настаў час вызначацца з прафесіяй, цвёрда вырашыў стаць заатэхнікам.

Маладому спецыялісту няпроста было наводзіць парадак на жывёлагадоўчых фермах. Па асноўных вытворчых паказчыках гаспадарка замыкала раённыя зводкі. Цяжка даваўся кожны крок да паляпшэння спраў. Паступова сталі павышацца надоі малака, адпаведна, і заробкі жывёлаводаў. Працу малады заатэхнік спалучаў з завочнай вучобай на зоаінжынерным факультэце Белдзяржветакадэміі. Скончыў Алег Віктаравіч і эканамічны факультэт Белдзяржсельгасакадэміі. Чатыры гады таму ўзначаліў далёка не паспяховае сельгаспрадпрыемства.


ПОМНІЦЦА першая сустрэча з дваццацігадовым Алегам Вішнеўскім. Было гэта, калі ён пачынаў працаваць галоўным заатэхнікам. Віцебскія сябры здзіўляліся яго выбару: прамяняць гарадское жыццё на вёску. Няма чаго граху таіць: у горадзе лепш заробкі, да таго ж больш лёгкія. Выхадныя заўжды гарантаваны, і правесці іх ёсць дзе. Але гэтыя спакусы не паўплывалі на жыццёвы выбар юнака. Пасля атрымання дыплома заатэхніка рашуча адправіўся ў вёску. Больш за ўсіх радавалася прыезду яго ў Крынкі аўдавелая бабуля Надзея Мікалаеўна. На яе вачах падрастаў унучок. Цешылася, калі хлопчык у час летніх канікул падсабляў малаказборшчыку. Часта ён і сам запрагаў коніка, грузіў бітоны і па падворках збіраў малако. Самастойна вёў улік па кожным здатчыку. Дапамагаў і бабулі: агарод апрацоўваў, калоў дровы, упраўляўся па хатняй гаспадарцы. Надзея Мікалаеўна ведала аб жаданні ўнука пасля вучобы ў кале­джы працаваць на жывёлагадоўчай ферме. Слова сваё стрымаў.

Удваіх весялей стала ў прасторным доме. Прывёз Алег і свой акардэон. Як выдаваўся вольны час, раскрываў футляр — і чароўныя мелодыі змянялі адна другую. На досвітку, каб не будзіць бабулю, ціхенька ўсхопліваўся і спяшаўся на малочна-таварную ферму. І не толькі ў будні, а і ў выхадныя першым з’яўляўся на працы. Даяркі здзіўляліся яго напорыстасці.

У час той нашай размовы ён шчыра прызнаўся, што ў школьныя гады марыў заняцца музыкай. У дзіцячай музычнай школе авалодаў акардэонам. Калі наведваўся да бабулі ў вёску, не цураўся аніякага занятку. Летам разам з бацькам на золку выходзіў на росны луг. У пакосе не адставаў ад старэйшых. Спрытна хадзіў за плугам. Бацькі падтрымлівалі яго імкненне стаць вясковым гаспадаром. На сямейным савеце адобрылі выбар сына паступаць вучыцца на заатэхніка. Прагна засвойваў у Лужаснянскім дзяржагракаледжы азы заатэхніі.

З удзячнасцю ўзгадвае Алег Віктаравіч, як яго, маладога спецыяліста, з цеплынёю і ўвагай сустрэла тагачасны кіраўнік Лёзненскага райсельгасхарча Надзея Бухаловіч. Яна адчула жаданне юнака працаваць. Гэта па ініцыятыве Надзеі Васільеўны ён узначаліў зоатэхнічную службу крынкаўскай гаспадаркі. Звычайна такую пасаду давяраюць выпускнікам вышэйшых навучальных устаноў. Алег Віктаравіч заўзята ўзяўся за справу. З раніцы да позняга вечара знаходзіў сабе занятак на калгасных фермах. Працягваў авалодваць прафесійнымі ведамі на завочным зоаінжынерным факультэце Белдзяржветакадэміі. Калі пасля працоўнага дня вясковая моладзь бавіла вечары ў клубе, ён карпеў над падручнікамі. Не толькі вучэбную праграму засвойваў, але і цікавіўся ўсім новым у селекцыі і вядзенні жывёлагадоўлі. Імкнуўся прымяняць сучасныя тэхналогіі на фермах гаспадаркі. Прынцыповы да сябе, ён і ад падначаленых патрабаваў належную дысцыпліну. Рашуча развітваўся з тымі, каму яго парадак не падабаўся. Былі і такія, хто наракаў: не вытрымае малец у вёсцы, збяжыць на гарадскі асфальт. Справай даказваў адданасць выбранаму шляху.

КАлі Алег Вішнеўскі прыйшоў у гаспадарку, цэнтральная сядзіба — вёска Крынкі — адной з першых у раёне атрымала статус аграгарадка. З дзяржаўнай дапамогай за гады незалежнасці Беларусі тут створана ўся неабходная інфраструктура: дзейнічаюць яслі-сад — сярэдняя школа, Дом культуры, аддзяленне паштовай сувязі, фельчарска-акушэрскі пункт, некалькі магазінаў. Жыхары спадзяюцца, што адкрыецца філіял дзіцячай музычнай школы. Пабудавана больш за тры дзясяткі тыпавых катэджаў, у якіх жывуць сем’і спецыялістаў, механізатараў, жывёлаводаў, педагогаў і медыкаў.

Шэфы з Віцебскага карданажна-паліграфічнага камбіната ўпры-гожылі новую вуліцу чатырма аднакватэрнымі дамамі. У адным з іх справіла наваселле маладая сям’я Алега і Настассі Вішнеўскіх. Дзяўчына пасля заканчэння Смальянскага дзяржагракаледжа прыехала ў Лёзненскі раён працаваць юрыстам. Завочна атрымала вышэйшую юрыдычную адукацыю і працуе юрысконсультам гаспадаркі.

Вяселле Настассі і Алега гулялі ўсім калгасам. Па традыцыі жаніх з сябрамі ездзілі выкупляць нявесту ў суседні Аршанскі раён. На пачатку сямейнага жыцця маладыя на прысядзібным участку пасадзілі свой сад. Кожную восень ён радуе шчодрым ураджаем садавіны. Пад­растае ў сям’і дачушка Маргарыта.

Аграгарадок пастаянна прырастае моладдзю. Калектыў сельгаспрадпрыемства папоўнілі выпускнікі аграфака Белдзяржсельгасакадэміі Яўген Чакан і Лужаснянскага дзярж­агракаледжа Святлана Мініна і Марына Панкевіч. Вакантнай застаецца пасада галоўнага заатэхніка. Заяўка на спецыяліста пададзена ў Белдзяржветакадэмію. Чакаюць у гаспадарцы і выхаванцаў прафтэхліцэяў.

Працуючы намеснікам дырэктара КУСП «Крынкі», Алег Віктаравіч адчуў, што не хапае эканамічных ведаў. Завочна скончыў у Горках эканамічны факультэт. За два атрыманыя ў акадэміях дыпломы ў аграгарадку яго жартам называюць крынкаўскім акадэмікам.

Калі сельгаспрадпрыемства ўзначаліў Алег Вішнеўскі, яно патанала ў даўгах. Нічога не заставалася, як аб’явіць працэдуру банкруцтва. Малады кіраўнік рашуча адверг гэта, і аднадумцы ў калектыве яго падтрымалі. На сходзе вырашылі правесці аптымізацыю, але захаваць гаспадарку. Алег Вішнеўскі перакананы, што галоўнае ў дзейнасці калектыву, каб справа прыносіла карысць як дзяржаве, так і кожнаму працаўніку. Паступова прыметнымі сталі станоўчыя вынікі дзейнасці сельгаспрадпрыемства.

— Выбралі шлях аптымізацыі вытворчага працэсу, — успамінае дырэктар. — З трох дзеючых жывёлагадоўчых ферм менш эфектыўную ў вёсцы Іванькава закрылі. Без змяншэння статка (а ўсяго ў гаспадарцы звыш 800 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх палова — дойныя каровы) пагалоўе размясцілі на малочна-таварных фермах «Крынкі» і «Высачаны». На тры дзясяткі працуючых скараціўся штат абслугоўваючага персаналу. Вытворчасць малака за пяць месяцаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года вырасла на 130 працэнтаў. Заўважна знізіўся яго сабекошт.

Зараз на лугах і сенажацях механізаванае звяно нарыхтоўвае кармы. З першага ўкосу траў закладваюць сілас. Пасля ўсталявання цёплага сонечнага надвор’я пачалі назапашваць сена.

Вядуцца работы і на палях. Нягледзячы на складанасці, звязаныя з ахапіўшай свет пандэміяй каронавіруса, механізатары ў вызначаны тэрмін справіліся з веснавой сяўбой. Збожжавы клін займае звыш 1100 гектараў, 400 — рапс і 240 — кукуруза на сілас. Значныя плошчы адведзены пад шматгадовыя травы, якія складаюць аснову забеспячэння кармамі грамадскага статка. Вядома, што ад правільнай збалансаванасці рацыёну залежыць прадукцыйнасць жывёлы. Гэта ўлічваюць пры падборы насення шматгадовых траў. Пільна кантралююць якасць нарыхтоўкі кармоў. Зараз кожны працоўны дзень Алег Віктаравіч заканчвае ля сіласных траншэй. Механізатарам давяраюць, але не лішне правяраць іх работу.

У гаспадарцы настроены развіваць селекцыйную і племянную работу. Гэта асноўныя нескарыстаныя рэзервы ў жывёлагадоўлі. Менавіта ад рэалізацыі малака ў казну калектыву паступае большая  частка сродкаў. З-за вялікай запазычанасці сельгаспрадпрыемства не падпала пад дзеянне Указа № 70 Прэзідэнта. Але ў калектыве пануе аптымістычны настрой. Як і ў іншых гаспадарках вобласці, тут вядзецца штомесячны кантроль аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі і фінансавага становішча. Дырэктара Алега Вішнеўскага радуюць адчувальныя станоўчыя зрухі.

НА пытанне, што больш усяго яго як кіраўніка хвалюе, ад Алега Віктаравіча пачуў:

— Забяспечанасць працоўнымі рэсурсамі. Цудоўна, што ў сярэдніх школах адноўлены агракласы. Але гэтага мала. Раней старшакласнікі з атэстатам сталасці атрымлівалі пасведчанне механізатара ці жывёлавода. І моладзь папаўняла працоўныя калектывы. У нашай гаспадарцы на два трактары адзін механізатар. Не хапае і жывёлаводаў. Аднаго з сямі выпускнікоў ясляў-сада — сярэдняй школы чакае атрад механізатараў. Дзякуючы больш эфектыўнай рабоце заробкі ў нас павышаюцца. А гэта добры стымул. Як адзначыў у нядаўнім інтэрв’ю «Сельской газете» міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко, менавіта заработная плата настройвае на добрасумленную, высокапрадукцыйную працу. З гэтай мэтай мы і правялі аптымізацыю, каб атрымліваць больш прадукцыі з меншымі затратамі. Крок за крокам адваёўваем станоўчыя пазіцыі. З прыемнасцю адчуваю сваю запатрабаванасць і пераконваюся, што зрабіў верны выбар. Два гады таму аўдавелая маці пераехала із Віцебска ў Крынкі да 93-гадовай бабулі. Калі выдаецца момант, бяру акардэон і цешу іх мелодыямі. Настрою надаюць станоўчыя зрухі на вытворчасці. У раённых зводках набліжаемся да лепшых гаспадарак. Сэрцам адчуваю перспектыву родных Крынак. Ёсць на каго раўняцца ў раёне, вобласці і рэспубліцы.

Фота Фёдара ПАСТАЯЛКІНА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter