Альбо ў Ламашах, альбо нідзе

Такі выбар зрабілі не толькі пераможцы самага першага конкурсу «Уладар сяла», але і яшчэ багата моладзі

Відаць, не памылюся, калі скажу, што адным з самых папулярных маладзёжных праектаў у краіне сёння з’яўляецца сямейны конкурс “Уладар сяла”. Ён праводзіцца паэтапна на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях, ход яго шырока асвятляецца ў прэсе і на тэлебачанні. Але далёка не ўсе, напэўна, ведаюць, што зарадзіўся праект на Глыбоччыне 11 гадоў таму з падачы дырэктара раённага Цэнтра моладзі Марыны Гараповіч і пры самай актыўнай падтрымцы райкама БРСМ. А першым пераможцам такога незвычайнага на той час шоу, якое доўжылася на працягу 8 месяцаў, стала сям’я Віктара і Маргарыты Герасімёнкаў з дзецьмі Яўгенам і Анастасіяй з аграгарадка Ломашы. Герасімёнкі тады ў якасці галоўнага прыза атрымалі катэдж.

Людміла і Пётр ТУМЧОНКІ на сваёй сядзібе.

Нагадаць жа тую ўжо далекаватую, звязаную з Ломашамі падзею падштурхнула фота з раённай газеты “Веснік Глыбоччыны”, на якім старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат уручае дыплом і каштоўны падарунак маладому механізатару ўнітарнага прадпрыемства “Ломашы” Ігару Шынельку за першае месца ў раённым спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў.

Патэлефанаваў з гэтай нагоды дырэктару гаспадаркі Аляксандру Навіцкаму.

— А ў нас усе маладыя такія зухі, — засведчыў ён. — Узяць Васіля Арлова, які адзін засеяў звыш тысячы гектараў азімых. Або Васіля Грыбоўскага, які “прахімічыў” усе пасевы. Ці загадчыцу малочна-таварнай фермы “Карасі” Анжэлу Папко, адкуль амаль усё малако ідзе сортам экстра. Прыязджайце, самі пабачыце.

Ну і як, скажыце, не прыняць такое запрашэнне.

Дырэктар Аляксандр НАВІЦКІ і галоўны заатэхнік Вольга СЕГЕДА прыкідваюць запасы кармоў.

Ломашы за паўсотні кіламетраў ад Глыбокага, на самай мяжы з Полацкім раёнам. Едзеш па шашы Віцебск—Вільнюс і абавязкова звяртаеш увагу на дагледжаныя палі абапал яе, выключную чысціню і парадак. Рука сапраўднага гаспадара бачна ва ўсім.

Аляксандр Навіцкі стаў дырэктарам СУП “Ломашы” крыху больш чатырох гадоў таму, калі гаспадарка ўжо атабарылася на апошнім месцы ў раённай зводцы ці не па ўсіх паказчыках. Прыехаў ён на Глыбоччыну з ААТ “Таргуны” суседняга Докшыцкага раёна, дзе больш дзясятка год адпрацаваў галоўным заатэхнікам і прайшоў цудоўную школу ў добра вядомага ў вобласці і рэспубліцы кіраўніка гаспадаркі Уладзіміра Новікава. Спакваля наладзіў справы. Да прыкладу, сёлета тут нарыхтавалі на ўмоўную галаву жывёлы 31 цэнтнер кармавых адзінак — плюс 7 цэнтнераў да мінулагодняга. Гэта адзін з самых лепшых паказчыкаў у раёне. Атрымалі па 28 цэнтнераў зерня на круг пры сёлетнім надвор’і. Узялі па 24 цэнтнеры з гектара яравога рапсу. Увогуле ж насення рапсу і свірэпіцы намалацілі 322 тоны, рэнтабельнасць 50 працэнтаў. Першымі закончылі жніво і сяўбу азімых.

Аляксандра Навіцкага застаў у канторы. Ён з доляй шкадавання паведаміў, што з маладымі механізатарамі, відаць, сустрэцца не атрымаецца, бо з палёў усё ўбрана, можна і адпачыць. А вось жывёлаводы і работнікі іншых службаў на месцы.

Падаліся на дырэктарскай “Ніве”. І ўсё ж, праязджаючы каля машыннага двара, завярнулі на яго. Тут у роўных радах пастаўленай на захаванне тэхнікі кормаўборачны камбайн КВК-800 выглядае так, нібыта толькі з канвеера.

— Два гады яму, а бачыце — як новы, — канстатуе Навіцкі. — Пасля ўборкі Ігар Шынелька адмыў, адчысціў. Парушынкі нідзе не заўважыце. А вось пасяўны агрэгат, на якім адсеяў азімыя Васіль Арлоў. Дзе яшчэ тая вясна, а хлопец ўжо цярэбіць мяне: “Веньямінавіч, сеялку на рамонт трэба ставіць, запчасткі выпісаць”. — Пасля невялікай паўзы дырэктар дадае: — Калі шчыра, то новай тэхнікі ў нас няма. Энерганасычаным трактарам МТЗ-3022, на якія асноўная нагрузка, па 10 і больш гадоў. Усе на хаду, вытрымалі і гэты нялёгкі сезон. А чаму? Таму, што механізатары за тэхнікай глядзяць. Ведаюць, калі будзе спраўная — будуць і заробкі. На пасяўной, корманарыхтоўцы некаторыя атрымалі ад паўтары да дзвюх і больш тысяч рублёў у месяц.

Тут жа, на машынным двары, была заўважана і нетыповая на сённяшні дзень для сельскай гаспадаркі тэхніка: два магутныя аўтамабілі “Урал”, гусенічны трактар ДТ-75. Аказваецца, на адным “Урале” ўстаноўлена электрастанцыя магутнасцю 380 вольт, што дазваляе падключыць даільную залу, калі здараюцца перабоі з падачай электраэнергіі. Прыгнаў машыны з Гомеля вадзіцель Навіцкага Андрэй Свірко, які два гады таму прышоў з арміі і застаўся на сваёй малой радзіме. Гэту спісаную і некаторую іншую тэхніку (мікрааўтобусы “Газель”), яшчэ ў даволі добрым стане, “Ломашам” падарыў “Белнафтахім”. Праўда, тут не абышлося без Аляксандра Навіцкага, які выхапіў, можна сказаць, гэта багацце з-пад носу сваіх гомельскіх калег.

Аператар фермы “Карасі” Святлана БУЛАХ.

З машыннага двара падаліся далей па зададзенай праграме. Першай на нашым маршруце была маладая сям’я Пятра і Людмілы Тумчонкаў. У дарозе Навіцкі выдаў пра іх невялікую, але ёмістую інфармацыю:

— Яны ў мяне правая і левая рука. Пётр — інжынер па працаёмкіх працэсах. На ім уся механізацыя жывёлагадоўлі: кармленне, паенне, гноевыдаленне. Адзін комплекс амаль паўвекавой даўнасці на паўтыры тысячы галоў маладняку паспрабуй да ладу давесці: і трубы паржавелі, і механізмы адпрацавалі па некалькі тэрмінаў, але дае рады. Да сёлетняга жніва так падрыхтаваў зернесушыльны комплекс, што ніводнай паломкі не здарылася. Таму і камбайны ў полі не стаялі, і дзяржзаказ своечасова выканалі. Людміла — старшы дыспетчар. Выдае пуцёўкі, кантралюе расход паліва, налічвае зарплату. А яшчэ збірае зводку. Дарэчы, цяпер, падчас дэкрэтнага водпуску, яе замяняе сакратар БРСМ гаспадаркі Наталля Пажога.

Дом Тумчонкаў аказаўся ў самым канцы адной з вуліц аграгарадка, насупраць якой густа зелянела азімае поле. “Правая і левая рука” дырэктара толькі што паклалі спаць дачушку, якой усяго два тыдні.

— Як назвалі? — цікаўлюся

— Александрына! У гонар нашага дырэктара, — ці то жартам, ці то ўсур’ёз адказала Людміла.

Гэта трэцяе дзіцё ў маладой сям’і Тумчонкаў. Старэйшай Вікторыі 12 гадоў, сыну Мішу — 8.

Спакваля высвятляецца, што Пётр і Людміла — аднавяскоўцы, з Мацюкова. Разам хадзілі ў дзіцячы садзік, школу. Потым і надалей не захацелі разлучацца надоўга. Пётр закончыў Гарадоцкі сельгастэхнікум і працаваў інжынерам у сельгаскааператыве “1 Мая”, а Людміла пасля Віцебскага кулінарнага тэхнікума — кандытарам у грамадскім харчаванні.

На пытанне, што звязала іх з вёскай, Пётр сказаў:

— Дзяды і бацькі рабілі на зямлі, і мы не адракаемся: старшы брат Сяргей — механізатар у Прошкава, сярэдні Аляксей — вадзіцель у Ветрынскай гаспадарцы. Канечне, работа не надта лёгкая, але ж цікавая.

Заўважаю за домам незакончаную пабудову. Гэта Пётр ладзіць хлеў для жывёлы.

— Вось як закончыш, падорым карову! — каменціруе дырэктар.

— А хто ж будзе даіць? — гляджу з сумненнем на Людмілу.

— Яшчэ не развучылася, — смяецца яна. — У мамы дома было дзве.

Ад Тумчонкаў наш шлях на малочна-таварную ферму “Карасі”, дзе круглы год утрымліваецца 600 кароў і ёсць даільная зала. Самі пабудовы далёка не новыя, перацярпелі рэканструкцыю, якая не вырашыла пакуль што ўсіх праблем. Затое ўсе кармы захоўваюцца ў капітальна ўзведзеных вялікіх траншэях, поўнасцю запоўненых сенажом і сіласам. Тут жа і бялюткія качулкі сенажу, загорнутага ў стрэйч-плёнку. Яго нарыхтавалі сёлета ўпершыню каля паўтары тысячы тон.

На самой ферме ішла адгрузка малака ранішняй дойкі на малакавоз, за гэтым сачыла маладая загадчыца фермы Анжэла Папко. Родам яна з Шаркаўшчынскага раёна. Па прафесіі бухгалтар. Па спецыяльнасці работы не знайшлося, была спачатку лабаранткай і вось ужо 4 гады загадвае фермай. Даволі ўдала. Сёлета, хоць і невялікую, але на 3 працэнты прыбаўку прадукцыі атрымлівае, звыш 90 працэнтаў малака ідзе экстрай. Тут якраз, як сцвярджае дырэктар, дапамагае яе колішняе бухгалтарства: кармы ў рацыён кароў узважыць ці не да грама, дакладна па гадзінах пачне само кармленне і дойку.

Вадзіцель Дзмітрый СТОЦІК і загадчыца фермы “Карасі” Анжэла ПАПКО пры адгрузцы малака на Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат.

Была на ферме і малады галоўны ветурач Ірына Міхайлава. Пра сябе адазвалася залішне сціпла:

— Закончыла Віцебскую ветакадэмію. Узяла накіраванне на работу ў Ломашы. Выйшла замуж. Двое дзетак — шасці і дзевяці гадоў. Работа падабаецца.

І толькі потым даведваюся: яна ўкараняе самае перадавое, што вычытае з літаратуры і пачуе на семінарах. Гэта менавіта яна, Ірына Міхайлава, першай у раёне пачала выпойваць цялят з нараджэння малодзівам праз зонд, што потым стала шырока практыкавацца ў іншых гаспадарках.

Галоўны ветурач Ірына МІХАЙЛАВА.

Аднойчы здзівіла яна і самога Аляксандра Навіцкага сваімі кулінарнымі здольнасцямі, калі на дзень нараджэння спякла торт ледзь не на паўстала.

Пашчасціла пачуць на комплексе і невялікі аповед аб рабоце і жыцці самага маладога аператара Святланы Булах:

— Сама я з вёскі Мацюкова, а муж адсюль. Атрымаў па спадчыне ад бабулі дом у Кульгаях. Там і жывём. У нас двое дзяцей: дачцэ Вікторыі 5 гадоў, а сыну Аляксандру — 3. 5 гадоў была ў дэкрэтным. Па спецыяльнасці я прадавец-касір, але паўгода таму выйшла на комплекс “Карасі” гадаваць цялятак узростам ад двух дзён да месяца. Клопатаў хапае, бо з імі сапраўды патрэбна, як з малымі дзецьмі. Дапамагае муж Дзяніс, які тут робіць слесарам. На работу і з яе падвозяць на мікрааўтобусе. Маю выхадны. Зарплатай задаволена. Калі патрэбна, як і што лепш зрабіць, падкажуць старэйшыя — Надзея Падсаднік, Маргарыта Герасімёнак.

Пачуўшы апошняе прозвішча, удакладняю, ці не тая гэта Герасімёнак, якая некалі стала першым пераможцам конкурсу “Уладар сяла”?

І вось табе маеш — тая самая. У гаспадарцы працуе заатэхнікам. Муж Віктар — работнік кацельні. Дзеці, Анастасія і Яўген, якія тады ўдзельнічалі ў конкурсе, выраслі і маюць ужо сваіх дзетак. Жывуць старшыя Герасімёнкі ў тым жа падораным катэджы ў Ломашах. На зіму забіраюць да сябе састарэлых бацькоў з Віцебска, якім за восемдзесят.

Радуецца Маргарыта, што ў Ломашах, і ў прыватнасці на ферме, шмат моладзі. Называе аператараў машыннага даення Юлю Барысёнак і Аню Крыўко, жывёлавода Інгу Кудуле, ветурача Веру Лях і іншых.

— А ёсць моладзь — будзе жыць і наша вёска! — падводзіць Маргарыта рысу пад размовай.

saulich@sb. by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter