Будни и праздники заместителя министра сельского хозяйства и продовольствия Аллы Ломакиной

Ала Ламакіна, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання: «Маміна вышыўка ўпрыгожвае маю кватэру»

На самых прэстыжных дзелавых сустрэчах і перамовах Мінсельгасхарч часта прадстаўляе намеснік міністра Ала ЛАМАКІНА. У апараце аграрнага ведамства яна працуе амаль трыццаць гадоў. Пачынала вядучым эканамістам галоўнага ўпраўлення эканомікі і прайшла ўсе прыступкі кар’ернага росту. Трэці год курыруе пытанні эканомікі, фінансаў, дзяржаўнай уласнасці і фермерства. Кожны працоўны дзень у яе напружаны.

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня я сустрэўся з Алай Лявонаўнай у яе працоўным кабінеце. Пакой упрыгожвае арыгінальнае пано з надпісам: «Хлеб — усяму галава». На падаконніку красуюцца архідэі. На ўскрайку шырокага стала стос акуратна складзеных папак з дзелавымі дакументамі. З другога боку — камп’ютар.


— Ала Лявонаўна, гэта ў вас заўсёды такі адмысловы парадак?

— Бачылі б вы, як выглядае мой стол, калі ідзе творчы працэс. З міністрам Леанідам Зайцам працуем у звязку. У такія моманты стол завалены рознымі паперамі. Беспамылкова ведаю, адкуль якую дастаць. З боку гэта выглядае мо і няхораша. Але як толькі заканчваю работу, пачынаю разбіраць завалы. Усё раскладаю па палічках. Парадак на стале прыводзіць да парадку думак. Ад непатрэбнага пазбаўляюся. Гадамі выпрацоўваўся ў мяне такі стыль.

— Кажуць, што адна жанчына часам мацней за тысячу мужчын. Ці згодны з гэтым?

— Нас, жанчын, акружаюць цудоўныя мужчыны. Пэўна, трэба мець ад Бога вялікую мудрасць, умець імі кіраваць — і тады ўсё атрымаецца. Ніколі не імкнулася да высокай пасады. Яны знаходзілі мяне. Бог дараваў магчымасць на жыццёвым шляху сустракаць духоўна багатых людзей, ад якіх сама абагачалася.

— А куміры ў вас ёсць?

— Як па Бібліі — ніколі іх не стварала. На розных этапах жыцця фарміраваліся зборныя вобразы людзей, з якімі хацелася быць побач.

— Якой вы бачыце жанчыну-кіраўніка?

— Стрыманай, з халоднай галавой. Каб умела валодаць сабою. Трэба быць заўжды ў належнай форме. Да гэтага імкнуся. Рыхтуюся да кожнай дзелавой сустрэчы. Калі мерапрыемства надзвычай важнае, дзе я прадстаўляю краіну, прадумваю ўсё да драбніц. Бывае, і гардэроб абнаўляю. Жанчына ў любой сітуацыі павінна не забываць пра знешні выгляд. Раніцай, калі збіраюся на працу, адназначна адчуваю сябе жанчынай. Гэта мне прыдае настрой. Працую ў асноўным сярод мужчын. На пасяджэннях урада іх большасць, і ў кожнага столькі дзяржаўных спраў. Камусьці ўсміхнуся, іншаму прыемнае слова скажу. Гэта зніжае нервовае напружанне. Выпрацавала такое правіла для сябе. Але і трымаю свой прафесійны ўзровень. Абавязкаў у мяне як намесніка міністра шмат. Адказваю за стратэгію развіцця АПК, есць і пытанні міжнародных зносін. Узначальваю групу па частцы дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі па ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Гэта важная сфера дзейнасці. Пастаянна адкрываю ў сабе новыя магчымасці ў тэхніцы дзелавых перамоў. Мастацтва дыпламатыі — ва ўменні адстойваць свае прынцыпы і не патанаць у стандартных падыходах.

— У кар’еры вы ўзняліся на вышыню. Мо ўжо і не варта выкладвацца да самага донца, а жыць больш спакойна?

— На гэтай пасадзе склаўшы рукі сядзець немагчыма. Мой кожны працоўны дзень загружаны справамі. Адзінае, што няма стрэсавага стану. Цяпер, калі ёсць магчымасць крыху знізіць градус напружання, выкарыстоўваю гэта. Раней не магла расслабіцца нават у выхадныя. Прыходзіла на работу і нешта дапрацоўвала. Звычка засталася.

— Вы сябе можаце назваць удалым чалавекам?

— Так, у жыцці я рэалізавалася. Можа, не ва ўсіх сферах, дзе хацела. У юнацкіх марах уяўляла іншыя накірункі сваёй будучыні. Мне пашчасціла атрымаць сярэднюю адукацыю ў педагогаў-прафесіяналаў. У нашым класе горацкай сярэдняй школы № 4 вучыліся дзеці супрацоўнікаў сельгасакадэміі. Ніхто не фанабэрыўся сваімі бацькамі-вучонымі. На тры выпускныя класы было 13 медалістаў. Заслуга ў гэтым настаўнікаў. Хіба можна забыць любімую настаўніцу матэматыкі Ганну Іванаўну Малахаву! Французскую мову выкладалі выпускнікі сталічнага інстытута. На ўроках развучвалі французскія песні, слухалі аўдыёзапісы. Мне лёгка давалася руская мова. Магла не ведаць правіла, але пры напісанні інтуітыўна не памылялася. Ад бацькі Лявона Іосіфавіча Сцешыца, які сямнаццаць гадоў быў дэканам бухфака ў сельгасакадэміі, пераняла адчуванне мовы. У яго быў багаты слоўнікавы запас, ён граматна пісаў.

— Школа паўплывала на выбар прафесіі?

— У нас былі магчымасці па патэнцыяле выбіраць. Пасля прачытання шматлікіх дэтэктываў загарэлася жаданнем стаць юрыстам. Доўга з гэтай думкай жыла. Мяне і дзвюх малодшых сясцёр мама Марыя Іванаўна з дзяцінства прывучала да рукадзелля. Яна выкладала ў сельгасакадэміі бухгалтарскі ўлік і знаходзіла час для любімага занятку. Ад яе захапілася мадэліраваннем адзення. Падабалася прыдумваць розныя фасоны. Вобразна стварала мадэлі, а намаляваць не атрымлівалася. Фантазія перавышала здольнасці. Калі не стала мамы, адшукала яе цудоўныя вышыўкі. Яна сваімі рукамі стварыла іх у апошнія гады жыцця. Вялікую па памерах вышыўку, над якой працавала амаль год, мама падарыла мне на 50-годдзе. Там рамантычны пейзаж: частка прыгожага дома, патанаючага ў пярэстых кветках і пышнай зеляніне. Гэта часцінка душэўнага цяпла роднага чалавека ўпрыгожвае маю кватэру. Ад мамы перадалося адчуванне прыгажосці. Марыла пра прафесію мадэльера. Бацька астудзіў рамантычны пыл. Ён лічыў, што прафесія павінна быць прагматычнай. Потым я так выхоўвала свайго сына Дзмітрыя. Яшчэ ад бацькі мне дасталося ўменне пераадольваць цяжкасці і крочыць далей, жыць на карысць людзям. Бацька вырас у сялянскай сям’і, дзе было 9 дзяцей. Па начах з ліхтарыкам чытаў кнігі. Абутку на ўсіх не хапала. Старэйшая сястра мела чаравічкі і давала яму абуваць у школу. Сялянскі сын стаў кандыдатам навук. Ён да апошніх дзён жыцця гарэў справай. Мне даспадобы такі стыль. Сярэднюю школу закончыла з медалём і пасля здачы на выдатна ўступнага экзамена была залічана ў студэнты сельгасакадэміі. Пасля заканчэння першага курса перавялася ў сталічны інстытут народнай гаспадаркі. Хацелася без уплыву бацькоў вучыцца.

— Ала Лявонаўна, ваша юнацтва прайшло ў Горках. Амаль сорак гадоў жывяце ў сталіцы. Цягне на малую радзіму?

— З гадамі ўсё больш вабяць родныя мясціны. Калі бацькоў не стала, прыйшло адчуванне пустаты. У нас знаёмыя часта пыталіся, ці прадалі бацькоўскую кватэру? У галаву не прыходзіла такая думка. Маме паабяцалі, што будзем там праводзіць вольны час. Кватэра ў нас вялікая — пяціпакаёвая, так што месца ўсім стае.

— Сваім жыццём вы пабудавалі ў душы храм.

— Храм важны для кожнага чалавека. Калі адпявалі бацьку, ад святара пачула, што чалавек з Богам не тады, калі ідзе ў царкву і моліцца, а павінен быць з ім заўсёды і не паказушна. Мы ўстаём раніцай і просім: «Госпадзі, дапамажы дзень перажыць». Гэта ж прамое звяртанне да Усявышняга. Я так і жыву. Храм наведваю, калі душа туды кліча. І лічу, што маю такое права.

— Жывяце больш розумам ці сэрцам?

— Імкнуся з розумам жыць і сэрца слухаць. Інакш немагчыма. Чалавек не павінен бяздумна штосьці рабіць.

— Запамінальныя моманты вашага жыцця?

— Калі атрымала прапанову на пасаду намесніка міністра. Надта вагалася. Раілася з маці. Яна розумам адчувала, што гэта справа па мне. Ведала маю надзвычайную адказнасць і настойвала на пазітыўным прыняцці рашэння. Але разам з тым і хвалявалася.

Запомніўся момант жыцця, калі займала пасаду галоўнага эканаміста — намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення эканомікі. Трэба было даказаць свае здольнасці. Многія не маглі змірыцца, што я нібыта чорт з табакеркі апярэдзіла іншых. Мае начальнікі ў адзін момант сталі падначаленымі. Тытанічнай працай не аднаго дня адстойвала прафесіяналізм, каб дабіцца павагі ў калег.

— Вы кіраўнік жорсткіх прынцыпаў ці не?

— Быць жорсткім — гэта не значыць быць надта грубым. Жорсткасць дзеля таго, каб панавала дысцыпліна. Калі што каму даручаю і ў чалавека нешта не атрымліваецца, імкнуся дапамагчы. Але патрабую выканання ў тэрмін.

— У міністэрстве вы — важны кіраўнік, а дома хто галоўны?

— Канечне, муж Алег. Уступаю пальму першынства яму. Так выхавана. Ды і не маю магчымасці напоўніцу займацца хатняй гаспадаркай. Увесь дабрабыт маёй сям’і — заслуга мужа. Ён грунтоўны і надзейны гаспадар. Майму бацьку кашулі прасавала маці. Неяк я паспрабавала папрасаваць мужу кашулю, а яму не спадабалася. Цяпер гэта — яго зянятак. Улічваючы маю вялікую занятасць на працы, у нас побыт не з’яўляецца прэрагатывай кагосьці. Калі выпадае вольная хвіліна, то і я ўвіхаюся па хатняй гаспадарцы.

— Хто з вас лепшы кухар?

— На кухні я гаспадыня. Ад маці так павялося. Калі прыязджаю ў госці да сястры Іны ў Італію, дзе яна замужам, гатую беларускія стравы. Яе муж Масіма ўплятае іх толькі так. А іх дачушка Соф’я не ўяўляла жыцця без летніх канікул у бабулі і дзядулі ў Горках. Яна вельмі любіць Беларусь. Цудоўна размаўляе на нашай мове.

— Ала Лявонаўна, вясна для вас — гэта…

— …лепш, чым лета. Кожную вясну прыходзіць адчуванне, што наперадзе шмат цёплых сонечных дзён, перспектыва летняга адпачынку.

— Дзе любіце праводзіць яго?

— Калі сын быў маленькі, то адпраўляліся на мора. Цяпер з мужам любім павандраваць па Еўропе. Па доўгу службы даводзілася бываць у многіх краінах свету. Кожная з іх асаблівая. Пасля ваяжу ў Вашынгтон зрабіла выснову, што нельга параўноўваць Амерыку і Еўропу. Амерыка мяне ўразіла найперш сваім камфортам для жыцця. А сонечная Італія пакарыла прыгажосцю, багатай культурнай спадчынай. Італьянцы па духу нам блізкія. Адкрыла Кітай зусім іншым, чым раней уяўляла. Надта ўразіў мегаполіс Шанхай. Адправіла мужу CМС: «Шанхай — космас». Здзівіла кітайская кухня.

— А ў традыцыйнай нашай кухні якой страве аддаяце перавагу?

— Люблю простую ежу. Як казала маці, ужываю ўсё, што расце ў нас: салаты, гародніну, садавіну. Люблю малочныя стравы.

— Жыццё няспынна нясе нас на хвалях часу. Ці ахоплівае жаданне вярнуцца ў летуценныя маладыя гады?

— Вярнуцца назад, памяняць што-небудзь у жыцці — мне грэх. Калі ў думках вяртаюся ў дзяцінства, толькі дзеля таго, каб узгадаць светлыя моманты. Ні ў чым не мела патрэбы. У Горках працавалі розныя дзіцячыя гурткі. Мы мелі магчымасць развівацца па ўсіх накірунках. Было абсалютна паўнацэннае жыццё. Мой сын, дзяцінства якога прайшло ў сталіцы, не меў такіх магчымасцей з-за таго, што вялікі горад і значныя адлегласці, каб куды пайсці чым-небудзь займацца. У Горках усё побач і даступна. У думках часта вяртаюся ў тыя шчаслівыя часы дзіцячай бесклапотнасці.

— У дзіцячыя гады вы, пэўна, бывалі ў сваіх вясковых бабуль. Якой запомнілася беларуская вёска другой паловы мінулага стагоддзя?

— Звычайна летам мяне і малодшых сястрычак Іну і Таццяну адпраўлялі да маміных бацькоў. Днямі лёталі па патанаючай у зеляніне палескай вёсцы Паніжжа. Помніцца жоўты пясочак на шырокай вуліцы. Абутак не насілі. Нам даручалі дробную працу па гаспадарцы. І пры гэтым мы былі абсалютна свабоднымі ў дзеяннях. Кожны з унукаў меў пэўныя абавязкі: мылі падлогу, наводзілі парадак у бабулінай хаце, дапамагалі ў агародзе. Увесь час былі нечым занятыя.

Вёска запомнілася шматлюддзем і прыгожай палескай гаворкай. У кожным сялянскім доме кіпела жыццё. Многія сем’і былі вялікія. Працавалі ўсе разам на калгасным полі, у лузе. Такой выглядала палеская вёска паўвека таму. Зараз жыццё ў ёй затухае. Побач колішні цэнтр калгаса — вёска Радчыцк. Там я бываю ў стрыечнага брата Анатоля Шуркалы. Працуе ён вадзіцелем у СВК «Фядорскі». Пабудаваў прасторны мураваны дом. Сям’я дружная, працавітая. Дыхтоўныя дамы і ў іншых вяскоўцаў. На кожным падворку жыўнасць. Ім можна ўдзельнічаць у вядомым конкурсе «Уладар вёскі».

Мой брат сваімі рукамі зладзіў розныя ўпрыгажэнні для дома і падворка. У яго ўсюды ідэальная чысціня і парадак. Для гадоўлі трусоў збудаваў арыгінальныя клеткі. Пазітыўнае ўражанне ад вёскі, жыхары якой працуюць на жывёлагадоўчым комплексе. Па суседстве сучасны аграгарадок Фядоры — цэнтральная сядзіба слыннай гаспадаркі. Менавіта за такімі сельгаспрадпрыемствамі будучае.

У рэспубліцы створана амаль паўтары тысячы аграгарадкоў. Мадэрнізаваны ўсе вытворчыя комплексы. Задзейнічаны значныя дзяржаўныя інвестыцыі ў сельскую гаспадарку. Перыяд вялікіх уліванняў сродкаў закончаны. Варта запусціць механізм фінансавай устойлівасці — важная задача, над якой працуем. Каб рэалізаваць задуманае, неабходны вялікія намаганні і перабудова псіхалогіі людзей на месцах. Аснова сацыяльнай прыгажосці ў будучым — устойлівая вясковая тэрыторыя, у цэнтры якой стабільная сельгасвытворчасць. Ад гэтага нікуды не падзенемся. Арыенцір на буйную таварную вытворчасць і фермерства. Зараз фермеры рэспублікі даюць 3 працэнты валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Гэта мала. Трэба значна больш. Ствараем ўмовы, каб фермерства больш шырока развівалася. Важна, каб мясцовыя органы ўлады хутчэй выдзялялі зямлю новым гаспадарам. Хочам гэты механізм запусціць, нарматыўна ўрэгуляваны актуальныя пытанні. Засталося толькі праз псіхалогію мясцовых улад усё прапусціць. Каб яны паварочваліся да фермераў тварам. Заканадаўчыя дакументы ёсць, а практычна не заўсёды рэалізуюцца. Паспрабуем палегчыць падатковую нагрузку для сямейных гаспадарак. Імкнёмся ўсё зрабіць, каб даць справе глыток свежага паветра.

— Такімі клопатамі напоўнены вашы будні. Але для душы ёсць і святы. Якое з іх самае любімае?

— Люблю, калі ўсёй сям’ёй збіраемся разам. Тады для мяне сапраўднае свята. Звычайна гэта прыпадае на Каляды. Сэрца грэе ўспамін, як перабраліся ў новую кватэру і да нас прыехала з Горак мама. Сын у той вечар не пайшоў да сяброў у кампанію, а застаўся з намі. Так утульна было. Усе родныя, блізкія, дарагія сэрцу. Запомніўся той цудоўны вечар.

На 8 Сакавіка звычайна абменьваюся тэлефоннымі званкамі з роднымі, сяброўкамі. Сын звычайна ў гэта вясновае свята прыносіў абярэмак прыгожых кветак, падобных на архідэі. Зараз ен з сям’ёю жыве ў Расіі. Па тэлефоне павіншуе са святам.

— А якія кветкі любіце?

— Люблю архідэі. Вунь як прыгожа красуюцца на падаконніку. А сярод нашых кветак найбольш прыносяць настрой вясной нарцысы і ўвосень хрызантэмы. Прыгажосць іх кранае сэрца. Цюльпаны прыдаюць радасць. Вельмі люблю водар нарцысаў — як сімвал вясны, адчуванне свежасці.

Няхай жа такім прыгожым, як вясновыя кветкі, будзе ўсё наша жыццё!

— Дзякуй вам, Ала Лявонаўна, за шчырую размову. З Міжнародным жаночым днём вас!

subbat50@mail.ru

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter