Алімпійцаў «куюць» у Глыбокім

ЯК ВЯДОМА, першы медаль для нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь на ХХХ Алімпійскіх гульнях 2012 года ў Лондане прынесла глыбачанка Марына ШКЕРМАНКОВА. Даючы інтэрв’ю шматлікім прадстаўнікам прэсы з розных краін свету, яна абавязкова ўпамінала, што самыя першыя і важкія крокі ў спорт зрабіла ў родным Глыбокім, у спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе, дзе трэнерам быў Сяргей Катовіч.

Раённая СДЗЮШ уносіць каштоўны ўклад у здароўе падрастаючага пакалення і вырошчвае чэмпіёнаў

ЯК ВЯДОМА, першы медаль для нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь на ХХХ Алімпійскіх гульнях 2012 года ў Лондане прынесла глыбачанка Марына ШКЕРМАНКОВА. Даючы інтэрв’ю шматлікім прадстаўнікам прэсы з розных краін свету, яна абавязкова ўпамінала, што самыя першыя і важкія крокі ў спорт зрабіла ў родным Глыбокім, у спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе, дзе трэнерам быў Сяргей Катовіч.

— Я заўважыў Марыну ў СШ № 2 горада і запрасіў у нашу школу, — прыгадвае першы трэнер бронзавай медалісткі Алімпійскіх гульняў. — Яна была быстрая, шустрая і яўна пераўзыходзіла аднагодкаў. Напрыклад, мячык у свае трынаццаць год кідала на 58 метраў. Гэта ў два разы далей, чым некаторыя іншыя дзеці.

Па вуліцы Камуністычнай у Глыбокім, дзе жывуць бацькі Марыны, Іван і Святлана Шкерманковы, ёсць пакой дачкі. Там на сцяне сярод шыкоўных дыпломаў за перамогі на юнацкіх і маладзёжных чэмпіянатах Еўропы і свету выдзяляюцца сціплыя, трохі пажаўцелыя ад часу граматы Глыбоцкай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы.

Глыбоцкая СДЗЮШ дала пуцёўку ў вялікі спорт не адной Марыне Шкерманковай. На чэмпіянаце свету па грэка-рымскай барацьбе выступалі Віталь Мацкевіч і Міхаіл Грудзінскі, па лёгкай атлетыцы — заслужаны майстар спорту Андрэй Шалонька, у турнірах па валейболу — Вадзім Міцько і Андрэй Мыслівец.

Школа мае чатыры аддзяленні: барацьбы грэка-рымскай, валейболу, лёгкай атлетыкі, футболу. Першае заснаваў яшчэ 35 год таму назад заслужаны майстар спорту Аляксандр Кузняцоў. Ён выхаваў не адну плеяду чэмпіёнаў. Сёння справу працягвае яго вучань  Віктар Бартко.

Заявілі пра сябе і валейбалісты. Артур Удрыс трывала замацаваўся ў нацыянальнай камандзе зборнай краіны. Трэнер Іван Дубіна, які выхаваў іграка такога высокага класа, цяпер — галоўны настаўнік каманды майстроў Салігорска. Але не здала пазіцый яго пераемніца Вольга Семяндзяк. Адразу тры яе выхаванцы — Артур Сабыніч, Максім Шымко і Раман Фурс — сёлета выступалі за зборную вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Самае масавае аддзяленне — лёгкай атлетыкі. Тут займаецца 45 дзяцей. Яшчэ нядаўна выхаванцы трэнера Алега Аўдзеенкі — Ігар Жалткевіч і Дзяніс Пятрага — уваходзілі ў нацыянальную зборную Рэспублікі Беларусь.

Чвэрць веку плённа працуе ў СДЗЮШ тандэм у складзе яе дырэктара Уладзіміра Букі і яго намесніка па выхаваўчай рабоце Марыі Каляды.

— У школу набіраюцца дзеці з 9 год, — паведаміла Марыя Каляда. — Выявіць, а потым і выхаваць будучых зорак — справа даволі складаная. Для гэтага СДЗЮШ падтрымлівае самыя цесныя сувязі з педагогамі фізкультуры адукацыйных школ раёна. Яскравы прыклад такога “дыялога” — сельская Кіраўская сярэдняя школа. Выкладчык фізкультуры гэтай установы Анатоль Ільюшчанкаў дэлегаваў на заняткі ў СДЗЮШ сясцёр-двайнятак Іну і Ірыну Зубрыцкіх, Юлію Клёва, Кацярыну Скачко і іншых. Усяго — 10 чалавек. Вучаніца Кіраўскай СШ Надзя Стрыёнак прыняла сёлета ўдзел у рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў. Для вучняў сельскіх школ, якія займаюцца ў спартыўных секцыях, СДЗЮШ набывае праязныя білеты.

Апошнія два гады трэніровачны працэс у СДЗЮШ даводзілася праводзіць у даволі складаных умовах. Будынак школы з-за аварыйнага стану зачынілі на рэканструкцыю. Даводзілася арэндаваць памяшканні для заняткаў у арганізацыях і на прадпрыемствах. Але вось сёлета, у канцы вясны, будаўнікі здалі адміністратыўны будынак школы са спартыўна-гульнявой залай. Гэта, па сутнасці, быў новы аб’ект. Бо давялося мяняць не толькі падлогу і дах, але ўмацоўваць фундамент, сцены. Выкарыстоўваючы сучасныя матэрыялы і тэхналогіі, абсталёўваць памяшканні. На ўсё пайшло 15 мільярдаў рублёў з рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў.

— Але, — падкрэсліў старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, — гэтыя сродкі — самы каштоўны ўклад у здароўе падрастаючага пакалення!

І будзем верыць, што яшчэ не адзін прадстаўнік Глыбоччыны падымецца на алімпійскі п’едэстал.

НА ЗДЫМКАХ: спаборніцтвы ў Глыбоцкай спартыўна-гульнявой зале СДЗЮШ; будынак спартыўна-гульнявой залы СДЗЮШ алімпійскага рэзерву.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

P.S. Калі рыхтаваўся матэрыял да друку, у Глыбоцкую СДЗЮШ прыйшло паведамленне, што яе выхаванец Андрэй Салавей будзе выступаць на чэмпіянаце свету па грэка-рымскай барацьбе ў Сербіі ў другой палове жніўня.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter