Акунуцца ў раку сяброўскую

Пяты год адбываецца вялікае купальскае свята на Шклоўшчыне

Александрыя зноў збірае сяброў. Пяты год запар адбываецца вялікае купальскае свята на Шклоўшчыне. Хто быў там аднойчы, заўсёды вяртаецца зноў. І справа не ў прысмаках і напоях, якімі гасцінна частуюць гаспадары. Вабяць атмасфера, нечаканыя сустрэчы. Дык чым жа сёлета парадуе гэты фестываль?

Саламяныя капелюшы, вышываныя сарочкі, драўляныя кубкі… Куды ж народнае свята без вырабаў мясцовых майстроў? Будуць яны і сёлета. Але ж нездарма свята называецца «Александрыя збірае сяброў». У гэтым годзе на Магілёўшчыну з’едуцца не толькі суседзі з іншых абласцей Беларусі, але і новыя знаёмыя з Украіны і Расіі. У адным месцы збяруцца тры кірмашы: Александрыйскі, Сарочынскі і Ніжагародскі.

Свята не абмяжуецца выставай і продажам вырабаў замежных майстроў. Яны — гэта толькі частка шматлікіх дэлегацый. Асноўную ж складуць творчыя калектывы, якія падрыхтавалі свой «адказ» удзельнікам праграмы «Александрыя гасцінна вітае сяброў». Таксама ў рамках форуму — тэатралізаваная прэзентацыя «Беларуская бульба», канцэрт удзельнікаў праекта «Жывіце ў радасці», выступленні салістаў Магілёўскай абласной філармоніі. Будзе і маладзёжная дыскатэка.

Гала-канцэрт — гэта заўсёды яркая падзея свята. Сёлета на сцэну галоўнай пляцоўкі пад дэвізам «Днепр — рака сяброўства» выйдуць некалькі доўгачаканых гасцей, адзін з іх — Сяргей Ваўчкоў, пераможца расійскага тэлепраекта «Голас». Ураджэнец Быхаўшчыны праспявае для сваіх землякоў і для гасцей фестывалю. Расію прадставяць Надзея Бабкіна з ансамблем «Руская песня», артысты цэнтра імя Г. Завалокіна «Грай, гармонік», выканаўцы сучаснай музыкі. Ад Украіны — удзельніца «Еўрабачання-2009» Анастасія Прыходзька. Беларусь жа прапануе цэлае суквецце з лепшых талентаў зямлі сваёй: Мікалай Скорыкаў, Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Іскуі Абалян, Дзяржаўны ансамбль «Песняры», «Харошкі» і іншыя. Словам, ёсць нагода завітаць у Александрыю 5-га і 6 ліпеня.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter