Актывісты, спартсмены, выдатнікі

Па традыцыі старт рэспубліканскай навагодняй акцыі «Нашы дзеці» на Магілёўшчыне даў кадэцкі баль
Па традыцыі старт рэспубліканскай навагодняй акцыі «Нашы дзеці» на Магілёўшчыне даў кадэцкі баль. Вальс і кадрыль у выкананні курсантаў і дзяўчат з гімназіі-каледжа мастацтваў і ліцэя № 2 парадавалі шматлікіх гасцей. Дарэчы, і яны прыйшлі на свята не з пустымі рукамі.  Міністр спорту і турызму рэспублікі Аляксандр Шамко прэзентаваў вучылішчу спартыўную форму і абмун-дзіраванне, а намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка ад імя абласной улады ўручыў ключы ад новага кабінета фізікі і сучасную электронную дошку.

Супрацоўнікі фінансавай міліцыі і КДК Магілёўскай вобласці зладзілі для Міцкевічаў сапраўднае навагодняе свята.


«Новы год заўсёды абяцае цуды. І не толькі дзецям, але і дарослым, — адзначыла Святлана Міцкевіч, мама-выхавальнік дзіцячага дома сямейнага тыпу з вёскі Межнік Шклоўскага раёна. — Нам іх вось ужо чацвёрты год запар дораць супрацоўнікі фінансавай міліцыі вобласці і Камітэта дзяржкантролю Магілёўшчыны. Дзеці з нецярпеннем чакаюць іх прыезду, сваімі рукамі робяць падарункі». Адзінаццаць гадоў таму Святлана і Барыс Міцкевічы ўзялі на выхаванне пятнаццаць дзяцей са складаным лёсам. Многія ўжо выраслі, і сёння названых бацькоў радуюць дзевяць рабят. «Большасць з іх — спартсмены, выдатнікі вучобы, актывісты», — з гордасцю пералічыла дасягненні сваіх дзяцей гаспадыня дома.


Тэлевізар, які Міцкевічы атрымалі ад кантралёраў вобласці, — рэч для сям’і вельмі патрэбная. Тым больш будучы год таксама абяцае быць насычаным на добрыя падзеі. У аграгарадку Александрыя для вялікай сям’і будуецца новы дом — больш кампактны і ўтульны. Наваселле, удакладнілі Святлана і Барыс, разам cа сваімі выхаванцамі яны могуць адзначыць ужо напрыканцы вясны.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter