Акцябрскі чакае «Берагіню»

Культурны марафон, які ладзіцца з 1998 года, пройдзе ў рэспубліцы ўжо ў шосты раз.

“Эксклюзіў у цэнтры Еўропы” — так гучыць неафіцыйная назва фестывалю, які нарадзіўся дзякуючы жывой аўтэнтычнай культуры беларусаў

Культурны марафон, які ладзіцца з 1998 года, пройдзе ў рэспубліцы ўжо ў шосты раз.

— “Берагіня” дынамічна развіваецца, — сцвярджае Мікалай Козенка, навуковы і мастацкі кіраўнік рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва. — З кожным новым крокам фестываль уключае ў свае імпрэзы новыя віды і жанры матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны і прыцягвае да сябе ўсё больш моладзі. Яе далучэнне да гісторыка-культурных каранёў сваёй Бацькаўшчыны — адна з самых галоўных мэтаў “Берагіні”.

Дарэчы, у фестывалі прымаюць удзел дзіцячыя і маладзёжныя фальклорныя калектывы і аўтэнтычныя групы з усіх абласцей Беларусі і ўпершыню — з горада Мінска. Завітаюць і замежныя госці з Латвіі, Малдовы, Украіны, Польшчы і Расіі. Усяго Акцябрскі чакае на свята не менш 700 чалавек.

— На “Берагіні” заўсёды жывуць дзействы, святы, як гэта было ў народнай культуры. Фестываль — месца жыцця адвечнай песні, танца, карагода, твораў вуснай народнай прозы, скокаў, гульняў (асабліва абрадавых і прымеркаваных да абрадаў), якія характэрны для пэўнага рэгіёна Беларусі альбо вёскі, — распавядае Мікалай Козенка.

Асноўнымі мерапрыемствамі фестывалю стане Рэспубліканскі конкурс танцавальных пар — выканаўцаў народных побытавых танцаў — і Рэспубліканскі турнір дзіцячых фальклорных калектываў. Кульмінацыя свята — “Рудабельскае Купалле”. Адбудзецца і “круглы стол” на тэму “Традыцыйная культура і сучаснасць: школа, дзеці, будучыня”, дзе эксперты абмяркуюць праблему этнавыхавання ў Беларусі.

Акцябрскі чакае “Берагіню” з 24 па 27 чэрвеня.

Таццяна УСКОВА, “БН”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter