Акцыі ёсць. А дзе дывідэнды?

Дарэчы, гэтай працэдуры не пазбеглі не толькі многія перапрацоўшчыкі сельгаспрадукцыі і вытворцы прадуктаў харчавання, але і сельгаспрадпрыемствы. Сотні з іх па выніках работы за той ці іншы год, і гэты не будзе выключэннем, маюць прыбыткі. Па існуючых статутах акцыянерныя таварыствы частку прыбытковых грошай маюць права выдаваць людзям у якасці дывідэндаў на акцыі. Але ці многа такіх фактаў вы ўзгадаеце? Я, ва ўсялякім разе, не ведаю...

Пытанне вельмі актуальнае ў святле апошніх падзей на кандытарскіх фабрыках краіны, якія ў свой час акцыянаваліся

Дарэчы, гэтай працэдуры не пазбеглі не толькі многія перапрацоўшчыкі сельгаспрадукцыі і вытворцы прадуктаў харчавання, але і сельгаспрадпрыемствы. Сотні з іх па выніках работы за той ці іншы год, і гэты не будзе выключэннем, маюць прыбыткі. Па існуючых статутах акцыянерныя таварыствы частку прыбытковых грошай маюць права выдаваць людзям у якасці дывідэндаў на акцыі. Але ці многа такіх фактаў вы ўзгадаеце? Я, ва ўсялякім разе, не ведаю...

Неяк мне давялося працаваць на перапрацоўчым прадпрыемстве. Калі туды ўладкаваўся, акцыяніраванне ўжо адбылося, таму на акцыі я не мог разлічваць. Вялікай бяды з гэтага рабіць не стаў па той простай прычыне, што завод быў банкрутам. Пра якія дывідэнды магла ісці гаворка?! Хаця людзі, якія дзясяткі гадоў тут прапрацавалі, пастаянна тэлефанавалі:

— Дзе нашы грошы?

Кіраўнікам прадпрыемства і акцыянернага таварыства, у сваю чаргу, даводзілася апраўдвацца, пакуль іх не павыганялі. Мяркую, такая «карціна» і сёння мае месца ў многіх калектывах.

Даследуючы пытанне, я прыйшоў да высновы, што гэты на першы погляд перспектыўны накірунак, які павінен садзейнічаць актывізацыі людзей на прыбытковую працу, не спрацоўвае. І іх роля ў паляпшэнні эканомікі тых жа сельгаспрадпрыемстваў з дапамогай акцый зведзена да нуля. Чаму? Расказвае адзін з кіраўнікоў сельгаспрадпрыемства:

— Акцыяніраванне гаспадаркі праводзілася ў той час, калі я тут не працаваў. Большасць акцый дасталася тым, хто сёння альбо на заслужаным адпачынку, альбо перад выхадам на яго. У працэсе вытворчасці прадукцыі іх удзел ці ніякі наогул, ці мінімальны. І наадварот, тыя, хто дзень і ноч працуюць, асабліва моладзь, акцый альбо не маюць, альбо лічаныя. Калі пачаць выплачваць дывідэнды, ім мала што дастанецца. А гэта пагражае стабілізацыі абстаноўкі ў калектыве. Калі зрабіць эмісію акцый і надзяліць імі гэту катэгорыю працаўнікоў, упадзе кошт існуючых. Дывідэнды акажуцца смехатворнымі. Між тым, калі ёсць прыбыткі, дывідэды абавязаны плаціць. Каб не плаціць, множу затраты і зніжаю прыбыткі. Не хвалюйцеся, ніякіх махінацый пры гэтым не раблю, альбо купляю новую тэхніку, альбо будую вытворчыя памяшканні, жыллё, і такім чынам умацоўваю вытворчую базу сельгаспрадпрыемства.

Гэты кіраўнік знайшоў выйсце з няпростай сітуацыі. Але ж праблема тым не менш застаецца. І яна здаецца мне не такой малазначнай, як некаторыя думаюць.

З цягам часу на прыбытковы ўзровень работы выйдуць усе без выключэння прадпрыемствы, бо інакш згінуць. І пытанне выплаты дывідэндаў у акцыянерных таварыствах набудзе агульнанацыянальны характар. І трэба на гэта не заплюшчваць вочы, а рабіць захады да прывядзення ўсяго ў адпаведнасць са статутамі. Інакш вопыт кіраўскага «Рассвета», тых же кандытарскіх фабрык, не самы лепшы вопыт, стане нормай жыцця. А гэтага дапускаць ніяк нельга. На маю думку, гэта пытанне павінна быць адным з першых у разглядзе дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь новага склікання.

Пятро КАВУНОЎ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter