Акцэнт на карысную працу

На парадку дня трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі
Як вядома, па рашэнні другога Форуму рэгіёнаў, які прайшоў летась у Сочы, гэтая сустрэча прысвечана супрацоўніцтву ў сацыяльнай сферы, новым задачам і перспектывам. На Форуме ў Мінску гэтая тэма будзе абмяркоўвацца на агульным, пленарным пасяджэнні. Затым дыскусія працягнецца на адной з дзевяці секцый. У цэлым жа кола вызначаных для абмеркавання задач значна шырэйшае, хоць большасць з іх так ці інакш замыкаюцца на сацыяльным баку супрацоўніцтва.


На другім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Сочы

— Беларусь і Расія надаюць вялікае значэнне форумам рэгіёнаў, — падкрэсліў намеснік старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Юрый Вараб’ёў па выніках пасяджэння аргкамітэта. — І штораз мы канкрэтызуем тэму сустрэчы. Цяпер гэта сацыяльныя пытанні, хоць не забываем пра аграрныя і прамысловыя. А ад гэтай тэматыкі мы пераходзім да канкрэтных пытанняў уладкавання жыцця нашых народаў і краін. Гэта дае магчымасць бачыць важнейшыя пункты судотыку ў далейшым, найбольш важныя працэсы супрацоўніцтва. У гэтым асаблівасць цяперашняга трэцяга Форуму.

Несумненна, сацыяльныя аспекты выразна прасочваюцца і ў рабоце аграпрамысловага комплексу, сістэм адукацыі і аховы здароўя, у маладзёжнай палітыцы, індустрыі адпачынку і турызму, рабоце СМІ. Нездарма кожнаму з гэтых напрамкаў на Форуме будзе прысвечана работа спецыялізаванай секцыі. Нельга не згадаць, што ў гэтыя ж дні ў Беларусі пройдзе этап маладзёжнай Спартакіяды Саюзнай дзяржавы. Але разам з тым будуць разгледжаны і даволі вузкія аспекты супрацоўніцтва ў прамысловасці, навуцы, аграрным сектары. Абмен досведам і абмеркаванне перспектыў супрацоўніцтва вырашана правесці непасрэдна ў арганізацыях і на прадпрыемствах, дзе вядзецца сумесная работа. Напрыклад, у Нацыянальнай акадэміі навук, Інстытуце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, у адной з гарадскіх клінічных бальніц.

Супрацоўніцтва ў эканоміцы не адышло на другі план па цалкам зразумелай прычыне — яно з’яўляецца базісам сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы. Прапанова прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, якія ўдзельнічалі, як вядома, у рабоце Форуму ў Сочы, працягнуць дзелавыя кантакты знайшло поўнае разуменне. Ужо, дарэчы, пацвердзілі свой удзел у сустрэчы кіраўнікі больш як 30 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Пасля завяршэння асноўных мерапрыемстваў Форуму яны раз’едуцца па абласцях і раёнах Беларусі, каб на месцы ацаніць магчымасці супрацоўніцтва.

Відавочна, нямала іх з’явіцца і падчас міжнароднай выставы “Белагра”, дзе расіяне — традыцыйна самыя шматлікія госці. Як і пры правядзенні першага Форуму рэгіёнаў у Мінску ў 2014 годзе, абодва мерапрыемствы праходзяць у адзінай звязцы. Але гэтым разам вырашана аграрную выставу перанесці з прыгараднай гаспадаркі на лётнае поле аэрапорта “Мінск-1”, размешчанага практычна ў цэнтры Мінска.

Прымеркавана да Форуму і яшчэ адна маштабная сустрэча — у беларускай сталіцы пройдуць Дні Масквы. І там тэма эканамічнага супрацоўніцтва будзе адной з прыярытэтных.

Усяго ж, як чакаецца, на Форум прыедзе не менш за 200 прадстаўнікоў расійскіх рэгіёнаў, прыкладна 150 удзельнікаў прыбудуць з усіх абласцей Беларусі і Мінска. Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Русецкі бачыць у выніках Форуму вялікі патэнцыял:

— Вышэйшы Дзяржаўны Савет зацвердзіў прыярытэтныя мэты і задачы развіцця Саюзнай дзяржавы. У тым ліку абазначаны задачы стварэння агульнай тэхналагічнай, міграцыйнай прасторы, узгодненых дзеянняў у галіне аховы здароўя ды іншых напрамкаў — культуры, навуцы, адукацыі. І наш Форум накіраваны на развіццё праекта Саюзнай дзяржавы, яго сацыяльных, гуманітарных, эканамічных асноў.

Уладзімір Міхайлаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?