Аксана Вечар: «У глыбінцы дакранаешся да сапраўднага, істотнага і грунтоўнага…»

Яе героі — фальклорныя калектывы, носьбіты аўтэнтычнай культуры. Штотыднёва разам з вядучай праекта Аксанай ВЕЧАР, якая распавядае не толькі пра ансамблі, што захавалі ў вёсках песенную спадчыну, мы кіруем ў падарожжа па Беларусі, даведваемся пра гісторыю і знакамітых людзей тых мясцін, адкуль ідуць здымкі, любуемся на маляўнічыя краявіды, даведваемся пра абрады і народныя рамёствы. Апошнія выпускі вяліся з Валожынскага, Акцябрскага, Расонскага раёнаў. Дарэчы, праект «Наперад у мінулае» з 1 ліпеня пераехаў з тэлеканала «Беларусь 2» на «Беларусь 3».

ПРАГРАМА «Наперад у мінулае» пераносіць нас у беларускую глыбінку

Яе героі — фальклорныя калектывы, носьбіты аўтэнтычнай культуры. Штотыднёва разам з вядучай праекта Аксанай ВЕЧАР, якая распавядае не толькі пра ансамблі, што захавалі ў вёсках песенную спадчыну, мы кіруем ў падарожжа па Беларусі, даведваемся пра гісторыю і знакамітых людзей тых мясцін, адкуль ідуць здымкі, любуемся на маляўнічыя краявіды, даведваемся пра абрады і народныя рамёствы. Апошнія выпускі вяліся з Валожынскага, Акцябрскага, Расонскага раёнаў. Дарэчы, праект «Наперад у мінулае» з 1 ліпеня пераехаў з тэлеканала «Беларусь 2» на «Беларусь 3».

— Аксана, як змяняўся праект з моманту выхаду ў эфір, са студзеня 2012-га?

— Спачатку да нашых жанчынак мы вазілі з сабою зорак эстрады, і для вяскоўцаў гэта было сапраўднае свята. Пазней для артыстаў перапрацоўвалася песня, якую яны выконвалі ў фінале праграмы...

— Хто з вядомых артыстаў пабываў з вамі у рэгіёнах?

— Прасцей сказаць, хто не пабываў. Што тычыцца пап-зорак, то з намі вандравалі: Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Анатоль Ярмоленка і Алеся, Жанэт, Вянера, абодва Хлястовы...

— А «Песняры»?

— Вось яны — не ездзілі. Мы не ведаем, што новага могуць зрабіць «Песняры». І ці будзе гэта цікава? І наколькі? Калі, да прыкладу, кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры» Слава Шарапаў звернецца да нас і скажа, што ім цікава паехаць з намі, то мы іх возьмем з задавальненнем. Дарэчы, у нас была размова з Валерам Дайнэка з «Беларускіх Песняроў». Ён шчыра адказаў: таксама так шмат працаваў у гэтым жанры, што не ведае, ці можна яшчэ нешта новае зрабіць…

А, напрыклад, як узяць Алега Хаменка і яго групу «Палац»? Што ён будзе рабіць у нашым праекце? Ён застанецца Хаменкам. Калі мы бяром Ганну Шаркунову, яна ў нас будзе зусім іншая, таму што падобных песень да гэтага часу не спявала. Таму нам цікава з артыстамі, якія з фальклорам мала працавалі. Нам патрэбен нейкі эксперымент.

— Дык усё ж, што змянілася ў праекце?

— Мы адмовілся вазіць з сабой артыстаў. Таму што калі раней ездзілі па Мінскай вобласці, ім неяк можна было выехаць з намі. А зараз мы пашырылі геаграфію здымак. Зразумела: чым далей ад’ехаў ад Мінска, тым больш знойдзеш цікавага. Таму артысты цяпер прыходзяць толькі ў студыю гуказапісу, дзе ім паказваем матэрыял, які ўзялі ў вёсках. Яны яго пераглядаюць і паралельна каментуюць. Гэтыя моманты паказваем у праграме, і ствараецца ўражанне, што артысты прысутнічаюць на месцы здымак разам з намі.

А другі вядучы праекту — Юрый Вашчук — болей не ездзіць у вёскі. Мы падзялілі сферы дзейнасці. Я займаюся выключна фальклорнымі калектывамі і выканаўцамі, а Юра працуе ў студыі.

— Якія рэгіёны ахапілі? Дзе больш спадабалася?

— Пабывалі ва ўсіх абласцях. Больш за ўсё прыйшлася да спадобы Любань. Мы там частыя госці. Наведаліся ўжо трэці раз. Па-першае, там сапраўдная песенная скарбніца. Па-другое, там жыве знакаміты збіральнік фальклору Сяргей Выскварка. Калі мы яму кажам, што праз два-тры гады на Любаншчыне не будзе чаго здымаць, ён пярэчыць: «Я па Любанскім раёне езджу пятнаццаць гадоў і кожны раз знаходжу нешта новае». Там вельмі цікавыя калектывы, фальклор. І, самае галоўнае, ёсць людзі, якім цікава аўтэнтычная культура. Сяргея Выскварку ведае ўся Беларусь. Ён знаходзіць агульную мову з любой бабуляй, нават сам з’яўляецца распаўсюджвальнікам фальклору — у адным месцы запісвае новую песню, едзе ў другое і там яе аддае спевакам. Да таго ж на Любаншчыне ў сферы культуры працуе Васіль Каткавец, які таксама апантаны сваёй справай.

Вельмі цікава наведвацца ў Жыткавічы і Тураў, Полацкі раён. Шмат куды. У Жыткавічах адна бабулька ўспамінала: «Лучанок з Мулявіным да нас прыехалі і яшчэ там нейкага хлопца прывязлі, таго, што «Волагду» спяваў. Дык мы яму кажам: «Ты нам «Волагду» заспявай, тады і мы табе будзем нешта выконваць. І ён нам «Волагду» зацягнуў. І так прыгожа, так падобна на тое, як па тэлевізары выконваў…»

— Аксана, мінулы раз, калі мы размаўлялі, вы казалі, што паедзеце ў Мір, дзе нарадзіліся…

— Не атрымалася. Ехаць дзеля запісу аднаго калектыву не варта. Таму лепш знайсці два-тры раёны, якія знаходзяцца побач, каб у кожным хаця б па аднаму аўтэнтычнаму калектыву запісаць. Дарэчы, мы здымаем і самадзейнасць, калі ў іх ёсць цікавыя песні, якіх мы раней не чулі.

— Пасля Любані калі адправіцеся зноў у дарогу і куды?

— У адной паездцы здымаем адразу некалькі праграм «Наперад у мінулае». Нядаўна былі ў Ганцавічах, Івянцы. У наступны раз адправімся ў дарогу толькі ў кастрычніку. Дарэчы, у Івянцы большасць песень нам выконвалі на польскай мове, якой, натуральна, не ўсе нашы артысты валодаюць. Але адну песню ўсё ж наспявалі на роднай мове, на ёй мы і спыніліся.

— Аксана, хто  глядач праграмы «Наперад у мінулае»? Ці цікавіцца ёй моладзь?

— Калі прыязджаем у любы раён, дзе нават да гэтага не былі, заўсёды чуем: «О, нарэшце! Вы для нас самыя жаданыя госці, мы вас доўга чакалі!» Адчуваецца, што ёсць сапраўды глядач у праграмы. А ў сацыяльных сетках адпісваюцца больш маладыя людзі, якія таксама ўдзячныя за праект. Гэта вельмі прыемна.

— Узрост вашай аўдыторыі самы розны?

— Так. Колькі людзей цікавяцца сваёй спадчынай, прыкладна столькі ў нас і гледачоў. І яшчэ людзі, якія жывуць у вёсках. Яны чакаюць нашага прыезду, бо мы часта ездзім па вёсках, якія выміраюць. Там мала што адбываецца, таму кожны наш прыезд — гэта для іх свята… Калі збіраліся ехаць у Любань, каб не губляць часу, вырашылі заехаць у Слуцкі раён. Там нам сказалі: «Ёсць у нас тры бабуські. Яны ўжо такія старэнькія! Вы іх здыміце, можаце не паказваць нідзе, проста для архіву, для памяці»… Як тут адмовіць?

— Аксана, можа ўспомніце самую цікавую сустрэчу, асабліва каштоўную?

— У нас такіх шмат. Першая сустрэча была з двумя цудоўнымі бабулькамі ў Валожынскім раёне. Адна з іх слоў не ведала, а другая кепска чула. З імі было складана, але мы іх запомнілі на ўсё жыццё. Не таму, што здымалі першую праграму, а таму, што вясковыя людзі настолькі адкрытыя, цудоўныя. Ці ўзяць бабулю Еву ў Акцябрскім раёне. Яна ні ў якіх калектывах не ўдзельнічае, проста з маленства спявае сабе і спявае. Жыве адна. Усё расказала пра сваё маленства, дзявоцтва. Яна ставілася да мяне, як да роднага дзіцяці. Уражваюць такія адносіны.

Ці ўзяць бабульку з Полацкага раёна. Яна выконвае песню, а потым пытаецца: «Ну як? Ці не блага? Ці не горш за іншых людзей, што былі ў праграме?» І мы разумеем, што для яе гэта настолькі важна! Пасля проста цяжка рабіць дрэнную праграму (смяецца).

— Што б яшчэ хацелася ў гэтым праекце зрабіць?

— Больш зняць, больш запісаць, таму што першакрыніцы выходзяць з жыцця, і гэта вельмі сумна. Калі мы сутыкнуліся з народнай песняй, то зразумелі, наколькі гэта цікава і важна. Таму б хацелася зрабіць болей запісаў. Для нас, насамрэч, ёсць азарт запісаць такую песню, каб яна гучала па-іншаму, каб мелодыя была незвыячайная, каб болей ніхто да гэтага яе не чуў. І сапраўды, мы шмат такіх песень запісвалі. Шкада, што не заўсёды нашыя густы супадаюць з густамі артыста, які па ўмовах праекта выбірае песню, якую ён будзе спяваць. І шкада, што многа цікавых песень імі не выконваецца. Мы іх спрабуем укідваць у Інтэрнэт…

— Вось мы кажам, што спяваюць у вёсках бабулі. А мужчыны?

— Іх вельмі мала. З тых людзей, што мы здымалі, іх можа толькі пяць адсоткаў. Не жывуць мужчыны доўга ў нас. А калі і ёсць доўгажыхары, то не заўсёды яны імкнуцца спяваць.

— А ці спяваюць разам з бабулямі ўнукі?

— Бывае. І маладыя кабеты. І дзіцячыя калектывы, якія таксама ездзяць у экспедыцыі па вёсках да носьбітаў фальклору, праслухоўваюць песні, запісваюць іх і пасля выконваюць. І дзеці спяваюць і абрадавыя, і побытавыя песні. Падобны выдатны калектыў мы запісалі ў Акцябрскім раёне…

— Аксана, што асабіста вам дае гэты праект?

— Для мяне гэта такое натхненне! Калі вырываешся за межы горада, адчуванні такія выдатныя, што не выказаць словамі. Таму што ты дакранаешся да чагосьці такога сапраўднага, істотнага і грунтоўнага. Гэта заўсёды нейкае адкрыццё.

НА ЗДЫМКУ: Аксана ВЕЧАР – вядучая і Анатоль ВЕЧАР – рэжысёр праекта «Наперад у мінулае».

Вера ГНИЛОЗУБ, «БН»     

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter