Народнаму артысту Беларусі Міхаілу Дрынеўскаму — 75

Акрылены народнай песняй

Народнаму артысту Беларусі Міхаілу Дрынеўскаму — 75.

Юбілей маэстра сустрэў на сцэне, у дзень свайго нараджэння — 12 лютага, разам з Нацыянальным акадэмічным народным хорам імя Г.І.Цітовіча, якім кіруе ўжо больш за 40 гадоў.

Са святам вядомага музыканта павіншаваў Прэзідэнт.



З вогненнай вёскі


Чацвёрты сын у сям’і Паўла і Евы Дрынеўскіх нарадзіўся за чатыры месяцы да пачатку вайны. 

— Расказвалі, перад адыходам на фронт бацька ўзяў на рукi мяне i брата Валодзю (яму на два гады больш), двое старэйшых — Дзiма i Коля — iшлi самi, i праводзiў нас з мацi з вёскі да лесу. Тры гады яна там з чатырма малымi дзецьмi хавалася. Страшна нават падумаць, як было тое вытрымаць, перажыць... Але ўратавалiся, — успамінае Міхаіл Паўлавіч. 

Пасля заканчэння вайны вярнуўся дадому бацька. Пачалi пацiху абжывацца. А праз колькi часу ў сям’i з’явіўся яшчэ адзiн сын, Грыша.

Дарэчы, вёска Тонеж колiшняга Тураўскага, а цяпер Лельчыцкага раёна, дзе нарадзіўся будучы музыкант, мае «вогненны» ваенны лёс. У 1943-м, у студзені, якраз на Каляды, немцы спалілі 261 яе жыхара — дзяцей, старых, жанчын. 

Не абышла трагедыя i радню Дрынеўскiх.

Несур’ёзны занятак


Усе пяцёра братоў спявалi, ігралi, танцавалi, яшчэ і спаборнічалі іншы раз, хто лепш. Музыка ў доме Дрынеўскіх гучала часта. Быў тут акардэончык, трафейны, прывезены бацькам губны гармонiк і зроблены ім з валовай скуры — каб мацней — бубен. Гаспадар вялікай сям’і любіў ладзіць у хаце музычныя вечары. Але прафесiю музыканта, пра якую марыў сын Міхаіл, доўга не прызнаваў. Па вясковых мерках несур’ёзны занятак. Кпіў з хлопца, маўляў, будзеш пасля па вёсках хадзіць ды жабраваць. Як жартуе на гэты конт Міхаіл Паўлавіч, было ў бацькі пяцёра сыноў: чатыры разумныя — трое медыкаў і інжынер, а адзін — музыкант. Гэта ён пра сябе. Толькі яго музыка зацягнула. 

А бацька з выбарам сына згадзіўся хіба пасля таго, як той прыехаў у вёску і паведаміў, што стаў прафесарам. Хаця і тады ўпотай пасмейваўся, здзіўляўся, што музыкантам такія званні даюць.

Тонежскі талент


Будучую прафесiю дырыжора Мiхаiл Дрынеўскi пачаў асвойваць рана. У 13 гадоў ужо кiраваў хорам у роднай вёсцы. Блiжэй да 10-га класа пад кiраўнiцтвам юнага талента былi адразу два харавыя калектывы — калгасны i школьны. Прычым абодва мелi поспех, слава пра iх грымела па раёне і за яго межамі. Спявалi ў Тонежы сапраўды хораша ўсе: i моладзь, i дарослыя, нягледзячы на цяжкую сялянскую працу, песні тут гучалi з вечара да ранку. З лёгкай рукi паэта Адама Русака гэтую палескую вёску нават празвалi салаўiным берагам.

Адтуль пасля 7-га класа супраць бацькавай волi і падаўся Міхаіл Дрынеўскі ў музычнае вучылiшча ў Гомелi. Паступiў на баян, але ненадоўга. Iнтэрнат не далi, жыць не было дзе i не было за што. Пагараваў ды забраў дакументы, вярнуўся дадому. Зноў паступаў, ужо як скончыў дзесяцігодку, у 1959-м, i на iншую спецыяльнасць — «харавое дырыжыраванне».

Навука з нуля


З вучобай у будучага маэстра заладзілася не адразу. Сярод навучэнцаў ён адзін аказаўся зусім непадрыхтаваным — у музычную школу не хадзіў, спяваў i iграў выдатна, але на слых, нот не ведаў. Навука з нуля была складанай. Але прыродны талент узяў сваё — хлопец засвойваў веды, як кажуць, з лёту. Праз колькi часу на ўроках сальфеджыа ўсе ўжо імкнуліся сесцi бліжэй да яго, каб спiсаць нотную дыктоўку. А на апошнім курсе яшчэ і дваіх адстаючых «прычапілі», каб падцягваў.

У гады вучобы ў кансерваторыi Дрынеўскі стаў наогул даволi вядомым студэнтам. Капэла Палаца культуры трактарнага завода, з якой ён працаваў, мела ўсесаюзнае прызнанне сярод аматарскiх калектываў, была спадарожнiцай Дзяржаўнай акадэмiчнай харавой капэлы БССР, якой кiраваў народны артыст СССР Рыгор Шырма, i выступала з ёй у самых адказных канцэртах. 

Творчы сынок


Як жа сталася, што акадэмiчную музыку пераважыла народная? Ды проста маэстра Шырму апярэдзiў не менш праслаўлены Генадзь Цiтовiч, кіраўнік Дзяржаўнага народнага хору БССР. У 1968 годзе ён запрасiў падаючага надзеі выпускнiка кансерваторыi працаваць хормайстрам у свой калектыў.

Дрынеўскі пагадзіўся не без разваг, бо на той час цалкам быў захоплены акадэмiчнай музыкай, пра народную нават не думаў. Але рашыўся, і яна хутка ўзяла над ім верх, застаўся з ёй назаўсёды. Ды так, відаць, і павінна было быць — сам жа з вёскі, з пявучага краю, нарадзіўся і вырас сярод народных мелодый. 

Між іншым, абодва мэтры вельмі цёпла ставіліся да свайго абранніка і гаварылі пра гэта адкрыта. Рыгор Раманавiч называў сынком, а Генадзь Iванавiч — творчым сынком, бо «выдаў замуж» за Дрынеўскага сваю «дачку», сваё любiмае дзецiшча — хор. Абодвух гэтых вялікіх музыкантаў Міхаіл Паўлавіч і дасюль ўспамінае з удзячнасцю і павагай.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter