75 гадоў таму беларусы зноў пачалі жыць у адной краіне

Акно ў Еўропу адкрывалася ў Негарэлым

17 верасня 1939 года Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю тагачаснай Польшчы. Вызваленне нашых земляў, а таксама заходнеўкраінскіх, адрэзаных несправядлівай Рыжскай дамовай, адбылося даволі хутка. Тады гэта была значная падзея, якую ў календары пазначылі чырвоным колерам. Праўда, пазней свята 17 верасня адмянілі, каб не псаваць адносінаў з польскімі таварышамі. Сёння на падзеі 75-гадовай даўнасці існуюць розныя погляды. Тым больш цікавымі падаюцца сведчанні тагачасных жыхароў Заходняй Беларусі.

europa2.png


У аграгарадку Дзераўная Стаўбцоўскага раёна ёсць вуліца ў гонар Леапольда Ваньковіча — савецкага актывіста, першага старшыні сельсавета, створанага пасля ўз’яднання. У родных мясцінах жывуць яго нашчадкі. Праўнучка Настасся Ваньковіч у школе займаецца краязнаўствам. Яна ведае, што гісторыкам не трэба прыдумваць ніякіх страшылак наконт жыцця «за панскім часам». Варта пагартаць тагачасныя газеты і часопісы. Друк (не бальшавіцкі) паведамляў пра голад у заходнеўкраінскіх і заходнебеларускіх вёсках у 1937 і 1938 гадах. Фізічнае знясіленне сялян даходзіла да такой ступені, што пасля касьбы мужчыны страчвалі прытомнасць. Вельмі многія хварэлі на сухоты. Да 17 верасня 1939 года Заходняя Беларусь па ўзроўні прамысловай вытворчасці не дасягнула і 1913 года. Замест 127 фабрык да ўз’яднання напрыканцы 1940-га ў заходніх абласцях БССР ужо дзейнічала 392 прамысловыя прадпрыемствы з колькасцю рабочых 20 чалавек і больш кожнае. На іх працавалі звыш 40 тысяч чалавек. 

Стаўбцоўскі раён тады, можна сказаць, быў акном у Еўропу. Паміж дзвюма сусветнымі войнамі чыгуначная станцыя Негарэлае, канчатковы пункт экспрэса з Парыжа, была нанесена на ўсе геаграфічныя карты свету. Памежныя перагоны мелі дзве каляіны — расійскую і еўрапейскую. Польскія цягнікі рухаліся праз мяжу да Негарэлага, назад вярталіся паражняком, савецкія ж, з пасажырамі і грузамі, ішлі да польскай станцыі Стоўбцы. На савецкім баку пасажыраў прымаў шырокакалейны кур’ерскі цягнік Негарэлае — Уладзівасток. У зваротным кірунку прыбываў экспрэс Маньчжурыя — Стоўбцы. Дзякуючы перасадцы на гэтых дзвюх станцыях пабывала шмат вядомых людзей: дыпламатаў і палітыкаў, мастакоў і пісьменнікаў. Некаторыя пасажыры кур’ерскіх экспрэсаў пакінулі ўспаміны пра праезд тагачаснай савецка-польскай мяжы, якая раздзяліла Беларусь на дзве часткі. 

Савецкі інжынер Ула- дзімір Нікіцін, якому даводзілася неаднойчы ездзіць у камандзіроўкі на Захад, занатаваў, як на мяжы палякі праводзілі агляд асабістых рэчаў: «Адзін з жандараў папрасіў адкрыць чамадан, у якім у мяне ляжала змена бялізны, начныя туфлі, загорнутыя ў газету, і томік вершаў Пушкіна, набыты мною на вакзале ў Негарэлым. Жандар узяў Пушкіна і сказаў на рускай мове, што выкрывала яго ранейшае рускае падданства:

— Кніжку я канфіскую. Правоз камуністычнай літаратуры ў Польшчу забаронены!» 

europa.pngЗрэшты, Уладзімір Маякоўскі таксама не раз наракаў польскім мытнікам на празмерную строгасць іх правілаў, калі тыя не прапускалі праз мяжу яго ўласныя кнігі, на вокладках якіх лёгка чыталася імя аўтара. 

У дзераўной жыве і ўнучка былой тутэйшай пані Уршулі Даўгапол — Соф’я Іосіфаўна Варатынцава, якая працавала настаўніцай, а цяпер у школе вядзе аб’яднанне па інтарэсах «Спадчына». Ёй ёсць што прыгадаць. Пані  Францішкава, як раней па імені мужа звалі Уршулю, пасля смерці сына прыняла да сябе са шматдзетнай сям’і маці Соф’і Іосіфаўны і лічыла яе сваёй дачкой, а Зоську —  унучкай. І тым дапамагла мясцовым сялянам, якія ледзьве зводзілі канцы з канцамі.

Па-настаўніцку дакладна запісала Соф’я Варатынцава ўспаміны сваіх аднавяскоўцаў аб падзеях 17 верасня. Усіх ужо няма ў жывых, а ўражанні засталіся. 

...Раніцай 17 верасня ў хату ўбег збялелы бацька Яніны Пячынскай і сказаў жонцы хутчэй браць дзяцей і бегчы ў суседнія Круговіны, бо паны паўцякалі, а ў вёску ідзе Чырвоная Армія. Але пасля паўдня галава сям’і сам прыйшоў забраць жонку, маўляў, нічога страшнага няма. Дзяцей жа на нейкі час пакінулі ў Круговінах. На ўсялякі выпадак. Ды такога выпадка не надарылася. Новая ўлада ўсталявалася без асаблівых узрушэнняў. Прывыкшыя працаваць ад цямна да цямна, вяскоўцы тут жылі не голадна. І старшынёй сельсавета абралі не бедняка, а па нашых мерках бізнесмена — Леапольда Ваньковіча, які сам з сям’і ўрача, трымаў у вёсцы краму.

Палітруком у сельсавеце быў Пётр Валодзька. Выкладаць у школе пачалі па-беларуску, а першымі настаўнікамі роднай мовы сталі Іосіф Эдуардавіч Свяхоўскі і яго жонка. Леапольд Антонавіч, якога фашысты расстралялі на вачах сям’і, меў семярых дзяцей. Адзін з яго сыноў Раман стаў вядомым на ўсю Беларусь як выдатны бульбавод. Яго звяно ў мясцовым калгасе «Чырвоная зорка» ў 70-я гады збірала больш за 300 цэнтнераў з гектара бульбы. У 1973-м Ваньковічу прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы, пасля ўручаны імянны трактар, на якім Раман Леапольдавіч працаваў да выхаду на пенсію. Насця — менавіта ўнучка Героя Сацпрацы, праўнучка першага старшыні сельсавета і прапраўнучка земскага ўрача.

У адным родзе спрэсавана польска-савецкае мінулае аграгарадка Дзераўная. Такіх сем’яў тут назбіраецца нямала. І для іх 17 верасня — дзень, напоўнены асаблівым сэнсам.

Алена КЛІМОВІЧ, «СГ»
klimovich@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter