В Минске прошел VI Белорусский космический конгресс

Ахвота да палёту

На VI Беларускі касмічны кангрэс сабраліся вядучыя спецыялісты касмічнай галіны
Якія б актуальныя праблемы ні абмяркоўвалі на сваіх канферэнцыях навукоўцы, дыскусія, як правіла, не выклікае грамадскага рэзанансу па-за межамі прафесійнага кола. «Птушыная» мова, на якой там размаўляюць, вузкаспецыяльная тэма — усё гэта не для шырокай публікі. Але ёсць адзін навуковы форум, які нязменна аказваецца ў фокусе цікавасці. Гэта Беларускі касмічны кангрэс. 

На VI Беларускі касмічны кангрэс сабраліся вядучыя спецыялісты касмічнай галіны


На ім, праўда, зразумелых для непадрыхтаванага розуму прамоў таксама шмат не бывае. Але прыцягвае прадмет размовы. Бо, як заўважыў наш зямляк касманаўт Пётр Клімук, адказваючы на пытанне аб тым, навошта невялікай краіне падобныя даследаванні, «космас — гэта пытанне жыцця». Ён вабіць амаль інстынктыўна. І ў яго халодныя далі чалавецтва абавязкова сыдзе, спачатку ў пошуках энергіі, а затым і новага дома. Пакуль жа цікавасць спецыялістаў тлумачыцца прагматычнымі мэтамі: грошы, выдаткаваныя на космас, не выкідваюцца на вецер, а вяртаюцца ў выглядзе новых тэхналогій, якія робяць прадукцыю канкурэнтаздольнай, а наша жыццё — лепшым. Тэматыка высокага ўзроўню падтрымлівае ў належным тонусе навуку, што суправаджае вытворчасць, і забяспечвае выгаднымі заказамі прамысловасць. Ну і сяброўства ў «касмічным клубе», якое аформіла нядаўна наша краіна, працуе на яе аўтарытэт з адпаведнымі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць. 


На VI Беларускі касмічны кангрэс, які праходзіць у Нацыянальнай акадэміі навук, сабраліся вядучыя спецыялісты касмічнай галіны, а таксама лётчыкі-касманаўты СССР і Расіі. У праграме — больш за 150 дакладаў навукоўцаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана і іншых краін. Галоўная тэма гутаркі — новыя напрамкі супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў касмічнай сферы ў ходзе рэалізацыі праграмы Саюзнай дзяржавы «Маніторынг-СД», разлічанай на 2013—2017 гады, а таксама вынікі выканання яе першага этапу. У цэнтры ўвагі таксама перспектывы інтэграцыі касмічных сродкаў і тэхналогій, стварэнне якіх прадугледжана новымі праграмамі Саюзнай дзяржавы, стан і перспектывы развіцця сістэмы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі спецыялістаў для касмічнай галіны. 


Для нашай краіны, і гэта замацавана ў новай Нацыянальнай праграме даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах на 2014—2018 гады, якая знаходзіцца цяпер на разглядзе ва ўрадзе, прыярытэтам будзе развіццё сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, спадарожнікавай сувязі, навігацыі і адукацыі ў касмічнай вобласці, распрацоўка адзіных стандартаў. 


Нацыянальны аператар Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі — прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы» агучыла на кангрэсе добрую навіну. Калі ў ранейшыя гады спецыялістам НАН даводзілася літаральна сілай навязваць ведамствам касмічныя здымкі, то зараз спажыўцы зразумелі, наколькі сучасныя тэхналогіі зручныя, выгадныя і эфектыўныя. Замена зробленых за мяжой здымкаў на айчынныя, якія спажыўцы атрымліваюць, дарэчы, бясплатна, дазволіла толькі за год давесці ўмоўную суму імпартазамяшчэння да 4,6 мільёна долараў. 


З дапамогай дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, якое вялося па праграме «Маніторынг-СД», удалося даследаваць раён Жлобінскай седлавіны і Брагінскага—Лоеўскіх разломаў зямной кары, што дазволіла выявіць Сожскую зону магчымай праявы кімберлітавага алмазаноснага магматызму. Гэта значыць, з космасу былі выяўлены кальцавыя структуры, якія могуць паказваць на наяўнасць алмазаў у нетрах. Гэтыя скарбы, вядома, яшчэ трэба пашукаць, але на спрыяльны прагноз паказваюць адразу некалькі прыкмет, што ўсяляе ў спецыялістаў аптымізм. 


Не менш плённай аказалася і ацэнка з дапамогай спадарожнікавай інфармацыі сучаснай тэктанічнай актыўнасці зоны Чырвонаслабодскага разлому — раёна, дзе здабываецца калійная соль. Толькі з космасу ўдалося хутка і дакладна вызначыць участкі, дзе горную праходку можна будзе весці, не баючыся надзвычайных сітуацый. 


Расійскія партнёры прадставілі на кангрэсе праект «Міжнародная аэракасмічная сістэма глабальнага маніторынгу» (МАКСМ), які прадугледжвае стварэнне дзеяздольнага міжнароднага механізму, які б дазволіў эфектыўна папярэджваць сусветную супольнасць аб пагражальных стыхійных бедствах і тэхнагенных катастрофах. У тым ліку і абумоўленых пагрозамі касмічнага паходжання. У аснову гэтага праекта, выкананага пад эгідай Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К.Э. Цыялкоўскага і Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі пры падтрымцы Раскосмасу, пакладзена канцэпцыя магчымасці выяўлення з выкарыстаннем спецыяльнай апаратуры касмічнага, авіяцыйнага і наземнага базіравання «прадвеснікаў» будучых стыхійных бедстваў, якія праяўляюцца ў выглядзе анамалій геасферы. Акрамя таго, сярод перспектыўных задач МАКСМ — папярэджванне аб астэроідах, якія збліжаюцца з Зямлёй. 

Дзмiтрый ПАТЫКА

pat-50@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter