Что носили зимой предки белорусов

Ахінанакі ды андаракі

У  цяперашні час рэдка здараюцца моцныя маразы, а вось для нашых прабабуль і прадзядуль халодныя зімы былі звычайнай справай. Улічваючы, што шмат працы даводзілася выконваць на вуліцы — набраць вады ў студні, прынесці дроў, накарміць жывёлу, — апранацца трэба было вельмі цёпла. Але не толькі пра камфорт думалі нашы продкі.


Нядаўна творчая група з аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» (метадыст па народным касцюме Ірына Дыдышка, майстры па ткацтве Валянціна Сільвановіч, Марыя Шылкоўская, Яўген Маркевіч, майстар па пашыве адзення Марына Андрушкевіч) адрадзіла традыцыйны сялянскі жаночы касцюм пачатку ХХ стагоддзя. І мяркуючы па рэпліках лідскіх майстроў, апраналіся нашы прабабулі зімой і зручна, і прыгожа.

Вельмі папулярнымі раней былі тканыя хусткі розных памераў.

— Шарсцяныя ахінанакі (вялікія хусткі) замянялі вопратку. Імі пакрывалі галаву, на якой ужо была танчэйшая хустка, завязаная вакол шыі, і ахіналі ўсё цела. У спалучэнні з кажушком падыходзілі хусткі сярэдніх памераў, запраўленыя пад варатнік або махрамі навыпуск. Выдатна глядзелася хустка, адзін канец якой завязваўся вакол шыі, а другі быў спушчаны на плячо бурносіка, пашытага з паўшарсцянога палатна, — расказваюць у ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці».

Знізу, як правіла, надзявалі тканыя андаракі (спадніцы). Яны маглі быць аднатоннымі, у клетку ці палоску. У халоднае надвор’е маглі спалучаць дзве спадніцы — было цёпла і глядзелася пышна. Камплекты, удакладняюць лідскія майстры, дапаўняліся вязанымі рукавічкамі з воўны, валёнкамі, «буркамі» (лямцавым абуткам са скураным нізам) або боцікамі.

mila@sb.by

Фота прадстаўлена ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці».

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter