Навукова-даследчы цэнтр ЖКГ будзе працаваць пры Акадэміі навук
Галіна мае патрэбу ў інавацыйнай мадэрнізацыі, прызнаюць спецыялісты. Гэта значыць, што трэба не проста замяніць абсталяванне, а распрацаваць новыя тэхналогіі, тэхнічныя сродкі. І зоймецца гэтым навукова-даследчы цэнтр пры Акадэміі навук. Пакуль ён толькі фарміруецца, кажуць у НАН. Але пэўныя кiрункі яго дзейнасці ўжо можна акрэсліць. Спецыялісты будуць распрацоўваць новыя нарматывы і рэкамендацыі, укараняць энергаэфектыўныя тэхналогіі і тэхсродкі, падрыхтоўваць кадры, аналізаваць эканоміку галіны. Адным з напрамкаў стане каардынацыя даследаванняў, накіраваных на развіццё тых ці іншых кiрункаў галіны ЖКГ.
У цэнтры, як мяркуецца, створаць шэсць навукова-даследчых аддзелаў. Першымі пачнуць працу аддзелы эканомікі, жыллёвай гаспадаркі, рэсурсаў і навукова-тэхнічнага развіцця, інфарматызацыі ЖКГ.
Асноўныя задачы ўстановы ўжо абазначаны. Адно з першых заданняў тычыцца даследавання і абгрунтавання параметраў надзейнасці і энергаёмістасці ліфтаў у жыллёвым сектары. Навукоўцы дэталёва прапрацуюць тэхнічныя патрабаванні для ліфтаў новага пакалення. Стварэнне цэнтра не толькі аб'яднае патэнцыял вучоных, але і накіруе яго ў патрэбнае рэчышча, дасць магчымасць распрацоўваць канкрэтныя доўгатэрміновыя праекты і ўкараняць іх.
misnik@sb.by