84-летняя староста деревни Новые Терушки сама рубит дрова, каждый день делает гимнастику и зарабатывает на путевку в санаторий сбором ягод

Акадэмік жыццёвых універсітэтаў

Калі гаворка заходзіць пра жанчыну, якая размяняла дзявяты дзясятак, якая жыве адна ды яшчэ ў вёсцы, адразу ўяўляеш, что далей за ўласны двор яна не падарожнічае, а па гаспадарцы без дапамогі сацыяльных работнікаў не абыходзiцца. А 84-гадовая Таццяна Аніськова з вёскі Новыя Цярушкі Салігорскага раёна ніколі і не звярталася ў цэнтр сацыяльнага абслугоўвання па падтрымку. Такі ў яе прынцып — спраўляцца са сваімі справамі самастойна, ды яшчэ іншым дапамагаць. У Новых Цярушках шаснаццаты год нязменная стараста. У госці да незвычайнай пенсіянеркі зазірнулі карэспандэнты «Р», каб даведацца пра яе сакрэты актыўнага даўгалецця.

Працоўныя фота Таццяна Аніськова захоўвае не менш ашчадна, чым здымкі сваякоў.

Два вазкі дроў — дробязь

Як таго і варта было чакаць, Таццяну Андрэеўну засталі за справай — заканчвала фарбаваць лавачку ля плота. Невысокая, худзенькая, у чырвоным касцюмчыку і белай панамцы, яна чымсьці нагадвала гераіню савецкага дзіцячага кінафільма пра пiянераў. Нейкі падлеткавы запал і нават дзёрзкасць у вачах.

— Сядзець склаўшы рукі Андрэеўна не здольная, — з гумарам пракаментаваў дырэктар ААТ «Добрыца» Іван Сергіеня. — Энергіі ў яе хоць адбаўляй! І дзякуй богу, што так. Спатрэбіліся нам дадатковыя рукі, каб паставіць плот на свінаферме, — Андрэеўна галоўная памочніца. Трэба заняцца добраўпарадкаваннем мясцовых могілак — яна і завадатар, і першая, хто там завіхаецца.

Па двары ў Андрэеўны прайсці прыемна — паўсюдна бачна клапатлівая гаспадарская рука. Воддаль у цяпліцах перцы з памідорамі падымаюцца, роўнымі радкамі зелянее бульба на полі. Па абодва бакі акуратнай дарожкі, якая вядзе да дома, — кветкі. Ружы, півоні, касачы — дзясяткі з два розных відаў. 

— Жывёлы ў мяне сёлета няма — дачка загадала прадаць, застаўся толькі агарод ды кветкі, — расказвае Таццяна Андрэеўна. — А была і карова, і конь, і авечкі, і свінні, і куры… 

Заўважыўшы стос дроў, цікаўлюся, хто нарыхтаваў. 

— Хто-хто, сама канечне! — падымае здзіўлена бровы Андрэеўна. — Гэта ж толькі два вазкі. У мінулым годзе два самазвалы згрузілі — за тыдзень іх і пасекла. 

У імгненне вока гаспадыня падсунула бліжэй да сябе калоду, выхапіла з дрывотніка крутое бярозавае паленца, узяла сякеру ў рукі. Узмах — і стала ясна, што для адзінокай пенсіянеркі не існуе падзелу на мужчынскія і жаночыя справы. Лазню паліць кожную суботу. 

— Свае ўраджаі я не з’ядаю, — прызнаецца гаспадыня. — За зіму скарыстала толькі пару вядзёр бульбы, а пасадзіла аж пяць сотак. Ем мала: на сняданак — сто грамаў тваражку і кава, на абед — боршч. 

Дачка на Андрэеўну сварыцца: «Каму гэта ўсё ты ро­біш?! Кінь, адпачні». А такі ў пенсі­янеркі прынцып — калі ёсць гаспадарка, яна павінна буяць: поле і агарод засеяны, сена нарыхтавана, пабудовы ў двары запоўненыя. 

— Самае страшнае, што можа быць, калі тое, што ў цябе навокал, гіне на тваіх вачах, — гаворыць Андрэеўна. — Не можаш — прадавай ці аддавай бясплатна таму, хто даглядаць і клапаціцца здольны. А я пакуль магу!


Яе ўзнагарода — ордэн.

Як сястра стала маці

Працавітасць і цягавітасць, як высветлілася, выкаваў у Андрэеўне сам лёс. У трынаццаць год яна засталася поўнай сіратой — бацька загінуў на фронце ў першы год вайны, маці памерла ад цяжкай хваробы. Малодшай сястры тады было дзевяць, брату — шэсць. І Таццяна стала ім мамай, а ў хаце — гаспадыняй. Маці перад смерцю не толькі завяшчала дачцэ ўсім кіраваць, але і падрыхтавала яе да гэтага. Дзяўчынка-падлетак умела і дровы пасекчы, і ў печы прапаліць, і карову падаіць, і гатаваць, і бялізну мыць, і нават з канюшыны і крапівы аладкі пячы. 

Толькі вось школу ёй давялося кінуць. Шосты клас скончыла, а ў сёмы не пайшла: падалася на свінарнік працаваць, каб карміць сям’ю сірот. 

— Пасля вайны ніхто не пытаўся, колькі табе год, ідзі і ўкалвай у калгасе, — узгадвае Таццяна Андрэеўна. — Рук не хапала, усе рваліся ад працы. Вось і я да крыку пеўніка падымалася, дзень на свінаферме, а потым дома — скаціну даглядаць, ля печы стаю гатую, у агародзе, з дзецьмі.

Выгадаваўшы сястру і брата, Таццяна выйшла замуж. З мужам пераехалі з Гомельшчыны на Старобіншчыну. 

— Галота была — страшна падумаць, — расказвае гераіня. — Купілі з мужам ложак, чыгунок, пару лыжак, і гэта была ўся наша маёмасць. Пакуль жылі на кватэры, елі адзін хлеб з камбітлушчам. Толькі як купілі карову і з’явілася малако — зажылі. 

Адкрывалі ў вёсцы камбінат бытавога абслугоўвання — Аніськовай прапанавалі яго ўзначаліць. У аддзеле кадраў, куды яна прыехала паказацца, пытаюцца: «У вас вышэйшая ці сярэдняя спецыяльная адукацыя?» А кандыдатка шчыра адказвае: «А няма ніякай!» Якая там адукацыя, калі трэба было дзяцей гадаваць! Аднак, відаць, жыццёвыя ўніверсітэты падаліся не менш важнымі, бо Таццяне, якая не ведала нават, як карыстацца лічыльнікамі, даверылі матэрыяльна адказную пасаду. 

Асвоіла ўсё на практыцы. Ды так, што ні самой, ні кіраўніцтву не было сорамна. Трыццаць шэсць год, пакуль кіравала камбінатам, прадпрыемства было ўзорна-паказальным. Сама Таццяна Аніськова пяць разоў станавілася пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва і атрымала вышэйшую ўзнагароду працаўніка СССР — ордэн «Знак Пашаны». 

— Спала я па дзве-тры гадзіны ў суткі, — узгадвае яна. — Дома двое дзяцей (садкоў тады не было), гаспадарка вялікая — дзве каровы, цяляты, свінаматкі, куры, гусі, агарод, а я на працу ніколі нават на паўхвіліны не спазнілася. 

Пасля такіх нагрузак выхад на пенсію, прызнаецца гераіня, стаў для яе ў поўным сэнсе гэтага слова заслужаным адпачынкам. 

— Пенсія добрая — больш за 500 рублёў, можна будматэрыялаў купіць, і дом абшыць, і плот парамантаваць, і хлевушок пабудаваць, — гаворыць Андрэеўна. — Хіба не ў радасць?

— А паляжаць, адпачыць не хочацца? Гады ўсё ж такі, а вы сябе нагружаеце…

— Дома завіхацца ці ў лесе вядзерца чарніц назбіраць — гэта нагрузка? Гэта курорт! Я за лета сабе на пуцёўку ў санаторый назбіраю. Шэсць разоў ужо там адпачывала — і толькі два разы па льготнай пуцёўцы, як ветэран працы. 

Унук працавітай бабулі нядаўна таксама пра яе адпачынак паклапаціўся — тэлевізар ёй купіў вялікі, каб бабуля ляжала, глядзела перадачы, зрок не напружваючы. А тая за зіму так ні разу яго і не ўключыла — няма калі за справамі. Яна лепш гімнастыкай зоймецца. У штодзённым графіку сялянкі — комплекс практыкаванняў. Абавязковыя — для спіны і суставаў. Пяцьдзясят метраў прайсці па доме на карачках — дзённая норма для пазваночніка, пяцьдзясят — на ягадзіцах — для тазасцегнавых суставаў, і махі рукамі — для плечавых. Трэба трымаць форму бабулі!

Сваякі ў Таццяны Андрэеўны ёсць і дапамагчы гатовы, але яна прызвычаілася ўсё рабіць сама.

Да ўсяго справа

Ёсць Андрэеўне справа і да ўсяго, што адбываецца ў вёсцы. Хаця абавязкі грамадскага работніка, прызнаецца гераіня, не заўсёды прыемныя. 

— Прывезлі з сельсавета будаў­нічы матэрыял, каб агарадзіць вясковыя могілкі, — расказвае яна. — Трэба агароджу ўсталяваць — а каму гэта рабіць, калі ў вёсцы адны бабы, і тыя калекі? Вырашылі скінуцца на працу рабочым. Хадзіла па хатах і збірала грошы. Адны давалі без пытанняў. А іншыя кпілі: «Ты на Канары, мусіць, бабка, вырашыла паехаць?» А хіба ж я для сябе грошы збіраю?

Ёсць сусед у Андрэеўны — Сяргей. Стаў піць, страціў працу, жыллё. Бабуля ўзяла над ім шэфства — то каструлю супу зварыць, каб гарачанькага з’еў, то паўшчувае па-мацярынску, то прыгрозіць міліцыяй. Калі ўладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку, хадайнічала ў сельсавеце, каб далі яму жыллё. Як далі, наведваецца і правярае, ці не запусціў хату.

— Нельга ставіць на чалавеку крыж, — лічыць Андрэеўна. — П’е — гэта бяда, але ж і назіраць, як коціцца ў прорву, таксама не па-чалавечы. 

Ужо амаль паўтара дзясятка гадоў, як мужа Андрэеўны няма ў жывых. Памёр і брат гераіні. Але дачка з сынам, унукі, сястра не забываюць, часта наведваюць. На юбілей дачка падарыла маці радавод сям’і, аформлены ў выглядзе пано з 75 фотаздымкаў сваякоў. Сімвалічны дар — як чалавеку, які ўмее захоўваць сям’ю, адносіны, традыцыі. Пра такіх беларусы кажуць «берагіня». 

Можа, таму жыццё дае берагіні і даўгалецце, і сілы, каб як мага даўжэй яна выконвала сваю годную місію.

kozlovskаya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter