Акадэмік з вёскі Вялікая Уса

Разнастайнымі былі жыццёвыя інтарэсы народнага пісьменніка Беларусі, вучонага Пятра Глебкі
Разнастайнымі былі жыццёвыя інтарэсы народнага пісьменніка Беларусі, вучонага Пятра Глебкі

Сёлета адзначаліся 110-я ўгодкі пісьменніка. Адна з цікавых імпрэз праходзіла ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Назву “І закрасуе скрозь шыпшына…” ёй далі арганізатары: супрацоўнікі бібліятэчнага аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ды Дзяржмузея гісторыі беларускай літаратуры. Яны ж падрыхтавалі выставу “І краскі, і словы завіў у вянок…”, што створана паводле кніжнай калекцыі, асабістага архіва Пятра Глебкі. Прэзентаваўся і каталог “Бібліятэка акадэміка П.Ф. Глебкі (1905—1969)”.


Пісьменнік. Перакладчык. Драматург. Вучоны. Грамадскі і культурны дзеяч. А што галоўнае? Кола інтарэсаў Пятра Фёдаравіча было шырокім. Не выпадкова і вобраз шыпшыны ўпрыгожваў імпрэзу. “Шыпшына” (1927) —  так паэт назваў першы зборнік, кветка стала яго мастацкай эмблемай, набыла сэнс сімвала Беларусі. Артыст Валеры Шушкевіч прачытаў вершы са зборніка. Між тым паэт напісаў і лібрэта да оперы “Лясное возера”, вершаваную драму “Святло з Усходу”, друкаваў літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы, быў выдатным перакладчыкам. Тонка адчуваў і разумеў слова, перакладаў Аляксандра Пушкіна, Мікалая Някрасава, Тараса Шаўчэнку, Адама Міцкевіча, Дж. Байрана ды іншых класікаў. Шмат зрабіў і для развіцця навукі: з яго ініцыятывы, напрыклад, стварыўся Інстытут мастацтвазнаўства, этнагра­фіі ды фальклору пры Аддзяленні грамадскіх навук АН БССР.

А яшчэ Пятро Глебка быў бібліяфілам. Любіў і шанаваў кнігу, сабраў адну з лепшых пісьменніцкіх бібліятэк таго часу. Кнігі перажылі вайну і верна служылі гаспадару. Яшчэ пры жыцці ён вырашыў перадаць кнігазбор бібліятэцы Акадэміі навук. Там жа зберагаюцца архіў, створаны мемарыяльны пакой акадэміка. У “Бібліятэцы Пятра Глебкі” цяпер 3867 экзэмпляраў выданняў на розных мовах, многія кнігі — з дарчымі надпісамі. Загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Аляксандр Стэфановіч прэзентаваў каталог “Бібліятэка акадэміка П. Ф. Глебкі (1905 — 1969)”. Многія з кніг там пазначаны экслібрысам Міколы Купавы, мастак на вечарыне распавёў пра сэнсавыя і кампазіцыйныя асаблівасці свайго твора. На выставе ж можна знай­сці шмат сведчанняў пра сяброўства і супрацоўніцтва Пятра Глебкі з рознымі вядомымі людзьмі.

Дачка пісьменніка, Ларыса Пятроўна, падзялілася ўспамінамі, падарыла кнігі бібліятэцы, прапанавала ўста­на­віць мемарыяльную дошку на будынку Інстытута мас­тацтвазнаўства, этнагра­фіі ды фальклору НАН Беларусі: там у 1957-69 гадах працаваў яе бацька. Імя Пятра Глебкі прысвоена Літвянскай школе Уздзенскага раёна, яго імем названа вуліца ў Мінску, ёсць мемарыяльная дошка на доме, дзе жыў акадэмік. За заслугі перад Радзімай ён быў ушанаваны ордэнам Леніна ды іншымі, медалямі, ганаровымі граматамі. Хлоп­чык, які нарадзіўся ў сялянскай сям’і (яго малая радзіма — вёска Вялікая Уса цяперашняга Уздзенскага раёна Міншчыны), дзякуючы таленту і працавітасці стаў вядомым пісьменнікам, вучоным, а ў 1957-м і акадэмікам АН Беларусі. Чатыры разы прымаў удзел у рабоце сесій Генасамблеі ААН, не раз уздымаў голас у абарону міру, памятаючы пра вайну, у якой прымаў удзел. Тыя, хто асабіста ведаў Пятра Фёдаравіча і яго сям’ю, адзначалі вялікую эрудыцыю, навуковую кампетэнтнасць Пятра Глебкі, што спалучаліся з глыбіннай народнай мудрасцю, уменнем ствараць вакол сябе атмасферу добразычлівасці, паразумення. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі Сяргей Гаранін адзначыў: гэта быў чалавек унікальнага лёсу, які пражыў багатае на падзеі жыццё.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter