Вядомы беларускі этнограф Іван КРУК раіць не планаваць значных падзей у высакосны год

«Агуркi трэба сеяць, калi каровы прыйшлi з поля»

Вядомы беларускі этнограф Іван КРУК раіць не планаваць значных падзей у высакосны год і выступае за гульню ў народныя традыцыі дзеля адукацыі
Вядомы беларускі этнограф дае парады ў высакосны год, прадказвае спякотлівае лета і тлумачыць, чаму Масленіца  наскрозь пранізана элементамі эротыкі

З ІВАНАМ КРУКАМ, галоўным рэдактарам выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, кандыдатам філалагічных навук, мы сустрэліся якраз напярэдадні цікавай і таямнічай даты — 29 лютага. Пра яе чутак ходзіць не менш, чым пра пятніцу 13-га, а сам высакосны год лічыцца годам катастроф і бедстваў. У пацвярджэнне гэтай тэорыі ўзгадваюць цунамі “Японія” ў 1896 годзе, падзенне Тунгускага метэарыта ў 1908 годзе, гібель “Тытаніка” ў 1912... Даследчык — а між іншым усё навуковае жыццё ён прысвяціў вывучэнню беларускай народнай культуры, напісаў паўтара дзясятка кніг, шмат навуковых артыкулаў — расказвае нашым чытачам, як ставіцца да гэтай даты згодна з народнымі традыцыямі, чаму аграрыям высакосны год не перашкода, і раскрывае сакральны сэнс бліжэйшага ў народным календары свята Масленіца.

— Іван Іванавіч, якую сімволіку мае 29 лютага згодна з народнымі традыцыямі?

— У працоўны кабінет зайшоў ваш калега. Заўсёды ён вітаецца з вамі, пытаецца, як справы. Нешта здарылася, і ён маўчыць. Што вы адчуваеце? Нешта не так, вам не камфортна. Гэта псіхалагічны падыход да адказу на ваша пытанне.

Мы, сучасныя людзі, ведаем, што насамрэч суткі крыху большыя за 24 гадзіны. А год доўжыцца 365 дзён і 6 гадзін. Калі лішняе памножыць на чатыры, на чацвёрты год наплываюць цэлыя суткі. А для чалавека былога традыцыйнага грамадства гэты дзень, як Піліп, які выскачыў з канапель. Адкуль узяўся, што з сабой прыносіць? З прыходам хрысціянства ўзнікла легенда пра тое, што 29-ты дзень быў прысвечаны Касьяну, непакорліваму чалавеку, потым святому з вельмі няпростым характарам. Народ вырашыў, што трэба “саломку падаслаць” наперад, і тым самым будзеш нейтралізаваць негатыўнае ўздзеянне высакоснага года. Напярэдадні развітання са старым, сустрэчы Новага года ўсіх садзілі за стол. Звярталіся да Творцы з просьбай аб дапамозе. Сілам нядобразычлівага года трэба было прынесці ахвяру – пакласці ў чырвоны кут блін ці аладку. Таксама перад Новым годам агаворвалі значныя падзеі, якія будуць адбывацца ў сям’і ў будучыні. Тое, што было разлічана на доўгі перыяд існавання, у высакосным лепш было адкласці на пазней. На першым месцы — непажадана будаваць і засяляцца ў новую хату, ствараць сям’ю.

— Калі святкаваць дзень нараджэння не ў высакосны год чалавеку, які нарадзіўся 29 лютага?

— Сам займаюся нумералогіяй. Па даце нараджэння пра чалавека можна сказаць шмат чаго. Калі ты нарадзіўся 13-га, усё жыццё трэба трымцець? Не канешне. Але трэба разумець, што гэта дата – наш персанальны код. Найбольш важныя перспектыўныя падзеі ў сваім жыцці, напрыклад, змена працы, вяселле, трэба прымяркоўваць да гэтай лічбы, не абавязкова да таго ж самага месяца.

Ёсць каляндар: Каляды, Купалле, Вялікдзень, Багач... Усё ідзе сваім парадкам. І тут здарылася бяда, нехта памірае. Гадзіннік спыняецца (памятаеце, тут жа мы спыняем насценны сямейны гадзіннік), сям’я выпадае з гэтага святочнага колазвароту і пераходзіць на пахавальна-памінальны рытм — нуль, тры, дзевяць, сорак, год. Пасля зноў уключаецца ў звычайнае кола. Застаюцца Радаўніца і восеньскія Дзяды. У кніжцы “Залатыя правілы народнай культуры”, якую мы пісалі з Аксанай Катовіч, гаворка ідзе пра закон рытуальнай перавернутасці. Сорак дзён пасля смерці ці гадавы памінальны дзень можна адзначаць у гэту ж дату ці на дзень-два раней, але ні ў якім выпадку не пазней. Дзень нараджэння — у той дзень, у які ты нарадзіўся, на дзень-два пазней, але ні ў якім разе не раней — не сеў, не кажы “гоп”. Таму тым, хто нарадзіўся 29-га, лепш адзначаць дзень нараджэння першага сакавіка.

— Калі ўсё ж шлюб будзе, ёсць абярэгі, якія дапамаглі б пазбегнуць няшчасця?

— Канешне, лепш да такой значнай падзеі рыхтавацца раней. Але калі гэта выплыла нечакана, падчас заручын абавязкова трэба ўключаць цэлы шэраг атрыбутаў і рытуальных дзеянняў. Найбольш моцныя абярэгі – грамнічная свечка, імянная ікона сына.

— Хутка пачнуцца пасяўныя работы. Кажуць, Касьян на траву зірне — трава вяне, на жывёлу – жывёла дохне, на дрэва — дрэва сохне… У сельскай гаспадарцы таксама не трэба ісці на кардынальныя крокі?

— Зямля ніколі не цярпела кардынальных змен, асабліва калі гэта рабілася ў кароткі прамежак часу. Мы паспрабавалі правесці меліярацыю, павярнуць рэкі ў другі бок. Сёння чэшам патыліцу – паспешліва, не прадумалі.

Нягледзячы на тое, высакосны год ці не, прынцыповы цыкл земляробчых работ не змяняецца. Тое, што трэба сеяць хлеб, зерне, ніхто не адмяняў.

— Хутка Масленіца. Чаму гэтаму перыяду, калі яе адзначаюць, надавалі столькі значэння?

— Калі мы з вамі параўнаем велікодныя і калядныя песні, то ўбачым, што яны шмат у чым падобныя. У многіх рэгіёнах жыццё існавала на сваёй падставе. Новы год маглі адзначаць і на Масленіцу, і на Каляды, і на Вялікдзень. Кожнае такое свята падводзіла вынікі папярэдняга сегмента календара і настройвала на добрую будучыню. Беларусь невялікая краіна, а паміж Брэстам, Віцебскам розніца ў два тыдні. Цяпло на поўдні прыходзіць значна раней, раней збіраюць там ураджай. Масленіца – адно з рэгіянальных свят, яна захапіла кавалак Віцебшчыны і Магілёўшчыны, крыху Міншчыны, але найбольш прадстаўлена ў Расіі. Яна была не так пашырана, як Каляды. Хаця, святкавалі Масленіцу і ў Ляхавічах. Там не было масавых баёў “сценка на сценку” ці бліноў. У апошні дзень хлопцы ездзілі на конях, і чым далей заедуць, тым даўжэйшая будзе сцябліна лёну. Дарэчы, блін, паводле некаторых даследчыкаў, – сімвал сонца. Але на мае меркаванне – гэта ахвяра і падзяка продкам. Памятаеце, першы блін камяком, гэта таксама ім.

Перад Піліпаўскім пастом перыяд Вялікая вясельніца. Потым шлюбы забараняліся, а пасля Каляд і да Масленіцы — Мясаедныя вяселлі. На Віцебшчыне на Каляды была распаўсюджана гульня “Жаніцьба Цярэшкі”, па якой дзед і баба, старэйшыя жыхары вёскі, зводзілі маладых. Пачынаўся цыкл вяселляў, прыходзіла Масленіца. Дзед і баба ва ўзросце непрадаўжэння роду, звялі маладую пару і тым самым перадалі эстафету нашчадкам. Тую функцыю, з якой прыйшлі ў свет, выканалі і фактычна завяршылі сваю місію на гэтай зямлі. Таму ў аўторак на масленічным тыдні вядомы такі рытуал, як “Пахаванне дзеда”. Збіраліся жанчыны, у прысутнасці дзяўчат, хлопцаў з саламянага снапа рабілі чучала дзеда, клалі яго ледзь не ў сапраўдную труну. Везлі па вёсцы з сапраўднымі песнямі-галашэннямі і мацалі качалку паміж ног — дзед не ажывае, функцыянальна ні на што не здольны. За вёскай закапвалі ў гурбу снегу. Назаўтра было “Пахаванне бабы”. На грудзі чучалу клалі два буракі, каб нагадвала постаць жанчыны.

У масленічны перыяд вельмі важнае месца займалі пары, якія толькі пабраліся шлюбам. Збіраліся, напрыклад, у вёсцы з дзясятак жынчын і хадзілі па хатах, у якіх не так даўно адбыліся вяселлі. Спявалі песні-падзякі за тое, што маладыя ўзялі на сябе адказнасць працягваць род. Разам з тым, адзначаліся і фрывольныя паводзіны гэтых жанчын. Ідуць па вёсцы, сустракаюць хлопца, якому пад трыццаць гадоў, а сям’і няма. Яны маглі заваліць яго ў гурбу, зцягнуць штаны і паглядзець, чаму гэта “штучка” не працуе і ці ёсць яна. І спытаць, чаму ты, гультай, не займаешся тым, чым павінен. Але гэта толькі ў масленічны перыяд. Свята наскрозь было пранізана элементамі эротыкі. Паміж Масленіцай і Вялікаднем — Вялікі пост. Апошняя нядзеля перад ім – Даравальная. Гэта ўжо момант катарсісу перад стрыманымі 49 днямі.

— Кажуць, калі ў лютым на дрэвах інею шмат, меду ўдосталь будзе. Як нараджаліся ўсе гэтыя паданні?

— Сёння навукоўцы кажуць пра тое, што мы збядняем сваю памяць, замяняем паперай, камп’ютарам. У 1979 годзе на Лоеўшчыне я запісваў казкі Кацярыны Міхайлаўны Мельнікавай. Пяць бабін з двух бакоў, і чалавек нідзе не паўтарыўся і не прыпыніўся. Уяўляеце, якая памяць! Ідзіце сёння праспявайце 300 песен без падказак.

Не думайце, што нашы продкі былі настолькі неграматнымі людзьмі. Існавалі сямейныя календары, у якіх яны запісвалі свае назіранні. Штосьці перадавалася вусным шляхам. Раніцай узыходзіць сонца такое, вечарам будзе такое. Затым гэта праецыравалася на тыдзень, на фазу месяца, на месяц, на паўгода, на цэлы год. Калі браць кантэкст чалавека, то і на ўсё жыццё. Калі дзіця нарадзілася галавой уперад — лёс будзе добрым, нагамі – век будзе недаўгавечны, бо так неслі нябожчыка. На самой справе, не люблю слова “павер’е”. Гэта практычны вопыт сям’і, вёскі, этнаса на працягу не аднаго стагоддзя.

Мысленне сучасніка прымітыўнае. Мы падзялілі ўсё — тэрапеўт, акуліст, хірург... А што такое чалавек, не скажам. А Ванга, Настрадамус — людзі, якія на энергетычным узроўні счытвалі інфармацыю на некалькі гадоў наперад.

Напрыканцы 2015 года многія СМІ звярталіся да мяне з просьбай сказаць, якой будзе зіма. Я прадказаў: няшмат снегу і пікаў тэмпературы не будзе. Не ўсе паверылі. А інфармацыя мною счытваецца з трох бярозак каля дома. Мяне гэтаму вучылі дзяды. У якой паслядоўнасці бяроза жаўцее, такая і будзе зіма.

— Якім жа будзе лета 2016-га?

— Зіма і лета — гэта люстэрка. Якой была зіма, пераварочваеш, такога чакаць лета. Сярэдні месяц будзе даждлівы, а астатнія месяцы паўтораць малюнак мінулага лета. Жнівень будзе спякотлівы.

— Сёння мяняецца клімат, прыйшлі тэхналогіі. Раней казалі: на Тройцу лес пакрыецца. А сёння і сеем раней. Ці ёсць месца тым абрадам?

— У многіх мясцінах фрагментарна вяртаецца назад тое, што было ў ранейшай Беларусі. Перад тым, як выйдзе ў поле камбайн, завяжуць першы сноп самыя старэйшыя бабулі з вёскі. Ён павінен знаходзіцца альбо ў кіраўніка гэтай гаспадаркі, альбо ў чырвоным куце хаты. Калісьці меў вельмі сакральнае значэнне. Нарадзілася дзіця, на першае купанне ў вадзічку клалі жменьку жыта з гэтага снапочка, малое з часам таксама павінна прадоўжыць род. Выдаяце дачушку замуж, вясельны картэж не зрушыцца, пакуль не пасыпаюць зернем. Яго бралі з таго самага снапа. У сям’і здарылася бяда, з хаты выносілі труну, зноў жанчына даставала дзевяць каласкоў с таго снапа, перацірала ў зерне і сыпала на падлогу — хай жыццё працягваецца.

— Дарэчы, гаспадары вераць і ў месячны, і ў народны каляндар. Ён не падвядзе?

— Прынцыпова кожная бабуля ведала: калі месяц растучы, трэба саджаць тую агародніну, якая расце над зямлёй, — памідоры, агуркі. Калі ўбывае, сокі пайшлі ўніз — садзі буракі і тое, што дае плод пад зямлёй. Мала гэтага, дбайная гаспадыня ўлічвала іншыя складовыя — сонца, месяц, усход і захад, дзень тыдня. Панядзелак мужчынскага роду — садзі буракі. Цыбулю — у пятніцу.

Колькі цікаваў за суседкай, заходзіць сонца, яна сее агуркі. Хітра паглядзела на мяне: аб’ездзіў усю Беларусь, а не ведаеш? Агуркі трэба сеяць, калі каровы прыйшлі з поля. Іх падаілі, і яны ляжаць. Або ў абед, калі таксама ляжаць. Тады так дружна будуць агуркі ляжаць на градзе. Пасля гэтага прыслухаліся да парады – агуркоў няма куды дзяваць. Тая гаспадыня, якая ўлічвала гэта, мела больш. Якая не ведала – крыху менш.

— Ведаю, што вы з вёскі Згурск Чэрвеньскага раёна. Ці не адтуль любоў да этнаграфіі, фальклору?

— Абсалютна правільна. Калі мне задаюць такое пытанне, пачынаю жартаваць: скажыце, там, дзе пасеялі буракі, капусту збіраць будуць? У мяне была мудрая бабуля па матулінай лініі. Яна была знахаркай і лячыла людзей. Ведала кожную травінку, сотні песень. Фактычна ад яе гэта ўсё і пайшло. Яна закладвала асновы, а потым сотні бабуль дзяліліся сваімі ведамі.

— Народная мудрасць для вас і стыль жыцця, і праца. Ніколі не было пачуцця трывожнасці, што вы штосьці не так зрабілі? Здаецца, менш ведаеш, лепш спіш.

— Вы чалавек пішучы. З чаго пачыналася навучанне? Дзе коску паставіць, дзе працяжнік? Правілы распісаны. Цяпер усё даведзена да аўтаматызму. Так і ў мяне.

— На розных частках планеты розныя традыцыі. Нашы на афрыканца не дзейнічаюць?

— Перад тым як з вамі сустрэцца, я глядзеў перадачу: раз у год збіраюцца жыхары адной афрыканскай вёскі і адкопваюць магілу сваіх продкаў. Адзін з іх кажа, што ў гэты раз будзем адкопваць магілу майго прадзеда. Сустрэча з продкамі ў нас сумная рэч, а ў іх — весялле. Пастаўце афрыканца, кітайца, славяніна – дзве рукі, дзве нагі, вочы, нос. У нюансах, канешне, ёсць адрозненні. Так і ў культуры.

— Іван Іванавіч, сёння ў краіне абрады праводзяцца пышна і пампезна. Тое ж “Пахаванне дзеда” мае сакральны характар. Ці варта з гэтага рабіць шоу?

— Працэс пад назвай “дэсакралізацыя” адбыўся даўно. Але навучанне малога дзіцяці пачынаецца з гульні. Спачатку яму цікава, смешна і незразумела. Потым будзе ставіцца па-іншаму. Калі ж дарослыя ператвараюць у гульню сакральнае — гэта магіла культуры.

 Але гульня мае знак плюс адначасова. Калі ўвогуле не праводзіць такія святы, будзем маргіналамі. Застанецца Дзень святога Валянціна, Хэллоўін. І то, каб сапраўды ведалі, што гэта такое, ці святкавалі б? Таму я лічу так: калі засталося сваё, хай “гуляюць” у наша.

kjrshuk@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter