Аграншчык чалавечай душы.

Менавіта так называе мастацкае слова — адзінае, што здольна ўратаваць кожнага з нас ад жыццёвых памылак — вядомы беларускі пісьменнік Алесь Савіцкі.

Біяграфію нашага сённяшняга госця ў большай ці меньшай ступені ведае амаль што кожны з нас. Дастаткова адкрыць любую з яго кніг — і перад намі кавалачак жыцця пісьменніка. Раман “Зямля не раскажа” амаль што спісаны з лёсу маці нашага суразмоўцы, якая напярэдадні вайны засталася з чатырма дзецьмі на руках. У гісторыях з аповесці-казкі “Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка” лёгка можна знайсці дзіцячыя прыгоды ўнучкі Алеся Ануфрыевіча. Але сёння ў нас незвычайнае чытанне. Разам з Алесем Савіцкім мы гартаем яго сямейны альбом, які таксама захоўвае ў сабе шмат цікавых гісторый і ўспамінаў.

Імя Алеся Савіцкага добра вядома не толькі беларускім чытачам: у мінулым годзе наш госць стаў лаўрэатам прэстыжнай расійскай літаратурнай прэміі “Прохоровское поле” за раман “Верасы” і трылогію “Дзівосы Лысай гары”. Амаль што ўсе яго творы перакладзены на рускую мову, іх чытаюць у краінах, якія некалі ўваходзілі ў склад СССР. Творчы шлях ён, нягледзячы на даволі сталы ўзрост (а сёлета яму споўнілася 87 гадоў), працягвае і сёння: у гэтым годзе ў зборніку сучаснай беларускай прозы выйшаў новы раман-споведзь Алеся Савіцкага “Пісьмо ў Рай”.

З асаблівымі пачуццямі я гляджу на гэты здымак: вось хата, дзе я нарадзіўся. Каля яе — мая дачка Наталля, — Алесь Ануфрыевіч працягвае фотакартку, зробленую некалькі гадоў таму. — Бацькоўская хата захавалася і сёння, але навокал яе ўсё настолькі змянілася — часам мне цяжка паверыць, што менавіта тут прайшло маё дзяцінства. Але для мяне гэты куточак Полаччыны па-ранейшаму самы дарагі. Памятаю, як малымі мы любілі вандраваць на плытах па Палаце, што цячэ непадалёк ад хаты. Гэта было вельмі небяспечна: па рацэ сплаўлялі лес, а мы, непаседлівыя, узбіраліся на бярвенні, якія круціла моцным цячэннем, і адпраўляліся ў “марскія” паходы. Кожную такую вандроўку я марыў, што калі-небудзь замест плыта буду кіраваць сапраўдным караблём, у сапраўдным моры... Мае мары не спраўдзіліся — вайна. Яна пачалася, калі я быў у восьмым класе.

 

 

 

У рэдакцыю полацкай абласной газеты “Бальшавіцкі сцяг” я ўладкаваўся, можна сказаць, выпадкова. Пасля вайны вярнуўся ў бацькоўскую хату. У той час у нас кватаравала доктарка, да якой неяк увечары зазірнуў пацыент. Я не адразу пазнаў нашага госця — а гэта  быў мой таварыш з партызанскага атрада Сяргей Зімніцкі, чалавек, які ў вайну выратаваў мяне ад смерці. Відавочна, нам было што ўспомніць! Неяк нашу гаворку пачула сястра Сяргея, якая працавала ў рэдакцыі. Прапанавала: вы, маўляў, запішыце ўсё тое, пра што гутарыце, і прынясіце да нас. Я запісаў — цэлы вучнёўскі сшытак атрымаўся. А праз два дні мяне запрасіў рэдактар: “Мы хочам прапанаваць вам працу”. На той момант за плячамі ў мяне было восем класаў школы і шафёрскае пасведчанне, таму, не зразумеўшы суразмоўцу, спытаў: “А якія ў вас машыны?”. Рэдактар усміхнуўся: “Плоскапячатныя. Мы запрашаем вас у якасці літработніка, а не вадзіцеля”. Можна сказаць, што з таго часу пачалася мая не толькі журналісцкая, але і літаратурная дзейнасць.

Cваю каханую я сустрэў у студэнцтве. Чым яна ўразіла мяне? Вельмі прыгожымі вачыма, добрым, спагадлівым сэрцам. Не так даўно мы з жонкай адсвяткавалі пяцідзесяцігоддзе сумеснага жыцця. І за гэты час мы ні разу сур’ёзна не пасварыліся! Я часта думаю: што галоўнае ў жанчыне? І сам сабе кажу: самае галоўнае — дабрыня, такая, якую я і сёння бачу ў вачах сваёй жонкі. Мая каханая нарадзіла мне дачку Наташу — на гэтым фотаздымку наша дзяўчынка, ужо сама маці дваіх дзяцей. Як хутка бяжыць час!..

 

 

Мая трылогія твораў для дзяцей называецца “Дзівосы Лысай гары”. На здымку я якраз на гэтым самым месцы. Цяжка паверыць: грамадны граніт, на якім я сяджу, некалі ляжаў у зямлі. Гэты камень натхніў мяне на напісанне казкі “Сонечны камень”.
А непадалёк ад гэтага месца ў нас лецішча, падчас адпачынку ў якім і нарадзіўся сюжэт аповесці-казкі “Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка”, якая пачынае названую трылогію. Задума твора нарадзілася з жыццёвага выпадку. Разам з унучкай Сашай, яна тады толькі ў трэці клас перайшла, мы злавілі некалькі карасікаў. Але яны вельмі спадабаліся кату Маркізу, які ўночы пачаў вылоўліваць рыбак са слоіка. Унучка вельмі не хацела, каб рыбкі загінулі, і мы вырашылі выпусціць карасікаў у сажалку. Наогул, калі паглядзець на казкі — яны ўсе ўзяты з жыцця, бо за казачнымі персанажамі заўсёды стаяць рэальныя катэгорыі чалавечага грамадства. І мне вельмі хочацца, каб дзякуючы казкам у нашых дзетак засталося нешта з таго, што будзе несці адзнаку дабрыні, справядлівасці, веры.

 

 

Гэты фотаздымак з мінулагодняй сустрэчы з вучнямі і настаўнікамі Полацкай гімназіі. Такія мерапрыемствы вельмі дарагія для мяне, бо я маю магчымасць пагутарыць з моладдзю, падзяліцца з імі тым, што паспеў асэнсаваць у сваім жыцці. Я ўпэўнены, што наша галоўная задача на сёння, і пра гэта мы будзем гаварыць на з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі, зрабіць кнігу сапраўднай іконай. Менавіта пра гэта гаварыў нядаўна Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка. І наш пісьменніцкі абавязак ствараць новыя такія іконы, якія б знайшлі водгук у чалавечых сэрцах, каб кніга была не проста нейкім часовым атрыбутам у кожнага ў хаце, а сапраўднай крыніцай ведаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter