«Агонь крывёю не залiць»

ВЯЛІКАЯ Айчынная вайна не абышла бокам яго сям’ю. Бацька Івана Канстанці- навіча загінуў пры штурме Кёнігсберга ў 1945-м. А родную хату разам з усёй вёскай спалілі немцы. Таму тэма вайны з яе трагізмам і мужнасцю прысутнічае і ў творах аўтара «Сёмага неба».

Выйшла з друку «Сёмае неба» — кніга беларускага пісьменніка Івана Стадольніка, які нарадзіўся ў вёсцы Янкі Докшыцкага раёна

ВЯЛІКАЯ Айчынная вайна не абышла бокам яго сям’ю. Бацька Івана Канстанці- навіча загінуў пры штурме Кёнігсберга ў 1945-м. А родную хату разам з усёй вёскай спалілі немцы. Таму тэма вайны з яе трагізмам і мужнасцю прысутнічае і ў творах аўтара «Сёмага неба».

Сёння вашай увазе мы прапануем адно з апавяданняў празаіка, паэта, драматурга Івана СТАДОЛЬНІКА.

З аповеда палачаніна Аляксандра Ісакава, сына гераіні

ГЭТА было летам 1943 года. Мама пайшла па ваду. Калодзеж быў далекавата, адразу не згледзіш. Толькі абмінула апошнюю хату перад калодзежам, як убачыла, што з яго бяруць ваду немцы. Мама анямела і, крыху апамятаўшыся, хацела ўжо ціхенька-ціхенька вярнуцца назад, як яе заўважыў адзін з немцаў.

— Матка, ком гip, — выгукнуў ён, падзываючы пальцам да сябе.

Мама зноў як акамянела, не магла не толькі ісці, але нават міргнуць вокам. Бо ўжо ўчора чула ад людзей, што прыйдуць немцы і будуць расстрэльваць партызанскія сем’і. А ў яе на руках аж пяцёра маленькіх дзяцей і муж у партызанах.

— Ком, ком гiр. He боятс. Берыйт васер, вода. Ком. Не боятс, — зноў пальцам паклікаў да сябе даволі пажылы немец. Два другіх панеслі ваду і далі піць коням, якія стаялі непадалёк, запрэжаныя ў сані.

Убачыўшы гэта, Ефрасіння неяк неўпрыкмет, як не сваімі нагамі, пайшла да калодзежа. Як падышла, немец моўчкі ўзяў у яе з рук вёдры і апусціў у калодзеж журавель, выцягнуўшы адно вядро, затым другое, наліў вады... Памаўчаўшы, спытаў:

— У фраў кіндэр ест?

Маці маўчала. Немец, відаць, падумаў, што яна не зразумела яго, і перапытаў:

— Дзеці, кіндэр ест?

У мамы аж замерла сэрца, усё цела скаваў ледзяны холад: чаму немец пытае пра дзяцей? Але тут жа немец вывеў яе з анямення.

— У меня драй кіндэр. Не знайт, где воні. Я не фашыст. Я мэнш. Чэловек. Мне крыг, война, не нужна. У цебе кіндэр ест? — зноў перапытаў немец.

Як пад нейкім гіпнозам, ці што немец размаўляў неяк па-чалавечы, мама, сама таго не жадаючы, ледзь не шэптам сказала:

— Ёсць. Дачушка, Маруська, і чатыры хлопчыкі. I з мальбой у вачах паглядзела ў немцавы вочы.

— Матка, убегайт. Будет пуф-пуф, стрэляйт бандыт-партызант. Наш зольдат оні пуф-пуф. Стрэляйт фраў кіндэр, кто фатэр, сын, ацец ці муж партызан.

Усё цела ў маці затрымцела нейкай халоднай млявасцю. Мой тата, Карп, быў у партызанах... Два немцы паехалi на сваiх санях, напаiўшы коней. А конь гэтага немца стаяў на месцы. I толькi, як бы злуючыся, час ад часу гыркаў, аздабляючы навокал сябе прастору густой парай, бо тады, 9 лютага 1943 года, быў даволi вялiкi мароз.

— Матка, убегайт i кiндэр брайт. В лес, сарай. Убегайт.

Чамусьцi маці паверыла немцу. Ён здаўся ёй нават нейкiм звычайным чалавекам. Схапiўшы вёдры, яна, расплёскваючы ваду, пашыбавала дадому. Паставiўшы вёдры ў сенцах, хутка запрагла ў санi каня, якi дастаўся ад разбеглага калгаса, i, узяўшы дзетак, мяне, Маруську, Мiшу, Лёню i груднога Колечку, паехала да дзядулi ў вёску Глоты, дзе не было немцаў. Але дзядуля параiў вярнуцца дамоў у сваю вёску Двор-Чарапiта, што на Расоншчыне, бо невядома, што яшчэ будзе тут, у Глотах.

КОНЬ, як i заўсёды, вiдаць, адчуваючы, што накiроўваецца дамоў, вельмi ахвотна цягнуў свае сані, час ад часу пераходзячы на бег. Ледзь не перад самай вёскай Двор-Чарапiта аднекуль з кустоў выскачыў чалавек на адной лыжы з вiнтоўкай за плячыма. Ефрасiння зразумела, што гэта партызан. Немцы спрабавалi гнацца за iм, але толькi паўзлi па глыбокiм снезе i стралялi.

I санi якраз спынiлiся памiж тым партызанам i немцамi. Немцы замахалi рукамi, закрычалi:

— Вэк, вэк, шнэль.

Мама сцебанула каня лейцамi, i той ледзь не галопам паiмчаўся па заснежанай дарозе, а чалавек-адналыжнiк ужо схаваўся ў лесе.

Дома, у Двор-Чарапiта, мама накармiла карову i адразу паехала разам з дзецьмi ў вёску Ушчаленкi да Рамана Курагi, каб параiцца, што рабiць, бо муж яго дачкi Нiны таксама быў у партызанах. Расказала пра чуткi i паведамленне немца, што фашысты будуць расстрэльваць партызанскiя сем’i i сем’i франтавiкоў, што трэба ехаць хавацца ў лес. Але Нiна адмовiлася. Пасля гэтага прыехала ў закiнуты былы панскi дом, пасадзiла дзяцей на халодную печ, распрагла каня, адвяла яго ў канюшню i пабегла да Тамары Казлоўскай, каб паведамiць аб пачутым, што трэба ўцякаць у лес цi хавацца дзе ў пунi, бо муж быў у адным атрадзе з яе Карпам. Але Тамара таксама здрэйфiла.

Назаўтра ранiцай дзясятага лютага немцы пачалi зганяць жыхароў на допыт. У закiнуты панскi дом былы сусед Ефрасiннi Iгнат Корабаў прывёў немца, i яны ўдвух пачалi зганяць дзяцей з печы.

— Не чапайце дзяцей, яны хворыя на тыф! — не памятаючы сябе, закрычала маці. Немец тут жа як апараны выскачыў з хаты, а Корабаў, добра ведаючы, што нiякага тыфу няма, выпіхнуў Ефрасiнню з грудным Колечкам на вулiцу i пачаў палкай бiць-выганяць дзяцей, цэдзячы скрозь зубы:

— Бач. Жыць хочуць. А я што — не? Мяне з-за сына-партызана расстраляюць, а вы ж таксама партызанскiя, дык, нябось, жыць захацелi!

…Допыт вёўся ў дзвюх хатах. У той, куды загналi Ефрасiнню i Корабава, допыт вёў палiцай Iгнат Шчарбакоў. Ефрасiння адказала на ўсе яго пытаннi даволi хiтра. Мусiць паверыў ёй, што ў яе не партызанская сям’я, i адпусцiў з дзецьмi на волю. Не паспела Ефрасiння пераступiць парог хаты, як з пакоя смяротнiкаў, дзе быў i Корабаў, закрычала жанчына:

— Не вер ёй, яе муж, як i мой, таксама партызан!

— Назад! — крыкнуў палiцай. — Давай да яе ў напарнiцы! — кiўнуў галавой у бок другой паловы хаты, адкуль данёсся голас. Ефрасiння заўпарцiлася, але некалькi палiцаяў кiнулi яе з дзецьмi ў кампанiю да смяротнiкаў.

— Усе. На выхад! — скамандаваў палiцай. — Пара i ў партызанскi рай ужо.

ЛЮТАЎСКАЕ сонца не па-зiмоваму свяцiла ярка, нават крыху грэла. Ефрасiння iшла ледзь не апошняй, несучы на руках паўгадавалага Колечку. Глыбокi снег стрымлiваў хаду, нiбы стараўся смяротнiкам падоўжыць жыццё, iскрыўся i нiбыта дыхаў не холадам, а цяплом. Сын Сашка трымаўся за спаднiцу, Маруська ледзь паўзла па снезе, а Мiшу i Лявона немцы i палiцаi падкiдвалi нагамi, як футбольныя мячыкi.

I вось старэнькая хата на ўскраiне Двора-Чарапiта. Маці старалася ўспомнiць, чыя гэта была хата, якая даўно пуставала. Але яе, як стрэл, аглушыў крык:

— Раздевайтесь!

Ефрасiння ўстрапянулася: няў- жо гэта загад ёй?

Але не. Палiцэйскiя i немцы загадвалi распранацца маладым i тым, хто меў прыстойную вопратку. Iх i першымi пагналi ў расчыненыя дзверы хаты-гнiлушкi, з якой адразу ж пачулiся стрэлы.

Ефрасiння стала як каменная, не рэагавала нi на што, не чула, як крычалi недзе далекавата Мiша i Лёня: «Мама!.. Мама!.. Мамачка!..»

Перад Ефрасiнняй стаяла, можа, трынаццацiгадовая дзяўчынка. Калi палiцай з немцамi ўпiхнулi яе ў дзверы для расстрэлу, яна маланкай выскачыла. Убачыўшы гару трупаў i мора крывi, дзяўчынка з нечалавечым крыкам кiнулася назад i пусцiлася наўцёкi. Пакуль немцы даганялі яе, Ефрасiння перакулiлася цераз кучу застрэленых людзей, а за ёй, учапiўшыся за спаднiцу, кульнуўся i Сашка. Трупы яшчэ падалi, аблiваючы маці гарачай крывёю. Мама паспрабавала варухнуцца, каб неяк даць дыхнуць Колечку, хоць адчувала, што ён ужо задыхнуўся, мёртвы. Але на ёй ляжала шмат чалавечых цел, i першым было цела той выратавальнiцы-дзяўчынкi.

Пачуўся трэск агню, i хату пачаў запаўняць горкi дым. Ефрасiння пачула, як крычалi Мiша i Лёня: «Мама!.. Мама!..» I ў момант iх галасы змоўклi. Гэта нелюдзi кiнулi iх жывымi ў полымя i яны захлынулiся ў саламяным агнi.

Маці адчула, што каля яе з боку нешта варухнулася. Напружылася, працягнула руку i натрапiла на дзiцячую ручку.

— Сашка! Сашка! Сынок! Ты?!

Iмгненна скiнула зверху некалькi забiтых. I о, цуд! Сашка! Жывы! Але было не да радасцi. Горла забiваў страшэнны дым, пачалi ўжо гарэць i сцены.

Яна ў роспачы схапiла валёнак i, зачарпнуўшы ў яго крывi, якой было ледзь не па калена, пачала залiваць агонь. Ад гэтага ён станавiўся ўсё большым i большым. У правым кутку нехта паварушыўся. «Няўжо i яшчэ ёсць нехта жывы», — падумала Ефрасiння.

— Дапамажыце!.. — пачуўся голас мужчыны, маці пазнала ў iм голас аднавяскоўца, дзядулi Сiдоркi, якi быў паранены ў ключыцу.

Разам яны вылезлi на волю. Нелюдзi нават не зачынялi дзвярэй, былi ўпэўнены, што жывых не засталося. Але смерць не ўсясiльная перад жыццём.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter