Агонь і лютасць

Думкі матэрыяльныя. Калі аб нечым доўга разважаць, гэта можа рэалізавацца. Альбо калі на ўвесь свет публічна і мэтанакіравана  запужаць, загнаць апанента “ў цёмны куток”... У такім выпадку нават кацяня пакажа свайму крыўдзіцелю “зубы і кіпцюры”. Асабліва калі ў пакрыўджанага ёсць ядзерная зброя. Доўгатэрміновае супрацьстаянне на Карэйскім паўвостраве нагадвае менавіта такі сюррэалістычны сюжэт, сапраўдную ігру нерваў.    

Апошнім часам Паўночная Карэя актыўна ўдасканальвае ўласную  ракетна-ядзерную галіну. 29 ліпеня КНДР ажыццявіла чарговы запуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты “Хвасон-14”, заявіўшы міжнароднай супольнасці, што гэта не пагражае суседнім дзяржавам, але з’яўляецца “строгім папярэджваннем для ЗША”. Паўночнакарэйскія ваенныя між іншым, калі загадае Кім Чэн Ын, маюць намер нанесці ўдар па базе амерыканскіх ВПС на востраве Гуам у Ціхім акіяне, дзе месцяцца авіябаза і ваенна-марская база Апра. Пентагон у адказ падрыхтаваў план прэвентыўнага ўдару па аб’ектах Паўночнай Карэі: ракетных часцях і выпрабавальных палігонах.

Кітай і Расія месяц таму заклікалі Паўднёвую Карэю абвясціць мараторый на ядзерныя выпрабаванні і пускі ракет, а ЗША з саюзнікамі ўстрымацца ад правядзення шырокамаштабных вайсковых вучэнняў у рэгіёне. Але іх не пачулі.

Днямі, у сувязі з дэградацыяй сітуацыі на Карэйскім паўвостраве, па прапанове Злучаных Штатаў, Савет Бяспекі ААН прыняў жорсткія захады супраць КНДР, забараніўшы краіне экспарт вугалю, жалеза, свінцу і морапрадуктаў. Яе банкаўскія рахункі замарожаны, марскім суднам, што раней парушалі рэзалюцыі ААН, забаронены ўваход у порты ўсіх дзяржаў. Пхен’ян назваў новую рэзалюцыю СБ ААН “тэрарыстычным актам”, які парушае суверэнітэт КНДР, і папярэдзіў ініцыятараў чарговых абмежавальных мер аб прыняцці “фізічных дзеянняў” у адказ.

Дарэчы, міжнародныя санкцыі СБ ААН адносна “краіны Кімаў” і Кітай, і Расія падтрымалі. Але палітрыторыка Амерыкі ўсё ж нязменная. Дональд Трамп папярэджвае сусветных лідараў аб больш рашучым і жорсткім падыходзе адносна Паўночнай Карэі, апеліруючы да тамтэйшых улад: лепш не злаваць Злучаныя Штаты і не пагражаць, бо так яны сустрэнуцца з “агнём і лютасцю, якіх раней не бачыў свет”.

Пасля гэтых слоў прэзідэнта абваліліся каціроўкі асноўных амерыканскіх прамысловых індэксаў на нью-ёркскай фондавай біржы.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter