Агню дарогі няма

Навіны аб лясных пажарах даўно і трывала заслупавалі топавыя месцы ў сусветных СМІ. Традыцыйна кожнае лета шугаюць лясы ЗША, ахутваецца дымам Грэцыя, гарыць Партугалія. Ды і ў суседняй Расіі пажары — хутчэй сумная традыцыя. У нашай краіне такога няма і, мабыць, ніколі, нават у самыя цяжкія гады, не было.


Нездарма да нас едуць пераймаць вопыт прадстаўнікі многіх замежных краін. І ўсе з ноткай белай зайздрасці і захапленнем кажуць аб сістэме не толькі тушэння, але і прадухілення стыхійных бедстваў. А гэта — цэлы комплекс мер. Сюды ўваходзіць і часовая забарона на наведванне лясоў у асабліва гарачыя перыяды. І сістэма кантролю за выкананнем правілаў пажарнай бяспекі. І выяўленне ўзгаранняў на самых ранніх стадыях.

У перыяды засухі над лясамі кружыць авіяцыя, беспілотныя лятальныя апараты. Вядзецца назіранне з сотняў вышак і мачтаў. Утрымліваюцца ў поўнай “баявой гатоўнасці” пажарныя вадаёмы, яшчэ ўзімку пачынаецца падрыхтоўка і агляд лясных станцый пажаратушэння. Калі ўсе гэтыя меры прымяняюцца ў комплексе, агню практычна не застаецца шанцу. Лічбы кажуць самі за сябе. За апошняе дзесяцігоддзе Мінлясгасам устаноўлены два гістарычныя мінімумы па плошчы, пройдзенай ляснымі пажарамі. У 2011-м агонь змог пашкодзіць 115,6 га лясоў, у 2013-м — усяго 50 га. А былі ж часы, калі знішчэнне тысяч гектараў лясоў лічылася ледзь не вымушанай нормай!

Як бы там ні было, на дасягнутым работнікі лесу спыняцца не збіраюцца. Аб гэтым гаворыць і міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч:

— У мінулым годзе абнавіўся наш ведамасны парк пажарнай тэхнікі. Мы закупілі 8 пажарных аўтамабіляў і 31 машыну павышанай праходнасці для лясной аховы. Сёння найноўшыя камеры відэаназірання ўстаноўлены на 391 вышцы. У пазамінулым годзе на базе Стаўбцоўскага лясгаса быў укаранёны вопытны ўзор базавага сегмента аўтаматызаванай сістэмы дыстанцыйнага сачэння і ранняга выяўлення лясных пажараў з выкарыстаннем сродкаў відэаназірання. У гэтым годзе такія ж сістэмы будуць укаранёныя на тэрыторыях Палескага і Мілашэвічскага лясгасаў.

Фота Сяргея Мураўскага, Віталія Піваварчыка і з архіва Міністэрства лясной гаспадаркі

Нашы лесаводы ахвотна дзеляцца набытым вопытам з калегамі з іншых краін. Больш за тое, яны заўсёды прыходзяць на дапамогу, сваім прыкладам раз за разам даказваючы: гэта не лясы ў нас вогнетрывалыя, а працуе сістэма, станаўленне і ўдасканаленне якой — заслуга Мінлясгаса, тых людзей, на якіх ускладзена вялікая адказнасць — захаваць і прымножыць багацце краіны.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter