Агеньчык у вокнах Быльчынскіх

І ў рэальнасці ёсць месца казцы. Ехала аднойчы па дарогах нашай Бацькаўшчыны, каля самага сіняга краю Белавежскай пушчы. Новая асфальтавая шаша, па-казачнаму пабудаваныя месцы для адпачынку, раптам паказальнік “Залескі Бор”. Стала цікава, як жывуць людзі тут, куды не дабраўся век высокіх тэхналогій? Ды і калодзежнай вады паспрабаваць было б не лішнім з дарогі. У невялічкай вёсцы каля дваццаці хат, на плоце вісяць чыгуны і збаны, але цішыня невыносная. Вымерла вёска. Шкада. А якую ж гісторыю моўчкі вартуюць гэтыя драўляныя сцены? І колькі такіх вёсачак засталося ў адзіноце? Узгадала, што ў рэспубліцы зараз шмат размоў пра адраджэнне такіх вось мясцін шляхам агратурызму. А тут у самы раз разгуляцца. Павінны ж застацца спадчыннікі будынкаў? Для адпачынку тут проста рай. На жаль, няма з кім пагутарыць. На адным з двароў увогуле чысціня і парадак. Нават пасека з пчоламі і патрэбны мне калодзеж. Зайшла, і ўявіце маё здзіўленне, калі скрыпнулі дзверы недзе ў хаце. Нават спужалася адразу, усплылі з дзяцінства байкі пра прывідаў. Адчыніліся сенцы, а на парозе з’явіўся… жвавенькі ветлівы дзядок. Ужо пасля, даведаўшыся ў Альбіна Міхайлавіча БЫЛЬЧЫНСКАГА, колькі яму год, здзівілася яшчэ больш. Ужо 82, а выглядае максімум на 60.

Сярод Белавежскай пушчы, у Свіслацкім раёне, я апынулася ў выміраючай вёсачцы Залескі Бор і пазнаёмілася з невядомымі яе героямі...

І ў рэальнасці ёсць месца казцы. Ехала аднойчы па дарогах нашай Бацькаўшчыны, каля самага сіняга краю Белавежскай пушчы. Новая асфальтавая шаша, па-казачнаму пабудаваныя месцы для адпачынку, раптам паказальнік “Залескі Бор”. Стала цікава, як жывуць людзі тут, куды не дабраўся век высокіх тэхналогій? Ды і калодзежнай вады паспрабаваць было б не лішнім з дарогі. У невялічкай вёсцы каля дваццаці хат, на плоце вісяць чыгуны і збаны, але цішыня невыносная. Вымерла вёска. Шкада. А якую ж гісторыю моўчкі вартуюць гэтыя драўляныя сцены? І колькі такіх вёсачак засталося ў адзіноце? Узгадала, што ў рэспубліцы зараз шмат размоў пра адраджэнне такіх вось мясцін шляхам агратурызму. А тут у самы раз разгуляцца. Павінны ж застацца спадчыннікі будынкаў? Для адпачынку тут проста рай. На жаль, няма з кім пагутарыць. На адным з двароў увогуле чысціня і парадак. Нават пасека з пчоламі і патрэбны мне калодзеж. Зайшла, і ўявіце маё здзіўленне, калі скрыпнулі дзверы недзе ў хаце. Нават спужалася адразу, усплылі з дзяцінства байкі пра прывідаў. Адчыніліся сенцы, а на парозе з’явіўся… жвавенькі ветлівы дзядок. Ужо пасля, даведаўшыся ў Альбіна Міхайлавіча БЫЛЬЧЫНСКАГА, колькі яму год, здзівілася яшчэ больш. Ужо 82, а выглядае максімум на 60.

Жылі-былі дзед з бабай, і было ў іх…

Гэта ў казцы так, а ў жыцці ў кожнага па-рознаму. У маёй гісторыі ў герояў ёсць галоўнае — простае чалавечае шчасце.

Так, Быльчынскія засталіся адны ў сваёй роднай вёсачцы. Валянціна Міхайлаўна і Альбін Міхайлавіч у свае 82 з невялікім памятаюць кожнага жыхара. І на іх вачах гэты свет пакідалі блізкія, суседзі і сябры. Вось ужо два гады старым, акрамя сваіх пчол ды грушы на падворку, пагутарыць няма з кім. Таму мне, неспадзяванаму слухачу, нарадавацца не маглі. Сцюдзёнай калодзежнай вадой напаілі ды накармілі ўласным мёдам.

— Да нас госці не часта завітваюць, — кажа Альбін Міхайлавіч. — Чатыры дачкі ды два сыны, унукі з праўнукамі — усе ў горадзе. Не бу- дзем нагаворваць на дзяцей — яны ўсё ж прыязджаюць, калі маюць час. Вы ж самі ведаеце, колькі спраў сёння. Бывае, на святы збярэцца ўся сям’я да нас. Вось тады раздолле! Тут жа паветра чыстае, а да возера проста рукой падаць. Хацелі перавезці нас адгэтуль, ды я не магу. Такую хаціну збудаваў некалі. Баюся, што разбяруць да апошняга вар’яты. Вось у суседніх хатах вокны здымаюць ды чыгуны на металалом здаюць. Прыязджалі аднойчы ўначы на аўтамабілях аднекуль злодзеі. Я сыну патэлефанаваў. Той з Пружанаў з міліцыянерамі хутка прыехаў. Спужалі трохі. Пакуль не было нікога. Як тут усё пакінуць? Мы, лічы, адны жывыя вартаўнікі.

— А я б, можа, і паехала куды да дзяцей, — разважае ўслед Валянціна Міхайлаўна. — Альбін яшчэ добра сябе адчувае, а мне вельмі ногі баляць. Адна з дачок на “хуткай” працуе, лекі прывозіць. Хадзіць доўга ўжо не магу. Толькі Альбіна аднаго не пакіну. Усё жыццё разам. Не, я ўжо да апошняга з ім.

Слухала мужа і жонку з захапленнем — нягледзячы на свае гады, трымаюць пчол, на падворку і ў хаце — чысціня. На стол заўсёды ёсць што паставіць, хоць Валянціне Міхайлаўне рухацца цяжка. А самае для мяне дзіўнае, што дзядуля з бабуляй не горш за моладзь спраўляюцца з мабільнымі тэлефонамі. Другой сувязі са знешнім светам у іх няма. І сотавыя аператары сталі проста скарбам для старых. Валянціна Міхайлаўна не толькі тэлефануе, а і SMS налаўчылася пісаць. Хаця сама тры класы школы скончыла. Але гэтыя людзі — мудрыя і вучоныя ад прыроды. Колькі выпала на долю нягод, а яны не скардзяцца на жыццё. Наадварот, усё ў іх, лічаць, добра. Адно жаданне, як кажа Валянціна Міхайлаўна, — пражыць як мага больш удваіх. Каб хто адзін без другога надоўга не застаўся.

Ад Альбіна і Валянціны Быльчынскіх я даведалася пра гэтую зямлю тое, што ні ў адной кнізе не знойдзеш. Яны самі — апошняя яе жывая гісторыя.

Дачка поўнага  Георгіеўскага кавалера

Пакуль размаўлялі пра сучаснае жыццё-быццё, я разглядвала прыбраны, утульны пакой з вялізнай рускай печчу. На сцяне заўважыла чорна-белы партрэт маладога прыгожага афіцэра з закручанымі ўверх вусамі. А на грудзях у яго красуюцца аж чатыры Георгіеўскія крыжы! Наколькі памятаю з гісторыі, стаць поўным Георгіеўскім кавалерам — вялікая пашана ў царскай арміі. А ў Беларусі быў толькі адзін такі афіцэр — Здановіч Міхаіл Іванавіч. Дакладных звестак пра яго мала. У армію мабілізаваны ў Першую сусветную вайну, служыў у 63-м Угліцкім пяхотным палку. У звестках значыцца, што нарадзіўся 22 мая 1877 года ў невялічкім мястэчку Гродзенскай губерніі (цяпер Гродзенская вобласць). Вось мястэчка, якое не ведаюць крыніцы, — гэты самы Залескі Бор, куды мне здарылася завітаць. Вымірае, хаваючы ў сабе такую гісторыю. Ды тут музей трэба адкрываць! Яшчэ адна прычына прывабіць зацікаўленых турыстаў.

— Бацька расказваў пра подзвігі, — успамінае дачка поўнага Георгіеўскага кавалера, — удзельнічаў у баях у Прусіі, Галіцыі (Аўстра-Венгрыя). У 1916 годзе прарываў германскі фронт пад Варшавай. Усе чатыры крыжы атрымаў за баі пад мястэчкам Ольстэнбург, гэта дзесь на ўсходзе Прусіі. Але ж пра подзвігі гаварыць не вельмі любіў. Відаць, цяжка было ўспамінаць. Калі цікавілася, адказваў толькі, што для яго лепш было на перадавую ісці, насустрач ворагу. А не сядзець у акопе. Сапраўды бацька быў смелым чалавекам. Нягледзячы на заслугі, вярнуўся на родную зямлю, у веску Хацянава — непадалёку была, таксама вымерла ўжо. У Залескім Боры толькі дзве хаты тады стаялі. Тут і знайшоў бацька маці. Як раней жартавалі, прымак. Значыць, да маладой перайшоў жыць.

Так вёска разрасталася. Шмат у ёй было сваякоў. Неўзабаве пабудавалі 20 хат. А ў легендарнага Міхаіла Здановіча нарадзілася дачка ды тры сыны. Нікога ўжо ў жывых не засталося, акрамя Валянціны Міхайлаўны. Да пачатку вайны гэтая зямля была пад Польшчай. Вакол Залескага Бору размяшчаліся такія ж невялічкія вёскі. Моладзь знаёмілася на працы ў полі, збіралася на вячоркі з розных куточкаў пушчы то ў адной, то ў другой вёсцы. Жылі нядрэнна. Але нядоўгім быў спакой у гэтым ціхім краі…

Навальніца

Немцы прыйшлі ў вёску з самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у 1941 годзе. Нашай гераіні толькі мінула дзесяць год, а помніцца страшны час, як сёння. Фашысцкая ўлада трымалася аж да 1944-га. Чаго толькі не прыйшлося перажыць! Двойчы зганялі ўсіх сялян на расстрэл, і двойчы менавіта бацька Валянціны Міхайлаўны ратаваў лю- дзей. Ужо быў у сталым узросце, каб ісці на фронт. Меў на той час каля 60-ці год. Новая ўлада паважала старога афіцэра. Ён добра размаўляў па-нямецку, ды са сваім характарам мог спыніць саміх фрыцаў.

—Аднойчы раніцай пачула гоман на вуліцы, — успамінае Валянціна Міхайлаўна, —маці з татам у пакоі не было.Выйшла на падворак, з хат таксама выбягалі людзі. Непадалеку, за лесам, убачыла страшэннае полымя, пачуліся стрэлы. Гарэла суседняя вёска. За аднаго забітага фашыста помсціла новая ўлада ўсім без разбору. Тады ўжо ад майго дзяцінства не засталося анічога. Гвалт пачаў нарастаць, прыехалі немцы. Усе здагадаліся, што нас чакае тое ж самае...

Усіх жыхароў Залескага Бору вялі на расстрэл. Сяляне, заліваючыся горкімі слязьмі, капалі сабе ямы. Тут выступіў Міхаіл Здановіч. Не пабаяўся падысці да галоўнага фрыца. Маўляў, людзі не вінаватыя, яны працуюць на новую ўладу. Апошняе аддаюць, каб ёй было што есці. Хітрыў аднавясковец з карнікам-фашыстам. Дзеля аднаго — каб выратаваць сваіх землякоў. І яму гэта ўдалося. Фрыц Здановіча выслухаў і адпусціў люд.

Але нават сям’я не ведала галоўнага. Увесь час Міхаіл Іванавіч рызыкаваў. Такі бяскрыўдны дзядуля — філосаф — барацьбіт за справядлівасць — быў насамрэч сувязным знакамітага партызанскага атрада імя Кірава брыгады імя Чапаева.

— Праз вёску ноччу, бывала, праходзілі людзі з вялізнымі, прывязанымі да пояса мінамі, — успамінае Валянціна Міхайлаўна. — Каля сотні чалавек! Без стука ўваходзілі ў хаты ўпяцярох. Мы адразу збіралі на стол, не запальваючы лучыну. А бацька аб нечым шаптаўся заўсёды з нейкім чалавекам з атрада. Пасля казаў, што скора будзе ўзарвана адна з нямецкіх чыгунак. Маці, можа, і здагадвалася, што да чаго. А мы, дзеці, не думалі нават пра бацькавы сувязі. Тым больш часта былі галоднымі. Фашысты аббіралі як ліпку. Мы ж стараліся хаваць ежу для партызанаў. Бацька заўсёды ведаў, калі хлопцы з атрада завітаюць. Як жа не пакарміць іх!  Яны ішлі на вялікія справы акуратна, прадумваючы кожны крок. Ды так, каб немцы не ведалі, што жыхары вёскі ім дапамагаюць. Бо фашысты помсцілі страшна.

Дзякуючы хітрыкам Міхаіла Здановіча, вёска Залескі Бор дачакалася перамогі з невялікімі стратамі. Нягледзячы на ваенныя заслугі, большую частку жыцця гэты чалавек, пра якога мала ведаюць гістарычныя крыніцы, аддаў працы на зямлі. А памёр у 1976 годзе, трохі не дацягнуўшы да ста гадоў! Узнагароды поўнага Георгіеўскага кавалера сям’я Быльчынскіх перадала ў Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей Гродзенскай вобласці.

Ад перамогі да нашых дзён…

Скончылася вайна, і ў Залескі Бор прыйшла Савецкая ўлада. Валянціна пазнаёмілася з Альбінам Быльчынскім ужо пад мірным небам.  Дарослые хлопец і дзяўчына мелі тады пад 27 год, таму доўга не думалі. Праз тры тыдні сталі мужам і жонкаю. Тым больш што брат раіў хлопца. Разам з арміі вярнуліся, разам удзельнічалі ў выпрабаваннях першай атамнай бомбы. Адважны, разумны, на год малодшы і закаханы ў Валянціну хлопец аказаўся з суседняй вёскі Хараўшчына. Там пажылі нядоўга, не спадабалася. Так Валянціна Міхайлаўна зноў вярнулася ў Залескі Бор. Муж быў на ўсе рукі майстра. Такую хаціну збудаваў, ажно 8 пакояў, з дзвюма верандамі! Вёску аднеслі да куклічскага калгаса пад гучнай назвай “Рассвет”. Там Валянціна Міхайлаўна пайшла працаваць паляводам, а пасля — малаказборшчыцай. А спраўнага мужа хутка з конюха зрабілі экскаватаршчыкам, пасля — і начальнікам. Так дванаццаць год і працаваў брыгадзірам вытворчай брыгады Залескі Бор Пружанскага будмантажнага ўпраўлення. А Валянціна да вучобы была здольная, мабыць, выяўляліся бацькоўскія гены. Асабліва добра давалася матэматыка. Яе без спецыяльнай адукацыі нават у калгас бухгалтарам запрашалі.

— Не згадзілася тады. Трэба было дзяцей у школу рыхтаваць. Якая там вучоба. Хаця шкадавала пасля. Калі малыя за кніжкамі сядзелі, з захапленнем сама задачы рашала. А вось ужо сваіх дзяцей выхоўвалі ў навуцы. Ніколі хатнімі справамі не перагружалі. Ды ў армію пасля столькі пісем адпісала. А зараз вось і мабільны тэлефон асвоіла, — з усмешкай гаворыць Валянціна Міхайлаўна. — Толькі вусцешна бывае — усё ж адны ды адны. Сабака быў, аддалі дзецям. Нават жывёле тут сумна. Выў ноччу. А ад гэтага неспакойна становіцца. Газет таксама амаль не чытаем. Ханявіцкі сельскі Савет далёка ад нас. Кожны дзень паштальён не можа сюды дабірацца. Толькі радыё слухаем.

Ды людзей добрых шмат. Вось з суседняй вёскі, хоць і далекавата, да нас завітвае сям’я, малачка ды яек прывозяць. У царкву Альбіна з сабой бяруць. У нас раней аўтобус хадзіў. Бачылі, прыпынак нават новенькі зрабілі? Але каго вазіць? Альбін аднойчы выйшаў, хацеў сам у царкву паехаць, тры гадзіны прастаяў, не прыйшоў аўтобус. Так што гэтых лю- дзей, Кольку са Стасяй, нам сам Бог паслаў. Не забывае нас і мясцовая ўлада, з сельсавета, які за 20 кіламетраў ад нас, кожны тыдзень ездзіць аўталаўка. Мабільныя тэлефоны і вадзіцеля Валеры, і прадаўшчыцы Таццяны ведаем. Бывае, закончылася што ў хаце, набярэш нумар, скажаш: Валерка, прыедзь, прывязі солі ці цукру. Заўсёды дапамогуць! А старшыня сельскага Савета Рошчына Таццяна — маладая дзяўчына, а такая руплівая. Заўсёды з намі на сувязі. Сама з урачом прыязджае. А быў свет прапаў, патэлефанавала, адразу прыехала са спецыялістам. Умомант усё наладзілі…

Адзін скарб

Гэтыя людзі проста не прывыклі шкадаваць саміх сябе. Столькі вытрываць на гэтай зямлі, прырасці да яе, адзін да аднаго. Куды там у горад? У панскі дом, як жартам кажа Альбін Міхайлавіч. Нягледзячы на хваробы, у свае гады выглядаюць цудоўна. Чыстыя, акуратныя, паважлівыя да госця. Ды яшчэ з пчоламі спраўляюцца. І самае галоўнае — аніякіх скаргаў ні на людзей, ні на жыццё. Тым больш адзін на аднаго. Да гэтай пары жонка заве мужа каханым. Няма багаццяў, няма вялікіх грошай. Ёсць адзіны скарб, які яны змаглі для сябе адкрыць — простае чалавечае шчасце ля самага сіняга краю Белавежскай пушчы.

Ад’язджала ад Быльчынскіх увечары. Сярод лесу і пустых хат адзінока гарыць агеньчык у вокнах… З вуснаў зляцела: «Дапамажы ім, Божа…»

Старшыня Ханявіцкага сельскага Савета Свіслацкага раёна Таццяна Рошчына:

— Вёска Залескі Бор аднесена да нашага сельскага Савета. Знаходзіцца яна на мяжы Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, ад Ханявіч трэба ехаць кіламетраў 20. І нягледзячы на тое, што засталіся там толькі Быльчынскія, заўсёды пасылаем да іх аўталаўку Свіслацкага філіяла Гродзенскага райпатрэбтаварыства . Возяць тавары першай неабходнасці. Сама часта езджу паглядзець, як там старыя адны? Проста дзіву даюся. Ад сацыяльнага работніка адмовіліся, гавораць, што ў іх дзеці ёсць. З імі таксама сувязь трымаем. На днях унук тэлефанаваў, скардзіўся, што ніякімі ўгаворамі не змаглі дзеда з бабаю ў горад перацягнуць. А супраць волі не пойдзеш.

На ўсялякі выпадак пазнаёміла іх з участковым міліцыянерам. Ён таксама мае на ўвазе гэту вёску. Усё ж адны там.

Спадзяёмся, што не загіне вёска. Нашчадкі пачалі ўжо пераафармляць дамы на сябе. Паехаць жыць да нас хто з іх наўрад ці захоча. А вось для агратурызму, лічу, там сапраўдная раскоша!

На здымках: Альбін Міхайлавіч і Валянціна Міхайлаўна Быльчынскія; Міхаіл Здановіч, поўны Георгіеўскі  кавалер.

Ганна ЖУКОЎСКАЯ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter