Агарнуць жыватворным святлом

У шлях зноўку рыхтуецца экспедыцыя «Дарога да святыняў»

У шлях рыхтуецца экспедыцыя «Дарога да святыняў».

Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» — неад’емная частка Дня беларускага пісьменства. Па традыцыі гэтае штогадовае паломніцтва пачынаецца за некалькі дзён да свята, якое традыцыйна адзначаецца ў першую нядзелю верасня. Вядомыя дзеячы культуры і мастацтва, навукоўцы, прадстаўнікі духавенства выпраўляюцца з Мінска да чарговай сталіцы Дня беларускага пісьменства. Разам з паломнікамі ў шлях рушыць нязменны сімвал свята — Непагасная лампада Духоўнасці з Жыватворным агнём ад Труны Гасподняй. Гэтая святыня, запаленая ў Іерусаліме, захоўваецца ў Свята-Духавым кафедральным саборы. Але штогод пакідае сцены храма, каб, падарожнічаючы па краіне разам з экспедыцыяй, агарнуць сваёй цеплынёй і святлом сэрцы і душы як мага большай колькасці людзей. Жыватворны агонь перадаецца ў капліцы, манастыры, цэрквы, дзіцячыя дамы, школы, бальніцы, на свечкі прыхаджанам, запальваецца ля помнікаў мужнасці і славы нашага народа.

Як паведамляе БЕЛТА, сёлетняя Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», прымеркаваная да юбілейнага ХХ Дня беларускага пісьменства, адправіцца з Мінска 28 жніўня. Жыватворны агонь ад Труны Гасподняй будзе пранесены па маршруце Мінск — Святое Поле каля вёскі Загор’е — вёска Сталовічы (Брэсцкая вобласць) — горад Стоўбцы, пасёлак Міханавічы (Мінская вобласць) — гарадскі пасёлак Круглае, горад Дрыбін — вёска Расна — горад Чавусы, вёскі Гамарня і Баркалабава (Магілёўская вобласць).

Першага верасня лампаду даставяць у Быхаў, які сёлета прыме Дзень беларускага пісьменства. Менавіта з яе прыбыццём у горадзе распачнуцца святочныя ўрачыстасці.

Арганізатары рыхтуюць цікавую праграму. У прыватнасці, запланаваны канцэрт і фестываль гарадоў — сталіц Дня беларускага пісьменства. Нагадаем, у розныя гады ён адзначаўся ў Полацку, Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім.

Па традыцыі на ўрачыстым адкрыцці будуць узнагароджаны пісьменнікі, якія перамаглі ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы літаратурны твор. У час святкавання Дня беларускага пісьменства ў Быхаве будуць арганізаваны пляцоўкі для літаратурных выстаў-продажаў, творчых прэзентацый і сустрэч, гістарычных тэатралізаваных экспазіцый і канцэртаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter