Вось-вось распачнецца новы тэатральны сезон. Што ен нам падорыць?

Афіша кліча

Лета заканчваецца, а гэта значыць, што вось-вось распачнецца новы тэатральны сезон. Заўтра, як гэта ўжо адбываецца некалькі гадоў запар, першым яго адкрые Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя  М. Горкага. Мы зазірнулі ў восеньскую афішу і даведаліся, якія прэм’еры чакаюць нас у бліжэйшыя месяцы.

«Падводнікі» ў пастаноўцы Сяргея КАВАЛЬЧЫКА сёлета адкрыюць тэатральны сезон

Булгакаўская кватэра

У Горкаўскім гэты сезон 85-ы. А гэта значыць, што будуць сюрпрызы. Першы з іх — ужо 7 кастрычніка. Толькі-толькі выпусціўшы «Падводнікаў» (яны, дарэчы, і адкрыюць сезон), рэжысёр Сяргей Кавальчык узяўся за новы спектакль. У «Гарачых мамачках» па аднайменнай п'есе Дэвіда У. Крыстнера дзеючых асоб няшмат, але толькі зоркі. Тры народныя артысты Беларусі — Бэла Масумян, Вольга Клебановіч і Аляксандр Ткачонак, двое заслужаных — Андрэй Душачкін і Аляксандр Брухацкі, а таксама Валерый Шушкевіч і Вікторыя Кавальчык.


У юбілейным сезоне ў Горкаўскі запрасілі маладога расійскага рэжысёра Паўла Проніна. Ён збіраецца здзівіць публіку булгакаўскай «Зойчынай кватэрай». Ну і бліжэй да канца восені адбудзецца святочны вечар тэатра, рэжысіраваць які даверылі Валянціне Ераньковай.

Хваробы нашага часу

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры таксама 85-ы сезон. І першы падарунак для аматараў оперы ўжо 8 верасня. Новую «Травіяту» ставіць латвійскі рэжысёр Андрэйс Жагарс. Для нашага Вялікага гэта будзе ўжо шостая пастаноўка легендарнай оперы Джузэпэ Вэрдзі.

У цяперашняй версіі гледачы ўбачаць сваіх сучаснікаў: дзеянне гэтай оперы перанесена ў Парыж XXI стагоддзя. Адпаведна «зменіцца» і хвароба галоўнай гераіні Віялеты. У наш час медыцына лёгка спраўляецца з сухотамі, але вось анкалогія дагэтуль перапыняе жыцці, у тым ліку маладых і прыгожых людзей.


— Але галоўнае, пра што я хачу сказаць, — гэта праблема публічнай адзіноты, — Андрэйс раскрывае сутнасць пастаноўкі. — Людзі ствараюць уражанне добрага, наладжанага, шчаслівага, камфортнага жыцця. Але ў рэчаіснасці яны бязмерна самотныя. За радасцю і шчасцем хаваецца неверагодны боль — ад неразумення, няшчырасці, адсутнасці сяброў і каханых. Як рэдка можна сустрэць сапраўднае каханне. А сустрэўшы яго — страціць назаўсёды. Вось сапраўдная трагедыя.

— Чым больш вядомая опера, тым складаней яе ставіць, — упэўнены дырыжор-пастаноўшчык Андрэй Галанаў, які вельмі дакладна параўнаў працу над «Травіятай» Джузэпэ Вэрдзі з працай драматычнага рэжысёра над шэкспіраўскім «Каралём Лірам». — Паверце, значна спакайней ставіць малавядомую оперу. А знайсці сябе ў музыцы, якую ўсе ведаюць, вельмі няпроста, бо паўтарацца ой як не хочацца... Мне вельмі падабаецца, як працуе запрошаны рэжысёр Андрэйс Жагарс, таму што сам люблю дэталёвую працу. Але самае галоўнае — ён звяртаецца да чалавечых узаемаадносін, дзякуючы чаму спектакль ажывае. І не важна, што Андрэйс перанёс час дзеяння. Гэтая гісторыя актуальная і ў наш час, а змены абсалютна не супярэчаць задуме кампазітара.

Наперадзе ў Вялікім яшчэ балетная прэм'ера «Карсар», юбілейны вечар Валянціна Елізар'ева, творчыя вечары Андрэя Галанава, Андрыса Ліепы і шмат іншых мерапрыемстваў.

І яшчэ адна навіна з Вялікага. Запрошаным галоўным дырыжорам тэатра стаў Джанлука Марчана. Яго называюць дырыжорам свету. Ён цесна супрацоўнічае з опернымі тэатрамі Англіі, Чэхіі, Італіі і гэтак далей. І ўжо 17 верасня маэстра будзе дырыжыраваць операй В.А. Моцарта «Вяселле Фігаро».

Пакутлівае злачыннае пачуццё

У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры ўжо некалькі месяцаў поўным ходам ідуць рэпетыцыі фолк-рок-мюзікла «Трыстан і Ізольда» вядомага кампазітара і пісьменніка Алана Сімона. Рэжысіраваць і ставіць харэаграфію запрасілі заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Мікалая Андросава, які зусім нядаўна ставіў у нас мюзіклы Кіма Брэйтбурга «Блакітная камея» і «Джэйн Эйр».


Асновай сачынення Алана Сімона стала старадаўняя кельцкая легенда, якая да ХІІ стагоддзя трансфармавалася ў сярэднявечны раман пра каханне рыцара Трыстана і прынцэсы Ізольды. Героі па фатальнай выпадковасці выпілі любоўны напой і асуджаныя на пакутлівае злачыннае пачуццё. Гэты сюжэт на працягу стагоддзяў служыў крыніцай натхнення і шматразова распрацоўваўся паэтамі, драматургамі, мастакамі і музыкантамі.

Мікалай Андросаў ужо двойчы працаваў з гэтым музычна-літаратурным матэрыялам. Французскі варыянт уяўляе сабой у большай ступені шоу-мюзікл, навасібірскі ж — паўнавартасны спектакль з разгорнутымі драматычнымі сцэнамі. Якой будзе мінская пастаноўка? Рэжысёр пакуль не дае канчатковага адказу, не раскрывае інтрыгу да канца.

Мары пра Маскву

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі распачне сезон спектаклем «Бетон». Гэта доўгачаканая пастаноўка Яўгена Карняга, у якой ён не толькі рэжысёр, але і аўтар п’есы. Вядома ж, не будзе сядзець без справы і мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Гарцуеў. Зараз ён разважае над п'есамі «Пакуты разважных» Сяргея Рубэ і «З вучылішча» Андрэя Іванова. Замест «Сталіцы Эраўнд», якая сёлета была знята з афішы РТБД, з’явіцца новая работа Сары Токінай. Гэты цікавы рэжысёр абрала твор Віталя Каралёва «Москаў дрымінг». Словам, у гэтым сезоне ў тэатры зноў шмат эксперыментаў і нечаканасцей.


Вучыце польскую

У Маладзёжным тэатры зараз працуюць над беларуска-польскім праектам, арганізаваным сумесна з універсітэтам імя Адама Міцкевіча. Ён прымеркаваны да двухсотгоддзя з дня смерці Тадэвуша Касцюшкі — кіраўніка паўстання 1794 года, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы, Літвы і ЗША. Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля «Урок польскай» паводле п'есы Ганны Баярскай, якая апісвае апошнія гады жыцця Тадэвуша Касцюшкі, — А. Вайтышка з Польшчы. Прэм'ера прызначаная на кастрычнік.

Шэкспіраўскія страсці па-беларуску

А ў Пінску ў Палескім драматычным тэатры рыхтуюцца да прэм'еры спектакля «Рагнеда». Першы паказ гістарычнай пастаноўкі паводле п'есы вядомага беларускага драматурга Аляксея Дударава, якая ў арыгінале завецца «Палачанка», запланаваны на кастрычнік.


— У аснову пакладзена беларуская інтэрпрэтацыя шэкспіраўскага «Макбета». У спектаклі ёсць нямала разыходжанняў з гістарычнай праўдай. У нас будзе гісторыя пра каханне. Гэтая пастаноўка стане падарункам Пінску да яго 920-годдзя, — расказвае рэжысёр Павел Марыніч.

У гэтым сезоне ў Палескім драмтэатры плануюць паказаць не менш як пяць прэм'ер. У прыватнасці, восенню адбудзецца прэзентацыя спектакля па п'есе Алехандра Касона «Дрэвы паміраюць стоячы», над якім працуе рэжысёр Алена Гаўрыловіч.

Што ёсць норма?

Тэатр «Тэрыторыя мюзікла» рыхтуе прэм'еру ліцэнзійнага брадвейскага мюзікла Next to normal («Недалёка ад нормы»). На радзіме спектакль атрымаў 11 намінацый і 3 вышэйшыя амерыканскія прэміі ў галіне музычнага тэатра TonyAward, а таксама Пулітцэраўскую прэмію ў намінацыі «Драма». Нездарма спектакль вытрымаў больш за 700 пастановак на Брадвеі: мюзікл сучасных аўтараў Тома Кіці і Браяна Ёрка падымае важныя жыццёвыя тэмы, даволі нязвыклыя для тэатра.

Сюжэт будуецца вакол жанчыны, якая пакутуе на біпалярнае расстройства, і паказвае, як хвароба блізкага чалавека адлюстроўваецца на ўсіх, хто знаходзіцца побач. Гэта ўважлівы, глыбокі і суперажывальны творчы погляд на тое, што такое нармальная сям'я і якім размытым і складаным можа стаць само паняцце «норма».

— Музычная драма Next to normal дазволіць прадэманстраваць беларускаму гледачу раней невядомыя магчымасці жанру, які традыцыйна ў нашай краіне лічыцца выключна забаўляльным. Тады як на самай справе мюзікл здольны закранаць вострыя сацыяльныя пытанні і надзвычай глыбока ўздзейнічаць на аўдыторыю, — рэжысёр Анастасія Грыненка не сумняваецца ў поспеху пастаноўкі. — Упершыню ў рускамоўнай прасторы мюзікл будзе прадстаўлены менавіта ў Беларусі. Лібрэта спецыяльна перакладзена на рускую мову для тэатра «Тэрыторыя мюзікла».

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter