Мы проверили, как ретейл выполняет новые правила оформления ценников

Адзiнкi вымярэння праўды

З 21 лютага ўступілі ў сілу змяненні ў правілах продажу асобных відаў тавараў. З гэтага часу ў крамах, павільёнах, аўтамагазінах і віртуальным рэтэйле на цэнніку акрамя лічбаў, якія абазначаюць цану, павінен быць указаны кошт кілаграма або літра прадукцыі. Гэтая інфармацыя спросціць жыццё пакупніку, пазбавіць яго ад рашэння нялёгкага ўраўнення — адразу відаць, колькі і за што ён плаціць. Карэспандэнт «Р» вырашыў праверыць, наколькі скрупулёзна крамы выконваюць гэтае правіла.

Як правіла, кошт адзінкі масы альбо аб’ёму паказваецца менавіта на цэнніку.
lyberti.com

Нюансы маркіроўкі

Нагадаем, што такім чынам афармляць цэннік трэба для харчовых прадуктаў, маса або аб’ём упакоўкі якіх менш або больш за кілаграм ці літр. Выключэнне — для набораў тавараў, алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва, яек, а таксама харчовых прадуктаў, упакоўкі якіх менш за 50 грамаў або 50 мілілітраў. Дзе менавіта павінна быць указана такая інфармацыя? Начальнік аддзела метадалогіі ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Шпак растлумачыла дэталёва:


— У адпа­веднасці з правіламі цана павінна даводзіцца не толькі на цэн­ніку, але і ў іншых крыніцах інфармацыі, якія распаўсюджваюцца для пакупнікоў у гэтым гандлёвым аб’екце. Напрыклад, у лістоўках або буклетах. Як правіла, кошт адзінкі масы альбо аб’ёму паказваецца менавіта на цэнніку. Пры гэтым аб’екты гандлю самі вызначаюць памер шрыфта і месца размяшчэння дадзенай інфармацыі на цэнніку. Гэта лагічна з пункта гледжання зручнасці ўспрымання. Прынамсі, у МАРГ скаргаў з гэтай нагоды яшчэ не паступала.

У сваю чаргу, калі мы гаворым пра інтэрнэт-краму, то дадатковая інфармацыя таксама павінна паказвацца на сайце.

Выхад у рэтэйл

Усё быццам бы зразумела. Але як засвоіў гэтыя простыя правілы гандаль? Па адказ накіроўваемся ў бліжэйшы сталічны магазін. Для мяне гэта сеткавы супермаркет па вуліцы Сурганава. Тут усё нармальна — кошт літра і кілаграма ўказаны на цэнніках. Шрыфт зручны — разгледзець можна. На ўваходзе ў гандлёвую залу садавіна і гародніна. Ніякіх праблем у гэтым аддзеле. Усё ў парадку ў бакалеі з алеем і крупамі. Увагу прыцягнула дзіцячая сухая малочная сумесь: цана за кілаграм на цэнніку адсутнічала. Аператар ветліва выслухала пытанне, тут жа разлічыла разам са мной, колькі мне прыйдзецца заплаціць за кілаграм, забрала цэннік і замяніла яго на выпраўлены. Аператыўна і без лішніх слоў.

Падчас шопінгу заўважыў: на дзіцячым пюрэ абазначана цана за 100-грамовы слоічак, а не за 1 кілаграм. Аналагічна — за 100-мілілітровыя тэтрапакі дзіцячага соку. У МАРГ растлумачылі — гэта варта разглядаць як парушэнне. Кошт усё ж павінен быць указаны згодна з правіламі: 1 кілаграма або 1 літра. У астатнім у краме з цэннікамі ўсё на належным узроўні.

І ва ўніверсаме па вуліцы Якуба Коласа парушэнняў не знайшоў — дадатковая інфармацыя на цэнніках прысутнічае. Усё чытэльна і па адным узоры. Зрэшты, ёсць і сумнае выключэнне: на дзіцячым пячэнні была абазначана цана за 100 грамаў, пры гэтым пачак важыў 150 грамаў.

Аб’екты гандлю самі вызначаюць памер шрыфта і месца размяшчэння дадатковай інфармацыі на цэнніку.
open4business.com.ua

Крама па праспекце Неза­лежнасці недалёка ад кіна­тэатра «Октябрь»: на літровых бутэльках з ліманадам напісаны кошт літра, хоць па правілах у гэтым выпадку дадатковую цану можна не пазначаць.

Наступная гандлёвая кропка засмуціла: прапануюць тавары па акцыі, але, напэўна, у спешцы забылі прамаркіраваць цану за адзінку масы. Але пасля таго як спытаў, вельмі аператыўна ўсё паправілі. А вось на цацках у шакаладных яйках чамусьці паказалі цану за кілаграм. Як растлумачылі ў МАРГ, гэтага рабіць не трэба, бо падобныя вырабы падпадаюць пад катэгорыю тавараў, якія прадаюцца ў наборы.

Такім чынам, можна падвесці некаторыя вынікі паходу. Усе крамы імкнуцца выконваць новыя патрабаванні і паказваць кошт літра або кілаграма на цэнніках. Нараканняў да шрыфта таксама няма — магчыма прачытаць і зразумець кошт. Знойдзеныя агрэхі пагоду, мабыць, не робяць: чым шырэй асартымент у краме і чым больш у ёй акцый, тым больш можа быць нюансаў. Зрэшты, справа новая і не ўсе яшчэ прывыклі ўказваць цэны за кілаграм або літр.

Стымуляваць хуткае фармі­раванне такой звычкі павінен дапамагчы артыкул 12.17 «Парушэнне правілаў гандлю і аказання паслуг насельніцтву» Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Ён прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць і штраф да 10 базавых велічынь за падобнае парушэнне. Паўторнае парушэнне на працягу года абыдзецца да 30 базавых велічынь. Пры гэтым варта памятаць, што неабходнасць указання цаны за літр і кілаграм распаўсюджваецца толькі на крамы, павільёны і аўтамагазіны. Кіёскі, ларкі, палаткі пад правіла не падпадаюць.

Аднак да штрафаў пакуль справа не дайшла. Начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна Емяльянава растлумачыла: спецыяльныя маніторынгі адпаведнасці афармлення цэннікаў заканадаўству ўпраўленне гандлю і паслуг Мінгарвыканкама не праводзіла:

— Тым не менш пры разглядзе зваротаў грамадзян, якія датычацца пытанняў работы магазінаў Мінска, у тым ліку звяртаецца ўвага на пытанне афармлення цэннікаў на тавары з указаннем кошту кілаграма і літра. Праблем з гэтым яшчэ не было. Ні адной скаргі з 21 лютага, пасля афіцыйнага ўступлення ў сілу новых правілаў, не паступала.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter