Аргументавана і цвёрда адстойваў сваю пазіцыю дзяржаўны дзеяч Мікалай Дземянцей

Адзiн не вывучаны жыццёвы ўрок

Мікалай Дземянцей ніколі не шкадаваў сябе дзеля незалежнай Беларусі
НАШЧАДАК працавітага сялянскага роду  вядомы  дзяржаўны і палітычны дзеяч Беларусі Мікалай ДЗЕМЯНЦЕЙ з дзяцінства марыў працягваць справу сваіх продкаў. Закончыў Смальянскі сельгастэхнікум, аграфак Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі, Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС. Працаваў на летніх канікулах трактарыстам у роднай вёсцы Хотліна Чашніцкага раёна, выкладаў у Віцебскай сельскагаспадарчай школе, узначальваў агранамічную службу і кіраваў Полацкай машынна-трактарнай станцыяй. Пачынаючы з інструктара Віцебскага абкама партыі больш як тры дзесяцігоддзі займаўся партыйнай і савецкай работай: кіраваў Віцебскай і Ушацкай раённымі партыйнымі арганізацыямі, Віцебскім райвыканкамам, загадваў сельгасаддзелам і быў сакратаром Віцебскага абкама партыі, інспектарам, загадчыкам сельгасаддзела і сакратаром ЦК КПБ, узначальваў Прэзідыум Вярхоўнага Савета і Вярхоўны Савет БССР, які 27 ліпеня 1990 года прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. Выбіраўся народным дэпутатам СССР, членам Савета Федэрацыі СССР. Прызначаўся членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.


За значны ўклад у гаспадарчае і дзяржаўнае будаўніцтва Мікалай Іванавіч адзначаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, тройчы — Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, Айчыны трэцяй ступені, медалямі “За працоўную адзнаку”, “За доблесную працу”, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, іншымі ўзнагародамі і памятнымі знакамі.

МАТРОСУ Герасіму Лазарэвічу з браняпалубнага крэйсера “Вараг” пашчасціла застацца ў ліку жывых маракоў пасля трагічнага бою на пачатку 1904 года з японскай марской эскадрай каля карэйскага порта Чэмульпа. Уцалелыя варагаўцы высадзіліся на нейтральныя караблі, а пашкоджаны крэйсер, каб не здаваць ворагу, затапілі. Праз нейтральныя воды дабраліся да Адэсы і адтуль  — у Пецярбург. Мужных герояў вітаў імператар Мікалай Другі. Кожны марак атрымаў ад цара ў падарунак гадзіннік. З імянным прэзентам вярнуўся на родную Віцебшчыну варагавец Герасім Лазарэвіч. Ажаніўся на мясцовай дзяўчыне Марыі. 

У час вядомай сталыпінскай зямельнай рэформы, якая прадугледжвала стварэнне хутарскіх гаспадарак, разам з братамі Ігналіем і Пятром узялі ў арэнду балоцістую нізіну паміж вёскамі Грынькі і Лазукі ўздоўж выцягнутага на дзесяць кіламетраў чашніцкага возера Жэрына. Пракапалі канавы, знішчылі хмызнякі і сталі гаспадарыць на асвоенай зямлі. Кароў, коней, авечак, свіней і розную хатнюю птушку гадавалі. На парослы вербалозам і густымі травамі востраў, што ўзвышаўся над воднай прасторай шырокага возера, вывозілі летам авечак, і там да зімы яны гадаваліся. 

Захапіўся былы варагавец і пчалярствам. Старэйшая дачка Сафія дапамагала бацьку. Глядзела яна і малодшых брацікаў і сястрычак. Дзесяцярых дзетак выхавалі Марыя і Герасім. 

Браты Лазарэвічы славіліся працавітасцю і майстэрствам. Выраблялі цудоўную мэблю. Герасім вырабіў куфар, стол і шафу ў пасаг дачцэ Сафіі, якая выйшла замуж за сялянскага сына Івана Дземянцея. 

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі новая ўлада прызнала хутаран Лазарэвічаў заможнымі. Герасіма Сымонавіча прымусілі аддаць новы дом пад школу. Прыюціла бацьку дачка Клава ў аршанскай вёсцы Слабада. Свае сядзібы вымушаны  былі пакінуць і паехаць у свет браты Ігналій і Пятро. 

— Праз дзесяцігоддзі ў дзедавым доме здаваў школьныя экзамены, — адзначае Мікалай Іванавіч Дземянцей. – Як і маці Соф’я Герасімаўна, так і бацька Іван Васільевіч, які цудоўна іграў на мандаліне, са шматдзетных сем’яў. Аднойчы ён крочыў па вуліцы з гэтым музычным інструментам, і знянацку накінуліся сабакі. Так адбіваўся, што ў руках засталіся грыф і павіслыя струны мандаліны. 

На буксіры, што курсіраваў па Заходняй Дзвіне ад Бешанковічаў да Рыгі, бацька адправіўся на заробкі ў Латвію. Кляпаў катлы на Рыжскім заводзе паравых машын. Зарабіў грошы і прыдбаў абноўкі. У бліскучых хромавых чобатах прыехаў дамоў. Раніцай прайшоўся па роснай траве і агледзеў, што раз’ехаліся ад вільгаці халявы, якія аказаліся кардоннымі. 

СЯМЕЙНАЕ жыццё бацькі пачыналі ў пасёлку Рэчкі, пабудаваным у былым маёнтку пана Маеўскага. Уступілі ў таварыства па апрацоўцы зямлі, якое стала сельскагаспадарчай арцеллю. У яе перадалі свой зямельны надзел, сельскагаспадарчы інвентар і жывёлу. Дом з Рэчак перанеслі ў вёску Хотліна. Сяляне выбралі бацьку старшынёю сельгасарцелі “Свабода”, якою ён кіраваў дзесяцігоддзе.

— Якую бацька меў адукацыю?

— Як і маці, закончыў пачатковую школу. Маці імгненна перамнажала трохзначныя лічбы. Дапамагала нам рашаць школьныя задачы. Падказвала ход, і атрымліваўся правільны адказ. Па костачках на руцэ і па фазе месяца вызначала, калі ў якім годзе выпадае Вялікдзень. Добра ведала ўсе асноўныя малітвы. Усіх шасцярых нас бацькі хрысцілі ў царкве чашніцкай вёскі Вялікае Азярэцкае. 

На кукурузным полі ў Магілёўскай вобласці. 1981 г.

Мірнае жыццё перарвала вайна. Разам з іншымі землякамі бацька пайшоў на фронт. Праз некалькі дзён пасля абвяшчэння нападу гітлераўскай Германіі варожыя самалёты ўжо бамбілі чыгуначную станцыю Вятны, што побач з нашай вёскай. Па лепельскім шляху ў напрамку Оршы адступалі чырвонаармейцы. Вакол усё палала. 

З сябрамі на месцах былых баталій мы збіралі зброю, чысцілі, змазвалі, замотвалі ў анучы і закопвалі за рэчкай Свячанкай. Кіраваў намі крыху старэйшы Іван Каваленка. Ад яго на пачатку зімы даведаліся пра народных мсціўцаў, якія атабарыліся ў навакольных лясах. Партызанкай стала сястра Галіна. 

І мы, вясковыя падлеткі, знайшлі шлях да народных мсціўцаў, дзе вадзілі на вадапой і выпасалі коней. Насілі ў атрад махорку, якую выраблялі з самасаду, што рос на вясковых агародах. Сушылі пад павеццю лісце і нажом дробна нарэзвалі.

— А больш адказныя заданні партызан даводзілася выконваць?

— Хадзілі па навакольных вёсках Вяцеры, Малыя і Вялікія Азярэцкія. Запаміналі, колькі там гітлераўцаў. Каб не трапіць у рукі акупантаў ці паліцаяў, у кошыках насілі некалькі бульбін ці буракоў. Рабілі выгляд, што пабіраемся.

Партызанскія атрады не давалі спакою ворагу. Знянацку нападалі на іх гарнізоны, узрывалі чыгуначныя эшалоны. Азвярэлыя фашысты ўстройвалі карныя экспедыцыі. Па даносах паліцаяў яны зганялі сялян у будынкі і падпальвалі. Пад’язджаючы да чарговай вёскі, абстрэльвалі яе і абкладалі мінамі. Асколкамі ўзарванай міны цяжка параніў нагу. Пачалося загнаенне малой галёначнай косткі. Ступіць не мог. Маці пераправіла мяне ў партызанскі шпіталь, дзе прымусілі выпіць шклянку самагону і без наркозу выразалі пашкоджаную костку. Далечваўся дома. 

Амаль паўгода ў нашай хаце патаемна лячыўся паранены кулямётчык Андрэй Грыцэнка, якога потым партызаны пераправілі самалётам праз лінію фронту. 

Маці ўмела па-свойму лячыць хворых на тыф і малярыю. На паперцы нешта запісвала, камячыла яе і спальвала на сподзіку, а попел хворыя запівалі вадою. І праз некалькі дзён яны адужвалі. Умела прымаць роды, і нават хірургіяй займалася. Бацька прывёз да вайны з Рыгі нямецкую небяспечную брытву, якую маці выкарыстоўвала замест спальпеля. Сусед з загноенай пяткай ледзьве пераступіў наш парог, а праз тыдзень пасля аперацыі, якую правяла маці, стаў на нагу ступаць. 

У канцы чэрвеня 1944 года ўсёй вёскай высыпалі да пераправы на рэчцы Свячанка сустракаць чырвонаармейцаў, якія гналі ворагаў на Захад. Аднавіў дзейнасць калгас. Рабочых рук не хапала. Да прыходу з фронту бацькі на канікулах працаваў на трафейным трактары “Універсал”. 

ЗАКОНЧЫЎ Вяцельскую сямігодку і паступіў на агранамічнае аддзяленне Смальянскага сельгастэхнікума. У час вучобы пасябраваў з аднакурсніцай Вольгай   Ульчонак,  бацька  якой  не вярнуўся з вайны.  Дзяўчына    часта  ездзіла   дамоў на Талачыншчыну, каб дапамагчы маці, у якой   падрасталі  двое  меншых дзяцей. Разам з братам Германам Вольга лоўка лавіла кашом рыбу ў рацэ Друць. Умела касіць і хадзіць за плугам. Доўга прыглядалася да мяне. Толькі праз шэсць гадоў пажаніліся.

— Дзе пачыналі працоўную дзейнасць як аграном? 

— Выкладчыкам у Віцебскай сельскагаспадарчай школе па падрыхтоўцы кадраў сярэдняга звяна. Завочна закончыў агранамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Узначальваў агранамічную службу, а потым  кіраваў Полацкай МТС. Некалькі разоў даводзілася пераязджаць у Віцебск і Мінск. 

Запомніліся плённыя гады працы на пасадзе першага сакратара Ушацкага райкама партыі. Завітваў да нас Пётр Міронавіч Машэраў. Дзякуючы яго падтрымцы паўстаў велічны мемарыяльны комплекс “Прарыў” на месцы, дзе 16 партызанскіх брыгад на чале з будучым Героем Савецкага Саюза Уладзімірам Лабанком у 1944 годзе вырваліся з варожага акружэння і змагаліся з фашысцкімі карнымі атрадамі да прыходу часцей Савецкай Арміі. Разам з партызанамі змаглі вызваліцца і больш як пятнаццаць тысяч мірных жыхароў. 

Працуючы на адказных пасадах у Віцебску і Мінску, суправаджаў Пятра Міронавіча ў паездках па рэгіёнах. На палях і фермах гутарылі з вяскоўцамі пра жыццё, цікавіліся іх праблемамі. Кожная такая паездка абагачала ўражаннямі.

— Мікалай Іванавіч, у 1975 годзе, калі вы ў Віцебскім абкаме партыі адказвалі за сельскую гаспадарку, вобласць упершыню выйшла на ўраджайнасць збожжавых у 26 цэнтнераў на круг. Гэта быў лепшы паказчык сярод абласцей рэспублікі. Такі год удаўся ці што іншае пасадзейнічала поспеху?

— Тая вясна на Віцебшчыне выдалася надзвычай ранняй. Пасля з’яўлення ўсходаў вярнуліся замаразкі. Зямля так за ноч умярзалася, што калі пускалі бароны па полі, то з карэннем вырываліся пласты збожжавых. На мяне накінуліся, чаму загадаў раней звычайнага сеяць. Да мінус чатырох градусаў апускалася тэмпература. Пэўна, мне перадалася моцная жылка ад дзеда Герасіма, што служыў на крэйсеры “Вараг”. Цвёрда адстойваў сваю пазіцыю, бо ведаў, што злакавыя культуры вытрымліваюць нават шэсць градусаў марозу. У такой сітуацыі колас раней з’яўляецца і замаразкі адмоўна не адбіваюцца на выніках. І лета выдалася спрыяльным для паспявання і ўборкі збожжавых. Вобласць выйшла ў лідары па намалотах. 

— А вам праз год прапанавалі ўзначаліць сельгасаддзел ЦК Кампартыі Беларусі, а потым узняліся і да сакратара ЦК. Рэспубліка аграрная, і адказнасць на такой пасадзе высокая. Адчувалі гэта?

— Сельская гаспадарка набірала тэмпы. Штогод раслі эканамічныя паказчыкі. Будаваліся буйныя жывёлагадоўчыя комплексы, смела ўкараняліся самыя сучасныя тэхналогіі. У рэспубліку ехалі з іншых рэгіёнаў СССР вучыцца гаспадарыць. На базе нашых лепшых калектываў праводзіліся ўсесаюзныя семінары перадавога вопыту. Нам было што паказаць.

— І нашы земляробы прагна пераймалі лепшае ў іншых гаспадароў. Памятаю, як на пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя вы ўзначальвалі беларускую дэлегацыю на Усесаюзнай нарадзе па вырошчванні збожжавых, што праводзілася ў Краснадарскім краі. Ураджайнасць пшаніцы на багатых чарназёмах перавышала сорак цэнтнераў з гектара. Пэўна, для нашых хлебаробаў тады гэта была запаветная мара?

— Па ўрадлівасці нашы землі значна ўступаюць краснадарскім. Але дзякуючы старанню і майстэрству людзей за некалькі дзесяцігоддзяў для многіх беларускіх гаспадарак такі рубеж стаў нормай. Многія гаспадаркі і раёны за апошнія дзесяцігоддзі стабільна высока трымаюць планку па ўраджайнасці сельгаскультур. Сельская галіна паспяхова развіваецца. Шмат калектываў дасягнулі сусветных стандартаў эфектыўнасці вытворчасці. Пастаянна цікаўлюся справамі на палях і фермах і радуюся кожнаму поспеху. 

— Ганарыцеся, што ваш подпіс як Старшыні Вярхоўнага Савета БССР зафіксаваны пад важным гістарычным дакументам – Дэкларацыяй аб дзяржаўным суверэнітэце БССР?

— Ганаруся і тым, што на пасадзе сакратара ЦК КПБ узначаліў камісію па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, якія мелі месца ў перыяд 30—40-х і ў пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Шмат падзяк атрымаў ад грамадзян, чые сваякі былі рэпрэсіраваныя. Сярод пацярпелых былі і два мае родныя дзядзькі: начальнік Койданаўскага райаддзела міліцыі Іосіф Васільевіч Дземянцей і начальнік штаба Уральскай ваеннай акругі Мікалай Васільевіч Дземянцей, які сябраваў з палкаводцам Канстанцінам Канстанцінавічам Ракасоўскім.

Варта адзначыць такі факт, што на заключным этапе падрыхтоўкі да прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, як старшыня Канстытуцыйнай камісіі, я ўнёс прапанову знізіць узроставую планку для прэтэндэнтаў на прэзідэнцкі пост да 35 гадоў. Праект Канстытуцыі вызначаў мінімальны ўзрост будучага кіраўніка дзяржавы 40 гадамі. Большасцю галасоў дэпутатаў прапанова была прынята. Жыццё пацвердзіла правільнасць гэтай папраўкі. Дзяржаву ўзначаліў малады энергічны Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

 Гістарычным фактам засталося тое, што пры абмеркаванні складу парламенцкай камісіі па падрыхтоўцы Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР з трох прапанаваных да разгляду менавіта мой варыянт важнага гістарычнага дакумента 27 ліпеня 1990 года быў прыняты большасцю дэпутацкіх галасоў. Праз месяц пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР надала дэкларацыі сілу закона.

— З чаго пачынаўся так званы парад суверэнітэтаў? 

— У снежні 1990 года на чарговай сесіі Вярхоўнага Савета СССР Барыс Мікалаевіч Ельцын перадаў мне для азнаямлення праект дагавору аб роспуску СССР. У гасцініцы дакумент я даў пачытаць Анатолю Малафееву, які сказаў, што тут ёсць над чым падумаць. 

У лютым 1991 года мяне запрасілі на нараду ў Савет Федэрацыі. У некаторых рэспубліках ужо абвясцілі прэзідэнтаў. Я выказаў сваю думку, што так не павінна быць. У перапынку атрымаў папярэджванне. Ельцын прапанаваў членам Савета Федэрацыі сабрацца. Мы прыехалі ў спецыяльны будынак у Падмаскоўе. Былі прадстаўнікі рэспублік і расійскі старшыня Савета Міністраў Сілаеў. У будынку на сталах ляжалі паперы, якія мы павінны былі падпісаць. Па маёй прапанове сталі абменьвацца думкамі. Я адзначыў, што ад утварэння СССР у 1922 годзе многае змянілася, і таму прапаную да дзеючай Канстытуцыі СССР зрабіць дапаўненне, але ні ў якім разе не ставіць пытанне пра ліквідацыю краіны. Сілаеў і Назарбаеў падтрымалі мяне. А Леанід Краўчук мудрагеліста гаварыў, і адчувалася яго жаданне распаду краіны. Ельцын завяршыў абмеркаванне прапановай распрацоўкі змяненняў у дзеючую Канстытуцыю. Да жнівеньскіх падзей 1991 года зацягнуўся гэты працэс. А потым пачаўся так званы парад суверэнітэтаў.

— Амаль чвэрць стагоддзя вы на заслужаным адпачынку. Чым поўніце свой кожны новы дзень?

— Чалавек я няўрымслівы, і спраў хапае. Але жыццё не бывае без страт. У 2002 годзе аўдавеў, а чатыры гады таму не стала майго адзінага сына Валерыя. Цяжкія выпрабаванні выпалі ў далёка немаладыя гады. У мудрацоў прачытаў, што любыя страты не значаць, што Гасподзь вас пакінуў, а прапануе іншы варыянт. Амаль дзесяць гадоў пражыў удаўцом і аднойчы, калі ехаў на сваё лецішча, што непадалёку ад сталіцы, на Мінскім чыгуначным вакзале сустрэўся з былой знаёмай па працы на Віцебшчыне Галінай Яўгенаўнай Кочатавай. Яна таксама аўдавела. Трое дзяцей і ўнукаў мае. У іх свае справы. Нас лёс звёў, як два адзіноцтвы. Запалілі сваё сумеснае вогнішча, і нам цёпла. Разам ездзім на лецішча, дзе нас чакаюць пчолы. З Старадарожскага раёна сябры прывезлі сапраўдныя ліпавыя калоды. Усталяваў іх ладна. Сёлета, думаю, добры час для медазбору. Пасля бальніцы, дзе месяц лячыўся, збіраюся да сваіх пчолак. Яны мяне чакаюць. Але некалі з-за іх моцную траўму атрымаў. 

— Як гэта здарылася?

— Вырабляў на станку рамкі для збору мёду, і па неасцярожнасці нож адхапіў частку ўказальнага пальца. Ужо дзесяць гадоў без яго абыходжуся.

— Пчолы ваша хобі?

— Я многаму вучуся ў гэтых працалюбівых істот. Чалавецтву варта пераняць іх метад развіцця. Кожная пчолка па меры свайго росту атрымлівае адпаведную фізічную нагрузку. Праз тры тыдні з лічынак з’яўляюцца маладзенькія, якія да фізічнага ўмацавання выконваюць лёгкую работу. Наводзяць чысціню ў вуллі, носяць ваду для закрыцця ячэяк з мёдам. Астатнія жыхары вулля заняты зборам нектару. Праз два тыдні моладзь пачынае свае першыя вылеты на кветкі. А праз 45 дзён жыццё пчалы завяршаецца. З патрапанымі крыламі стомленая працаўніца выбіраецца з вулля, каб нікому не замінаць і адысці ў нябыт. У прыродзе мудра ўсё прадумана. Нічога лішняга няма. Чалавецтву патрэбна пераняць іх уклад. 

Захапляўся рыбалкай, і маю шмат цікавых назіранняў. Люблю чытаць. Усё жыццё збіраю кнігі. Імі застаўлены шафы ў кватэры. Многія літаратурныя творы перачытваю. Пасля вайны ў нашай вясковай хаце ўцалела толькі дзве кніжкі: “Канёк-гарбунок” і выпадковы альбом пра Вялікабрытанію. Насіў з бібліятэкі кніжкі і запоем чытаў. Сябры па вучобе ў Вышэйшай партыйнай школе пры ЦК КПСС называлі мяне хадзячай энцыклапедыяй. Жаданне ведаў ніколі не пакідала, і сёння ім напоўнены.

— Мікалай Іванавіч, у вас такое багатае і цікавае мінулае, якому вы прысвяцілі сваю кніжку “Урокі жыцця”. А калі б была магчымасць паўтарыць усё, як бы вы правялі свае жыццёвыя ўрокі?

— Абагаціў бы сям’ю дзецьмі. Вельмі шкадую, што з жонкай Вольгай Іванаўнай мелі толькі аднаго сына. Не нацешыліся ўнукамі. 

Сям’я – аснова ўсяго. Тое, што ў нашай краіне зараз вялікая ўвага надаецца сям’і, надзвычай важна. Моцная сям’я – магутная дзяржава. Калі сустракаю на вуліцы маладых з двума-трыма дзеткамі, радуюся за іх. Дзеці – будучае незалежнай Беларусі, дзеля якой ніколі не шкадаваў сябе.

Уладзiмiр СУБАТ

Фота аўтара і з сямейнага архіва Мікалая ДЗЕМЯНЦЕЯ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter