Суверэнітэт, незалежнасць, дзяржаўнасць — гэтыя словы святыя для кожнага беларускага грамадзяніна

Адзін дзень і ўсё жыццё

Суверэнітэт, незалежнасць, дзяржаўнасць — гэтыя словы святыя для кожнага беларускага грамадзяніна. Больш чым за 25-годдзе найноўшай гісторыі наша краіна стала суверэннай і незалежнай дзяржавай: беларускі народ памятае і шануе сваё гераічнае мінулае, нацыянальныя і духоўныя традыцыі, будуе маштабныя планы на будучыню.

Наш голас і міралюбівыя ініцыятывы сёння цвёрда гучаць як на міжнароднай арэне, так і ў рэгіянальным кантэксце бяспекі, донарам якой насамрэч мы на працягу апошніх гадоў з’яўляемся. Беларусь добра ведаюць у свеце, да нас прыслухоўваюцца.

Напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята краіны — Дня Рэспублікі — падчас уручэння дзяржаўных узнагарод лепшым людзям Беларусі наш Прэзідэнт вызначыў чалавечае вымярэнне ў складніках нацыянальнага суверэнітэту: гаворачы аб незалежнасці краіны, мы маем на ўвазе народ. Наш суверэнітэт — гэта людзі, якія штодзённа, шчыра і сумленна выконваюць сваю працу — захоўваюць мір і парадак на роднай зямлі, застаючыся ўзорам мужнасці і адданасці службовым абавязкам, умацоўваючы эканамічную стабільнасць, робяць на вытворчасці, будоўлях, у навуковых лабараторыях, на фермах і ў палях, забяспечваюць сацыяльную падтрымку насельніцтва, працуючы ў галінах аховы здароўя, адукацыі, у грамадскіх арганізацыях, фарміруюць імідж краіны сваімі спартыўнымі перамогамі і дасягненнямі.

Днямі кіраўнік дзяржавы, закранаючы тэму незалежнасці, гаварыў аб эканоміцы — менавіта праз яе прызму неабходна ўмацоўваць наш суверэнітэт, каб быць аўтарытэтным і паважаным іграком у інтэграцыйных аб’яднаннях на тэрыторыі былога СССР і ў свеце.

З гэтай формулы вынікае: Беларусі і надалей трэба развіваць асноўныя сферы народнай гаспадаркі, найважнейшай з якіх з’яўляецца сельскагаспадарчая галіна, што ў сярэднетэрміновай перспектыве павінна стаць адным з ключавых драйвераў эканамічнага росту. Таму аб мадэрнізацыі і рэформах аграрнага напрамку ішла прынцыповая размова Прэзідэнта з прадстаўнікамі ўлады і спецыялістамі АПК — на прыкладзе стварэння гаспадаркі поўнага цыкла вытворчасці — холдынга “Купалаўскае” ў Шклоўскім раёне. Даручэнне Аляксандра Лукашэнкі аграрыям: сёлета вельмі сур’ёзна трэба рыхтавацца да ўборкі ўраджаю з улікам мінімізацыі страт ад спякоты.

Са свайго боку дзяржава робіць усё магчымае для ўсёабдымнай падтрымкі сельскай гаспадаркі. Так, пастановай Савета Міністраў зніжаюцца працэнты па крэдытах для суб’ектаў гаспадарання, якія займаюцца вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, — з унясеннем змяненняў у дзяржпраграму разціцця аграбізнесу на 2016—2020 гады.

Наша краіна таксама імкнецца дыверсіфікаваць экспартныя пастаўкі прадуктаў харчавання, хаця саюзная Расія пакуль застаецца асноўным рынкам збыту айчыннай сельгаспрадукцыі (раней у РФ пастаўлялася 97 працэнтаў экспарту, цяпер 91,4). Зараз Беларусь накіроўвае харчаванне (як правіла, запатрабаваную прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю) у 70 краін. Экспарт па выніках мінулага года па гэтых пазіцыях склаў рэкордныя 5 мільярдаў долараў, у 2016-м — 4,2 мільярда.

АПК Беларусі за пяць месяцаў бягучага года паказвае добрыя вынікі: валавая прадукцыя ва ўсіх катэгорыях гаспадарак узрасла на 3,5 працэнта. Напрыклад, рост вытворчасці малака забяспечаны на 80 тысяч тон, мяса — на 8 тысяч. За студзень — красавік за мяжу было рэалізавана харчовай прадукцыі на суму 1,644 мільярда долараў, што на 140 мільёнаў больш, чым у адпаведным леташнім перыядзе (аб’ёмы выраслі на 9,3 працэнта). 

Айчынным аграрыям спрыяюць і сусветныя цэны на харчаванне, што былі ў красавіку на 2,7 працэнта вышэй за паказчыкі 2017 года. Паводле інфармацыі ФАО (харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН), індэкс сусветных цэн на харчаванне склаў у студзені — красавіку 173,8 пункта. Нагадаю, што гэта сярэднеўзважаны паказчык, якім адсочваюцца кошты на пяць асноўных харчовых таварных груп: зерневыя культуры, алей, малочную прадукцыю, мяса і цукар.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter