У кобрынскай сям’і ўжо больш за 100 гадоў захоўваецца фамільная рэліквія — жаночая кашуля

Адзежа — наш компас зямны

У кобрынскай сям’і ўжо больш за 100 гадоў захоўваецца фамільная рэліквія — жаночая кашуля. Вытканая яшчэ ў 1880—90-х, яна перадаецца з пакалення ў пакаленне і за гэты доўгі час стала сімвалам сувязі з продкамі. 

11 Сорочка - 500.jpg


Гэта льняная саматканая сарочка з доўгім рукавом, аздобленая вышыўкай, апісвае сямейную каштоўнасць Таццяна Утрата. Дакладна невядома, хто і як яе вырабіў, але відавочна, што кашуля гэта не паўсядзённая, а пашытая для спецыяльных выпадкаў. 

Першай уладальніцай рэліквіі была свякроў Таццянінай бабулі Ганна. Яна жыла на хутары каля вёскі Кублік у Драгічынскім раёне, была працавітай, вяла вялікую гаспадарку. 

Праз нейкі час свякроў падарыла кашулю сваёй нявестцы Таццяне. А тая, маючы двух сыноў, — сваёй унучцы, таксама Таццяне. Гэта і ёсць цяперашняя гаспадыня каштоўнасці. 

— Мая бабуля да 1986 года жыла ўсё на тым жа хутары, потым пераехала ў Кобрын і ў 2005-м памерла, — расказвае Таццяна Утрата. — І мне вельмі прыемна, што сёння магу патрымаць у руках нешта, што ад яе засталося.

Да каго пяройдзе кашуля пазней, Таццяна не ведае. У яе двое сыноў, таму, магчыма, нявестцы ці пляменніцы. Апошняя, дарэчы, ужо паціху пранікаецца сямейнай гісторыяй і нядаўна апранала прабабулін строй на  касцюміраваны баль у аздараўленчым лагеры.

А сарочка тым часам толькі прыгажэе. Прыкладна раз у год яе мыюць, і з кожным мыццём шэры лён становіцца ўсё больш белым і мяккім навобмацак. 


БЛИЦОПРОС  В ТЕМУ

А ў вашай сям’і ёсць спадчынныя рэліквіі?


Аляксандр ЧЫКІЛЕЎСКІ, вядомы мінскі шэф-повар:

— Мая прабабка была заўзятай кухаркай. Ад яе да бабулі, а ад бабулі да мяне перайшла ў спадчыну чыгунная патэльня, на якой пякуць бліны. Ёй каля 150 гадоў, а аладкі і зараз такія ж смачныя. Таксама з пакалення ў пакаленне перадаём кулінарную кнігу 1885 года, у якой сабраны рэцэпты гарадской шляхецкай кухні.


Сяргей НАГОРНЫ, кіраўнік мадэльнага агенцтва:

— У нас маецца даматканы ручнік з вышыўкай крыжыкам і карункамі. Гэта з бабулінага пасагу, яна сама ткала. Захоўваем яго вельмі беражліва. 


Васіль КОКТЫШ, гендырэктар УП «Кінавідэапракат»:

— Бацька падарыў мне свой гадзіннік «Победа», які спраўна працаваў. Але, калі я быў у арміі, ён прапаў — мабыць, камусьці спадабаўся. Тады мае саслужыўцы скінуліся і купілі мне камандзірскі. А наогул, з гадзіннікамі мне ў жыцці не шанцавала. Змяніў іх мо штук дзесяць.


Андрэй РАДКОЎ, студэнт 5-га курса гістфака БДУ:

— У мяне дома ёсць традыцыйная даматканая кашуля з ільну, якую апранаў калісьці прадзед. Яна захоўваецца ў куфры. Там жа знаходзяцца і скруткі льнянога палатна, якое калісьці вырабіла мая бабуля. 

Уладзімір СТАТКЕВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter