“Адзін таленавіты верш — і цябе заўважаць!”

Пра што пішуць маладыя беларускія  літаратары У многіх можа скласціся ўражанне, што нічога цікавага ў сучаснай беларускай літаратуры не адбываецца і паступова яна прыходзіць у заняпад. Ці так гэта на самай справе? Наколькі цяжка сёння на-друкавацца новаму таленту? Якая яна — беларуская літаратура XXI стагоддзя? Напярэдадні 75-гадовага юбілею Саюза пісьменнікаў Беларусі старшыня саюза Мікалай Чаргінец, першы сакратар саюза Віктар Праўдзін, а таксама галоўны рэдактар часопіса “Полымя” лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Мікола Мятліцкі выказалі сваё бачанне адказаў на гэтыя набалелыя пытанні.

Пра што пішуць маладыя беларускія  літаратары

У многіх можа скласціся ўражанне, што нічога цікавага ў сучаснай беларускай літаратуры не адбываецца і паступова яна прыходзіць у заняпад. Ці так гэта на самай справе? Наколькі цяжка сёння на-друкавацца новаму таленту? Якая яна — беларуская літаратура XXI стагоддзя? Напярэдадні 75-гадовага юбілею Саюза пісьменнікаў Беларусі старшыня саюза Мікалай Чаргінец, першы сакратар саюза Віктар Праўдзін, а таксама галоўны рэдактар часопіса “Полымя” лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Мікола Мятліцкі выказалі сваё бачанне адказаў на гэтыя набалелыя пытанні.

За мяжой і дома
На думку Мікалая Чаргінца, у Беларусі сёння існуе дастаткова якасная высокамастацкая літаратура, якую можна  смела прапагандаваць у нас і выдаваць у перакладах за мяжой. Зараз у Саюзе пісьменнікаў Беларусі каля 500 членаў, дзейнічае адзінаццаць секцый: прозы, паэзіі, публіцыстыкі, гумару і сатыры, драматургіі, літаратурнай крытыкі, прыгодніцкай літаратуры і фантастыкі, краязнаўчай, дзіцячай літаратуры, ваенна-патрыятычнай літаратуры, славянскай літаратуры і перакладу. Ва ўсіх абласцях краіны працуюць аддзяленні творчага аб’яднання. Найбольшая колькасць такіх аддзяленняў зарэгістравана ў Мінскім, Віцебскім і Гомельскім рэгіёнах.
Мікалай Чаргінец нагадаў, што Саюз пісьменнікаў Беларусі выступіў з ініцыятывай стварыць Саюз пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. У рамках гэтай ініцыятывы ў перспектыве плануецца выдаць пяцідзесяцітомны збор: па 25 тамоў твораў беларускіх і расійскіх пісьменнікаў адпаведна. Ідэю падтрымаў Прэзідэнт Беларусі  Аляксандр Лукашэнка. Гэтыя кнігі будуць бясплатным падарункам практычна для кожнай бібліятэкі краіны, адзначыў Мікалай Чаргінец. Як мяркуе старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, устаноўчы сход новага саюза адбудзецца ў лістападзе гэтага года ў Мінску. Плануецца, што ў новую асацыяцыю пісьменнікі будуць уступаць індывідуальна.
Беларусь маладая
Рэдактар часопіса “Полымя” Мікола Мятліцкі з цяплынёй расказвае пра маладых празаікаў, паэтаў, драматургаў. Першым прыгадвае Аляксея Бруя.
— Першае, што мяне кранула ў ім, — добрае валоданне родным словам, — працягвае рэдактар. — Адкуль у мінскага школьніка такая выразная, псіхалагічна правільная беларуская мова? Аказалася, з гэтым звязана трагічная гісторыя. Маці Аляксея памерла ў час родаў. І бацька на нейкі час аддаў яго ў вёску пад Салігорскам, дзе хлопчык і пачуў упершыню нашу мову ад жанчыны, што яго гадавала. Магчыма, маці пры нараджэнні сына ўдыхнула ў яго свае сілы і надзяліла хлопчыка сапраўдным талентам.
— Сёння ў літаратуру ўсё больш ідуць не філолагі, а людзі іншых прафесій. Яны прыходзяць са сваімі тэмамі, зусім іншым словам, у іх творах пульсуе навізна, — адзначыў Мікола Мятліцкі. У Беларусі існуе каля 80 суполак маладых літаратараў пры аддзяленнях Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аб’яднанне робіць вялікую справу, каб дапамагчы ім раскрыцца. Так, у літаратурным конкурсе для моладзі “Слова doc” сёлета прынялі ўдзел 180 маладых аўтараў з усёй Беларусі. Дыпломамі Саюз узнагародзіў пяцьдзесят.
— Не ўсе з іх стануць пісьменнікамі, паэтамі і драматургамі, аднак тыя, для якіх пісаць стане патрэбай сэрца і адзінай думкай, могуць прысвяціць гэтаму жыццё, — уключаецца ў размову Віктар Праўдзін. — Добрыя надзеі падаюць Андрэй Башлакоў, Марыя Маліноўская, Дзіяна Балыка і іншыя. У гэтым годзе запланаваны выхад двух альманахаў “Беларусь маладая”, дзе будуць надрукаваны паэзія і проза маладых аўтараў. А наогул ужо выйшла больш за 30 кніг шматтомніка “Бібліятэка саюза”.
Студэнцтва і каханне
— Ці існуе ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі пераемнасць традыцый? — пытаюся ў Віктара Аляксандравіча.
— Гэта нармальна, што першапачаткова моладзь бунтуе і пачынае эксперыментаваць, — адказвае ён, прыгадваючы суполкі “Тутэйшых” і “Бум-Бам-Літ”. — Аднак усе ў выніку прыходзяць да класічнай беларускай літаратуры. Гэтым мы цікавыя самі сабе і свету. У асноўным моладзь піша ў жанрах фэнтэзі, малой і вялікай прозы, паэзіі і драматургіі.
— Пра што пішуць маладыя аўтары?
— Пра тое, што ведаюць. Пра каханне, студэнцкае жыццё, вандроўкі ў замежныя краіны. Шмат пішуць фантастыкі, але яе друкуецца зараз малавата.
— Наогул цяжка сёння быць заўважаным?
— Наадварот. У якім бы глухім куточку краіны чалавек ні жыў, ён можа набраць тэкст і даслаць яго рэдактару па Інтэрнэце. Нават калі напіша адзін таленавіты верш — ён для галоўнага рэдактара “Полымя” Міколы Мятліцкага не застанецца незаўважаным, аўтар яго зможа атрымаць дапамогу больш вопытных літаратараў з Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Творы беларусаў цікавыя і замежнаму чытачу. Але галоўнае, па меркаванні Міколы Мятліцкага, тое, што без асэнсаванага чытання роднай літаратуры немагчыма стаць сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter