Адзін шанец з мільёна

Як  шчупак  на  Прыпяці  ў  маэстра  спінінг  сцягнуў,  а  праз  два  дні  вярнуў...

Як  шчупак  на  Прыпяці  ў  маэстра  спінінг  сцягнуў,  а  праз  два  дні  вярнуў... 

Лодкі ішлі насустрач адна адной, і калі наша ўжо апынулася ў зоне «атамнага» клёву, капітан другога экіпажа Сашка, той яшчэ баламут, раптам ускочыў і, колькі духу хапіла, загалёкаў:

— Гэй, на шаландзе! Сюды не хадзі, туды хадзі! Усё адно кляваць не будзе.

Мой хаўруснік і лодкаўладальнік Васіль, які так спадзяваўся менавіта на гэтае месца, на такія словы адазваўся даволі агрэсіўна:

— Чаму гэта ў цябе клюе, а ў мяне не будзе?

— Таму што, калі шчупакі цябе ўбачаць, у іх сківіцы ад смеху пазводзіць, — не палез за словам у кішэню Сашка.

Мы, за выключэннем Васіля, грымнулі такім рогатам, што не толькі птушак у наваколлі, але і ўсю рыбу пад вадой распудзілі.

Перш чым расказваць, што і да чаго тут было, дазволю сабе невялікі экскурс у гісторыю, так бы мовіць, пытання. Наша кампанія, памянёны ўжо Сашка, Сяргей, Васіль і аўтар гэтых радкоў, даўно і трывала падселі, як моладзь кажа, на... Прыпяць. У тым сэнсе, што з году ў год ездзім сюды лавіць шчупакоў. Ловім, не саромеючыся гэтага слова, вельмі добра: ведаем багатыя на рыбу месцы, ведаем, чым — блясной, воблерам альбо гумай справакаваць шчупачыдлу ці судака на паклёўку. У нас дзве лодкі і два маторы, а значыць, і два экіпажы. І вядома, хоць і з’елі мы разам не адзін пуд рыбы, але ж без канкурэнцыі і кпінаў не абыходзіцца. Ну а калі хто-небудзь зрабіў нешта такое, што сапраўдны рыбак не можа зрабіць ніколі, даў, як кажуць, маху, ад вострых языкоў і ў бульбе не схаваешся.

Так павялося, што ў ролі хлопчыкаў для біцця выступае наша двойка, дакладней,  сам Васіль. Што найперш звязана з вельмі цікавымі рысамі яго характару. Высокі прафесіянал у сваёй асноўнай справе, сапраўдны прафесар у рыбацкай, у цывільным жыцці ён чалавек цалкам непрадказальны, жыве ў нейкай сваёй, непадуладнай звычайнай логіцы сістэме каардынат. Пра такіх як ён жанчыны кажуць, што з ім прасцей, прабачце, пераначаваць, чым растлумачыць, чаму  начаваць не хочаш. Гэтая вось упартасць, учэпістасць, поўная неабавязковасць і маруднасць у спалучэнні з імкненнем, каб усё было так, як хоча ён, даецца нам, мне асабіста, у знакі – хочацца іншым разам узяць яго за каршэнь і макнуць колькі разоў у сцюдзёную прыпяцкую вадзіцу.

Зрэшты, спрабаваў яе на смак ён і без маёй дапамогі. Неяк познім восеньскім надвячоркам мы, спрэс змоклыя і дашчэнту стомленыя, прыткнуліся нарэшце да берага. Усяго і заставалася, што дастаць з лодак рызманы і падацца ва ўтульную цёплую хату, дзе нас ужо чакала і адмысловая вячэра, і па келіху для сугрэву. Яно б так і было, ды не, Васілю менавіта ў гэты момант закарцела праверыць, ці добра прымацаваны да транца матор – дзень цэлы, бач ты яго, рассякаў па рацэ і нічога, а тут — трэба і ўсё. Ну, палез ён, значыць, у лодку, нізка-нізка, так, што толькі азадак і крысо «чабурашкі» (кажушка такога касматага са штучнага футра) бачны былі, схіліўся над вадой, узяў у рукі матор і... паслізнуўся.              

Памятаеце мультфільм пра сабаку Шарыка, які мужна ішоў на дно, але фотаружжо з лап не выпусціў? Вось і мы, бы тыя бабры, цягнулі Васіля за ногі. І выцягнулі. Разам з маторам, які ён з рук так і не выпусціў. Праўда, калі крыху адпляваўся і адсопся, спытаў нас:

— А што гэта было?

— Смерць гэта твая была, — без намёку на жарт адказаў Сашка, бо і сапраўды, шанца выплыць з ледзяной вады ў Васіля не было ні аднаго...

А ў дзень, пра які гаворка ідзе,  з самага пачатку ўсё пайшло сікась-накась. Дзякуючы Васілю, каб яго пранцы ўзялі. Яму, бач ты, бракуе лавіць там, дзе Сашка з Сяргеем падымаюць аднаго шчупака за другім. Ён, трасцу яму ў бок, сваё сакрэтнае месца праверыць хоча. Ну і праверыў. За мой кошт. У тым сэнсе, што з першага закіду я зачапіў за корч воблер. Потым другі. Потым яшчэ адзін...

— А што гэта было? Карчы? Дзіўна, а я думаў, што яны  лявей будуць, — шчыра, так бы мовіць, здзіўляецца Васіль.

Ну, не пачвара, га? Падкласці сябру такую, прабачце, свінню, тысяч у сто рублёў коштам! Воблеры — рэч вельмі нават не танная і беражэш іх як сваё вока.

— Ты... ты... — у мяне аж дух ад такога нахабства заняло. – Мандалай ты нейкі, а не чалавек! Каб я з табой яшчэ раз у лодку сеў!

Сказаць, што з усяго гэтага атрымалася? Чубайсам (тым, хто вінаваты ва ўсім) аказаўся... я. Мне было сказана, што каб я кідаў прынаду крыху ў іншы бок, ды не так далёка, то нічога б і не было. Выслухаўшы такі вердыкт, я плюнуў і сказаў, што дыпламатычныя адносіны з нахабнікам разрываю раз і назаўсёды.

Сказана – зроблена. Паўдня я маўчаў, як рыба, і не рэагаваў на спробы сябрука навесці масты. І нават на сапраўдны «атракцыён нечаканай шчодрасці», гэта калі нават вельмі сквапны Васіль расшчодрыўся і прапанаваў мне свой «казырны» воблер, не клюнуў. За што літаральна праз некалькі гадзін быў узнагароджаны і пераканаўся ў справядлівасці прымаўкі пра тое, што бог – не цяля, бачыць круцяля.

Што, скажыце, нам трэба было рабіць, калі мы нарэшце апынуліся на тым месцы, дзе Сашка з Сяргеем працягвалі цягаць дабрэнных шчупакоў. Канешне, браць у рукі спінінгі і махаць імі, даганяць сяброў і рабіць, як кажуць, «план па валу». Я гэтым і заняўся, а Васіль...  А ў таго раптам засвярбела левая пятка правай задняй нагі. Потым яму тэрмінова спатрэбілася патэлефанаваць у Маскву, Абу-Дабі, Ванкувер, Катманду... і яшчэ чорт ведама куды. Потым... Ну і ў адзін цудоўны момант, калі Васіль некаму пудрыў мазгі па мабільніку, ягоны спінінг, які ляжаў на каленях, раптам зажыў сваім жыццём — таргануўся, падскочыў і вылецеў з лодкі. Праз нейкае імгненне пачулася гучнае «бульк» і  з-пад вады вывернулася велізарная рыбіна.

— А што гэта было? – лыпнуў вачыма Васіль.

— Гэта быў шчупак, Вася, — падазрона лагодна адказаў Сашка. – Захацелася яму паглядзець, на што ты яго злавіць хацеў.

У гэты дзень мы больш не лавілі. Не маглі, бо канчалі-ся ад смеху: усялякае на рыбалцы здараецца, але каб рыбіна  з-пад носу літаральна сцягнула спінінг, ды не ў якога-небудзь «чайніка», а ў самога маэстра – гэта, браткі, песня. Ну а калі Васіль стаў уголас падлічваць кошт страчаных спінінга, шпулі, пляцёнкі, воблера (а атрымлівалася гэта ў яго, як у таго Шпака: курткі скураныя – тры, магнітафоны – тры), я ўвогуле перабраўся ў лодку да сяброў, каб без усялякай пагрозы для здароўя парагатаць з такой цудоўнай нагоды.

Калі назаўтра Васіль, які з падручных матэрыялаў змайстраваў сякую-такую снасць, яшчэ не губляў надзеі зачапіць спінінг (зразумела, што занятыя такой дурной справай, мы нічога не злавілі), то днём пазней марную гэтую справу кінуў. Затое адрываўся па поўнай праграме я: рыбка лавілася спрэс не маленькая, а вялікая. Кілаграмаў так па шэ..., ну, ладна, па тры кожная. А што Васіль? А сябры цэлы дзень яго дражнілі і настойліва рэкамендавалі сысці далей з вачэй тых самых шчупакоў, якія без смеху на яго глядзець не маглі...

Праваслаўны атэіст па сваёй сутнасці, менавіта на рыбалцы  я  стаў заўважаць, што недзе ўсё ж існуе нейкая вышэйшая сіла, дзякуючы якой здараецца тое, што здарыцца ўвогуле не можа. Ну, напрыклад, Сашка неяк абарваў блясну, а на наступны дзень без праблем яе выцягнуў. Я падняў з рачнога дна свой жа воблер, які абарваў... год  назад. Гэта, улічваючы неабсяжныя прыпяцкія прасторы, пад’ёмы і спады ўзроўняў вады, віры і плыні, нават не фантастыка, а нешта большае.

Здарылася так, што вечарам трэцяга дня мы з Васілём аказаліся побач з лодкай сяброў, і я ўбачыў, як Сяргей раптам падскочыў і стаў ліхаманкава круціць шпулю. Потым яго рухі запаволіліся, ён штосьці сказаў Сашку, і абое зарагаталі.

— Шчупак сарваўся, халера на яго, — падазрона весела для такого сумнага здарэння адказаў Сяргей на маё маўклівае пытанне...

Вечар быў цудоўны і мы, выцягнуўшы на бераг лодкі, да хаты не спяшаліся – на поўныя грудзі дыхалі свежым рачным паветрам, яшчэ раз акідвалі вокам  прыпяцкія далягляды, самыя, паверце на слова,  найпрыгажэйшыя ў свеце.           

— Ну што, Васіль, ляснуў твой спінінг? – пытаецца раптам Сашка.

— Ага, табе добра смяяцца, — занэндзіў той, — а мне трыста пяцьдзесят (бач ты, як стаўкі растуць!) баксаў за новы плаціць.

— Ну, калі рыбку з’есці хочаш, заплаціш, — працягвае Сашка і пытаецца далей. – А вось, калі хто-небудзь знаходзіць якую рэч у вадзе – блясну ці што іншае, яно чыё?

— Канешне таго, хто знайшоў, — аўтарытэтна заяўляе Васіль.

— Значыць, калі б мы знайшлі твой спінінг, ён бы лічыўся нашым,  і табе, калі што, прыйшлося б яго выкупляць? — далучаецца да абсалютна незразумелай мне гаворкі Сяргей.

— Трасцу ты яго знойдзеш, — адмахваецца Васіль, які, мабыць, ужо змірыўся з думкай, што баксы з кішэні даставаць усё ж прыйдзецца.

— Хто шукае, той знаходзіць! — урачыста абвяшчае Сяргей і, бы той фокуснік,  выцягвае з лодкі Васілёў спінінг. – Трымай і болей шчупакам не аддавай.

Цяпер я нарэшце зразумеў, чаму Сашка з Сяргеем так рагаталі, калі ў іх быццам бы сышоў шчупак – не яго, а спінінг цягнуў Сяргей.  А Васіль, абнюхаўшы і ледзь не аблізаўшы  гэты самы спінінг, паварочваецца да нас і замест простай чалавечай па-дзякі тым, хто ўратаваў ягоныя даляры, раптам заяўляе:

— Тры дні ў вадзе спінінг праляжаў, шпуля паржавела, а новая пяцьдзесят баксаў, не меней, каштуе.

Небарака так «жаласціва» расказваў, як цяжка яму прыйдзецца ў жыцці з-за таго, што Сяргей не дастаў спінінг у першы дзень, пакуль тая самая іржа не дабралася да шпулі, што яшчэ хвіліна — і мы гатовы былі палезці ў кішэні па грошы. Сеанс масавага гіпнозу рашуча перапыніў Сашка.

— Годзе прыдурвацца, не старац. І калі ты пляшку каньяку нам не паставіш, то...

Каньяк той, калі шчыра, быў патрэбен, як сабаку пятая лапа, але чаму б за той самай пляшкай не пасядзець разам, не парагатаць, не успомніць, як яно ўсё было. Васіль, на дзіва, пярэчыць не стаў, сеў у легкавік і падаўся ў недалёкі адсюль райцэнтр, дзе як раз адчыніўся новы, забіты пад завязку ядой і пітвом супермаркет.

Праз паўгадзіны, калі на стале ўжо стаялі талеркі з нарэзанай тонкімі скрылікамі кілбаскай, сыходзіла парам прыгатаваная ў рускай печы бабка,  прасіліся ў рот крамяныя салёныя агурочкі, у хату ўваліўся Васіль і выставіў на стол бутэльку... самай, як нашы суседзі кажуць, «пшэгадкай» гарэлкі.

— А ну яго, хлопцы, той каньяк, каштуе шмат, а галава ад яго  баліць, а мне яшчэ шпулю новую купляць...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter