Мiфы прыцягнуць больш турыстаў у Беларусь

Адвечны дух турызму

Міфалагічны турызм — з’ява новая і пакуль мала распаўсюджаная. Тым не менш жадаючых пабегаць па лясах у пошуках лесуноў, пачвар ці зялёных эльфаў ва ўсім свеце хапае. Усё гэта хутка стане рэальнасцю i для гасцей Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Гэтым летам тут адкрыюцца поўная чарадзейства і таямніц экалагічная сцежка, музей міфаў, а таксама Цэнтр міфалагічнага турызму, які ўсё гэта аб’яднае. Дарэчы, гэта будзе першая і пакуль адзіная структура ва ўсёй краіне.

У лес iсцi трэба з мiрам


— Сама ідэя стварыць нешта, звязанае з міфамі, — расказвае пра гісторыю нараджэння ўнікальнай структуры старшыня праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова, — нарадзілася ў супрацоўнікаў ахоўнай тэрыторыі. Мы яе ў рамках праекта ПРААН «Садзейнічанне пераходу Беларусі да «зялёнай» эканомікі», што фінансуецца ЕС, развілі. Дзе як не ў Бярэзінскім запаведніку гэта рабіць! Бо гэта самы некрануты ўчастак беларускай прыроды.

Так, на думку арганiзатараў, выглядае ўладар пушчы — Пушчавiк.

Наша краіна заўсёды славілася сваімі лясамі, якія ў былыя часы займалі амаль усю нашу тэрыторыю. Селячыся тут, людзі сутыкаліся з суровым светам лесу. Чалавек быў акружаны прыродай і вучыўся жыць з ёй у гармоніі. Менавіта так закладваліся этычныя нормы ўзаемаадносін чалавека з навакольным светам. 

— Так, чалавек быў напалоханы стыхіямі, прасторай, — усміхаецца Валерыя Кліцунова. — Але ён заўсёды ведаў, што калі ідзе ў лес з дабром, усё будзе добра. А вось калі нанясе яму шкоду, будзе пакараны. Чалавек верыў у духаў лесу, у тое, што ў кожнага біятопа ёсць свой заступнік — лесавікі, пушчавікі, палевікі, русалкі, аржавейнікі. Цікава, што яны былі амбівалентныя — не добрыя і не дрэнныя. Усё залежала ад паводзін чалавека. Сёння мы вырашылі адрадзіць беражлівыя адносіны да лесу, выкарыстоўваючы традыцыі. Але прыўзняліся над духамі лесу да беларускай міфалогіі ў цэлым. Таму ў нас такі слоган: «Мы маем міфы». І таму мы вырашылі стварыць цэнтр міфалогіі.

Экасцежка Бярэзiнскага — не проста мiфы


Дарэчы, на экалагічнай сцежцы Бярэзінскага біясфернага запаведніка не проста міфы. Так, гэта 17 хвалюючых інсталяцый у колеры і гуку, якія дапамогуць нам пранікнуцца духам лесу. Але, апроч гэтага, яны маюць навуковую падаплёку. 

Канцэпцыя «Сусветнага дрэва»


— У нас былі цудоўныя кансультанты, навуковыя работнікі НАН, — эмацыянальна расказвае суразмоўнiца. — Напрыклад, адзін з іх — Дзмітрый Скварчэўскі — нядаўна абараніў кандыдацкую дысертацыю. Ён не прапускае ніводнага элемента «папсы», калі мы нешта абмяркоўваем. Таму што міжнародная навуковая супольнасць будзе ў вялікіх прэтэнзіях, калі мы дзесьці памылімся. У аснове нашага міфалагічнага музея ляжыць канцэпцыя «Сусветнага дрэва», у якое верылі нашы продкі. Гэта нашы свет, неба, падземны свет. 

Не абышлося без дапамогі гісторыкаў, этнографаў Лепельскага раёна, дзе размесціцца цэнтр. 

— Яны шмат паведалі нам пра старажытныя святы мясцовасці, — уключаецца ў размову супрацоўнік Бярэзінскага біясфернага запаведніка, экскурсавод Святлана Памецька. — Напрыклад, Камаедзіца — веснавое свята, звязанае з абуджэннем мядзведзяў. Будзем гэтае супрацоўніцтва працягваць. У будучыні хочам сабраць усе міфы Беларусі, з акцэнтам, вядома ж, на гісторыі раёна.

Гасцей новай экасцежкi чакае шмат сюрпрызаў.

Але працаваць па-ранейшаму, маючы нават самую цудоўную ідэю, немагчыма. Пра гэта стваральнікі навінкі таксама падумалі. Пакуль што, на жаль, большасць нашых экскурсій нагадвае лекцыі. А гэта недапушчальна, тым больш з улікам маладога пакалення, якое вырасла на інтэрнэце. Гэта павінны быць дыялог, камунікацыя. Тэма, у якой максімум 5—7 падтэм. Больш чалавечая свядомасць прыняць не можа. 

— Галоўнае, за чым чалавек сёння выходзіць з дому, — гэта ўражанні, — перакананая Валерыя Кліцунова. — «Экспірыенс» — гэта ключавое слова ў турызме і самы дарагі сёння тавар. Футуролагі і эканамісты кажуць, што эпоха інфармацыі сыходзіць у мінулае. Гэта стагоддзе крэатыўнай эканомікі, эканомікі ўражанняў. Так, у нас у краіне найбагацейшы патэнцыял, але нам трэба паглядзець на інавацыйныя метады і сучасныя падыходы інтэрпрэтацый спадчыны. Гэта значыць, усё, што ў нас ёсць, трэба пераструктураваць і падаваць у іншым ключы. Сутнасць не ў навязванні свайго погляду, а ў тым, каб у чалавека абудзіць уласнае стаўленне. Нашы маладыя экскурсаводы такія метады асвойваюць. У ходзе праекта мы правялі шэраг трэнінгаў з удзелам лепшых сусветных экспертаў. Таму я думаю, што рэарганізацыя прадукту адбудзецца.

Але немалаважна, каб супрацоўніцтва «зялёных» пунктаў турызму будавалася ў альянсе з аграсядзібамі. Каб была ўзаемная зацікаўленасць. І тут, па словах Валерыі Кліцуновай, зроблены вялікі крок наперад. Прыйшло разуменне таго, што турыстычны прадукт — агульная справа. 

Мiфы павялiчаць паток турыстаў


— У многіх прыродаахоўных устаноў няма сваёй развітой інфраструктуры. У сваю чаргу яны могуць даць турысту турыстычны прадукт, пазнаёміць з прыроднай спадчынай. І наш канцэпт такі, што прыродная і культурная спадчына непадзельныя, — падсумоўвае суразмоўнiца. — Калі гаворка ідзе пра запаведнікі і нацпаркі, гэта іншая гісторыя. Сёння ў Белавежскай пушчы ідзе размова пра тое, як уключыць у турызм мясцовае насельніцтва. Правадыроў няма, а замежнікі не хочуць сядзець за плотам, як у рэзервацыі.


Якіх выгод чакаюць ад новай структуры ў Бярэзінскім? 

— Мы разлічваем на павелічэнне колькасці турыстаў, у першую чаргу, вядома, дзіцячых груп, — прызнаецца Святлана Памецька. — Таму што для іх гэта феерычна і цікава. Але не толькі для дзяцей. Тэма міфалогіі сёння вельмі актуальная і прыцягне нават дарослых. Спадзяёмся, гэта будзе наш новы віток, новая «фішка». Не трэба стаяць на месцы, трэба развівацца, ісці наперад.

Тут робяць стаўку на пашырэнне спектра турыстычных паслуг. І кожны год уключаюць у гэты пералік нешта новае. У мінулым годзе, напрыклад, з’явіліся конныя маршруты, у гэтым — адкрыюцца цэнтр і музей міфалогіі. Наогул, няма меж дасканаласці. А папулярнасць экатурызму, адзначаюць у запаведніку, ужо набірае абароты. Да нас едуць з-за мяжы, у асноўным з Англіі і Францыі. Але ўсё больш цікавасці «зялёны» турызм выклікае і ў нашых суайчыннікаў.

veraart14@mail.ru

Фота з архiва праекта ПРААН «Садзейнічанне пераходу Беларусі да «зялёнай» эканомікі»

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter