Адвечна юная «Паўлiнка»

Знакамiтая  пастаноўка  смела  можа  прэтэндаваць  на  ўнясенне  ў  Кнiгу  рэкордаў  Гiнэса

Знакамiтая  пастаноўка  смела  можа  прэтэндаваць  на  ўнясенне  ў  Кнiгу  рэкордаў  Гiнэса 

Легендарнай пастаноўцы «Паўлiнка» паводле аднайменнай камедыi Янкi Купалы сёлета споўнiлася 95 гадоў! У лютым 1913 года ў Вiльнi п’есу ўпершыню ўбачылi гледачы ў выкананнi аматарскай студэнцкай трупы, i яна адразу займела поспех. 

Аўтар камедыi Янка Купала, якi прысутнiчаў на спектаклi, нават атрымаў у падарунак залаты гадзiннiк ад удзячных вiленскiх беларусаў. А яго п’еса ў гэтым жа годзе была пастаўлена яшчэ двойчы – спачатку беларускай суполкай у Пецярбургу, пасля ў Радашковiчах. У Пецярбургу ролю галоўнай гераiнi выконвала Паўлiна Мя­дзёлка. Лiчыцца, што мена­вiта гэтая жанчына натхнiла Купалу на стварэнне «Паў­лiнкi», малады паэт быў у яе безнадзейна закаханы. 

Некаторыя з акцёраў-купалаўцаў, занятыя ў славутай пастаноўцы сёння, — Ала Долгая, Генадзь Гарбук, Марыя Захарэвiч, Алег Гарбуз, Мiкалай Прылуцкi — сталi галоўнымi героямi вечарыны, прысвечанай 95-м угодкам знакамiтага спектакля, якая адбылася ў Дзяржаўным лiтаратурным музеi Янкi Купалы. 

Ала Долгая iграла Паўлiнку амаль дваццацiгоддзе — з 1965-га па 1982-i. На гэтую ролю маладую тады актрысу адабралi па конкурсе, i амаль год будучая новая Паўлiнка да яе «даспявала». Але дэбютны выхад на сцэну атрымаўся незапланаваным. 

— Мы паехалi на гастролi ў Гродна, i раптам Бiруту Дакальскую – тагачасную выканаўцу ролi Паўлiнкi – моцна прыхапiў радыкулiт. Спектакль трэба iграць, а галоўная гераiня ўстаць не можа. Мяне – на сцэну. Так у спектакль i ўвялася. Хвалявалася неймаверна, пасля таго дэбюту ў мяне тэмпература падскочыла аж да 39 градусаў, — расказвае  Ала Пятроўна. Яна прызнаецца, што Паўлiнка застаецца самай любiмай яе роляй. 

Па словах народнага артыста Беларусi Генадзя Гарбука, у яго з «Паўлiнкай» сувязь у прамым сэнсе кроўная. Пачынаў ён свой удзел у пастаноўцы з масоўкi (было гэта ў 1962 годзе) i неяк у час аднаго са спектакляў, сыходзячы за сцэну, так зачапiўся за цвiк, што прадзiравiў бот i палец на назе прапароў да крывi. Пазней у «Паўлiнцы» давялося яму iграць Пустарэвiча, а цяпер, дарэчы, разам з Алай Долгай (а ў другiм саставе — з Марыяй Захарэвiч) у спектаклi яны – муж i жонка Крынiцкiя, бацькi галоўнай гераiнi. Мiкалай Прылуцкi – яе каханы Якiм Сарока. Алег Гарбуз – франт-кавалер пан Быкоўскi. Дарэчы, гэтая роля перайшла да яго ад яе колiшняга блiску-чага выканаўцы народнага  артыста Беларусi Арнольда Памазана. Але сёння i пан Быкоўскi Алега Гарбуза – сярод самых лепшых i яркiх работ акцёра ў Купалаўскiм. 

З 1944 года, ад часу, як трупа беларускага тэатра вярнулася з эвакуацыi ў вызвалены Мiнск i сыграла на роднай сцэне «Паўлiнку», спектакль нязменна прысутнiчае ў афiшы. Менавiта iм Купалаўскi адкрывае кожны свой новы сезон. Мяняюцца пакаленнi артыстаў i гледачоў, а камедыя жыве i не перастае хваляваць. «Паўлiн­ка» iдзе без перапынку дзеся­цiгоддзi i збiрае аншлагi. Як трапна заўважыў на вечарыне Генадзь Гарбук, пастаноўку ўжо можна смела заносiць у Кнiгу рэкордаў Гiнэса. Яна i сапраўды таго вартая — адвечна юная, неўмiручая купалаўская «Паўлiнка». 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter