Гаворка пра нейкія рэвалюцыйныя рашэнні не ідзе. Па словах мiнiстра, гэта ўсяго толькі патрабаванне часу. Напрыклад, змены закрануць школьныя выпускныя экзамены, якія да гэтага часу ішлi ўразрэз з уступнымі, што крытыкавалі самі педагогі. А дакладней, выпускныя класы даво-дзілася рыхтаваць і да традыцыйных выпрабаванняў за школьны курс, і да цэнтралiзаванага тэсціравання. А гэта патрабавала ўдвая больш часу. Акрамя таго, самі хлопцы і дзяўчынкі часцяком ставіліся да выпускных іспытаў менш сур’ёзна, а больш актыўна штудзіравалі тэсты. Вось гэтую розніцу і прапануецца ўраўнаваць і замест традыцыйных выпускных экзаменаў правесці комплексны агульнаадукацыйны тэст.

Закрануў міністр і тэмы гімназій, а менавіта паступлення туды вучняў пасля 4-га класа. На яго думку, у гэтым узросце дзіця не можа зрабіць такі выбар свядома:
— Няправільна, што мы ў гімназіі прымаем з 5-га класа, праводзім экзамены, якія ўводзяць у стрэсавы стан навучэнцаў. Трэба прадумаць, як гэтая сістэма будзе функцыянаваць. Тым не менш гэта не азначае, што падобныя навучальныя ўстановы будуць зачынены. Наадварот, тыя напрацоўкі, якія ёсць, будуць падтрыманы.
Ігар Карпенка адзначыў, што вердыкт гімназістам вынесе незалежная выніковая атэстацыя за курс базавай школы. Менавіта гэты экзамен вызначыць далейшую траекторыю іх руху: пойдзе навучэнец у гімназію, у ліцэй або працягне навучанне ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Многае з гэтых пытанняў зусім нядаўна абмяркоўвалася на Рэспубліканскiм педсавеце і актыўна абмяркоўваецца зараз. Напрыклад, пераход да абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі, якая, і гэта шмат хто памятае, у часы СССР насіла назву ўсенавуча. Дарэчы, шматлікія спецыялісты лічаць яго адмену крокам назад.
Але Ігар Карпенка запэўніў, што змены будуць праводзіцца паэтапна, з прыцягненнем меркаванняў спецыялістаў і без якой-небудзь кардынальнай ломкі сістэмы ў цэлым.
veraart14@mail.ru