Адтуль ідзе такі холад

Ніхто не будзе спрачацца, што кепскі мір лепей, чым добрая вайна. Нават халодная.
Ніхто не будзе спрачацца, што кепскі мір лепей, чым добрая вайна. Нават халодная. Аб ёй усё часцей цяпер гавораць як на Захадзе, так і на Усходзе. Год, які прайшоў пасля драматычных падзей кіеўскага Майдана, да непазнавальнасці змяніў Украіну. На жаль, не ў лепшы бок. Ідзе грамадзянская вайна. Адбыўся фактычны раскол краіны  і страта часткі тэрыторыі. Да таго ж наша суседка стала адмысловай лакмусавай паперкай, якая выявіла прынцыповыя разыходжанні Расіі, ЗША і Еўрасаюза ў падыходах да гэтых падзей. Па сутнасці, у Еўропе зноў узніклі лініі падзелу, таму палітыкі пачалі наперабой даваць рэцэпты выхаду з небяспечнай сітуацыі для канфліктуючых бакоў. Старшыня Еўрасавета Херман ван Рампей, ацэньваючы падзеі ва Украіне, назваў іх “самым сур’ёзным геапалітычным крызісам у Еўропе з моманту заканчэння халоднай вайны. Ён папярэдзіў: справа ідзе да вайны, якая рызыкуе стаць самай смяротнай на кантыненце з часоў балканскіх войнаў. Палітык лічыць за неабходнае знайсці для Украіны магчымасць стаць “дэцэнтралізаванай” (федэралізаванай) і “інклюзіўнай” дзяржавай, якая, зблізіўшыся з Еўропай, устанавіла б “карэктныя” стасункі з Расіяй. У тэрміновай “дэцэнтралізацыі ўлады і захадах па барацьбе з карупцыяй” упэўнены і былы пасол ЗША ва Украіне Стывен Пайфер: Кіеву неабходна прымаць рэформы і рабіць гэта вельмі хутка, у адваротным выпадку ўлады могуць апынуцца без сусветнай падтрымкі і без падтрымкі свайго народа. Слухаючы парады, прэзідэнт Пётр Парашэнка чарговы раз абверг ідэю федэралізацыі Украіны. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены: канстытуцыйная большасць украінцаў бачыць яе ўнітарнай.

Рэальны сцэнарый узнікнення новай халоднай вайны пры неўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту прадставіў генсек Савета Еўропы Турб’ерн Ягланд.

Па выніках апытання Усерасійскага фонду даследавання грамадскай думкі, пагроза аднаўлення халоднай вайны падаецца даволі рэальнай і расіянам. Чвэрць з іх наогул упэўнена: яна ўжо ідзе.

Разам з тым у Вярхоўнай радзе зарэгістраваны законапраект аб спыненні членства і ўдзелу Украіны ў органах СНД з перспектывай уваходжання ў НАТА і ЕС. Апошнім часам тут усё часцей гучаць адозвы аб недзеяздольнасці Садружнасці і стварэнні сапраўднай “Сцяны”, якой трэба адгарадзіцца ад Расіі.

Аднак, як вядома, палітыка ёсць канцэнтраванае праяўленне эканомікі — гэтую ленінскую формулу пакуль ніхто не адмяняў. Днямі стала вядома, што Еўразійскі эканамічны саюз, куды ўваходзяць Расія, Беларусь, Казахстан і Арменія, мае намер адмовіцца ад долара і еўра ў міждзяржаўных плацяжах. Пераход на разлікі выключна ў нацыянальных валютах (расійскія і беларускія рублі, тэнге, драм) плануецца ажыццявіць да 2025—2030 гадоў. Такая прапанова замацавана ў праекце канцэпцыі развіцця плацёжных сістэм на тэрыторыі ЕАЭС.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter