«Адсюль твой пачатак і тут твой працяг...»

НА ГЛЫБОЧЧЫНЕ жыць цікава. Раблю такі вывад, пазнаёміўшыся з людзьмі гэтага краю, з іх адносінамі да працы і адпачынку, з побытам і культурай. Узяць хаця б мясцовую моладзь: яна не шукае лепшай долі ў іншых гарадах ці краінах, а ўладкоўваецца на месцы, знаходзячы справу сабе па сэрцы і заробкі ў адпаведнасці з уласнымі ўяўленнямі пра дабрабыт. А нават калі і закіне лёс у якія іншыя мясціны, душа заўсёды імкнецца дамоў, сумуючы па чароўным краі блакітных азёр. Пра яе, вясковую і гарадскую інтэлігенцыю, тых, хто стварае на Глыбоччыне дзень сённяшні, хто смела глядзіць у будучыню, хто славіць сваю малую радзіму далёка за яе межамі, і будзе гэты ліст.

3. У жыцці заўсёды ёсць месца добрым справам

НА ГЛЫБОЧЧЫНЕ жыць цікава. Раблю такі вывад, пазнаёміўшыся з людзьмі гэтага краю, з іх адносінамі да працы і адпачынку, з побытам і культурай. Узяць хаця б мясцовую моладзь: яна не шукае лепшай долі ў іншых гарадах ці краінах, а ўладкоўваецца на месцы, знаходзячы справу сабе па сэрцы і заробкі ў адпаведнасці з уласнымі ўяўленнямі пра дабрабыт. А нават калі і закіне лёс у якія іншыя мясціны, душа заўсёды імкнецца дамоў, сумуючы па чароўным краі блакітных азёр. Пра яе, вясковую і гарадскую інтэлігенцыю, тых, хто стварае на Глыбоччыне дзень сённяшні, хто смела глядзіць у будучыню, хто славіць сваю малую радзіму далёка за яе межамі, і будзе гэты ліст.

Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 30 і 31 жніўня  г. г.

Краязнаўчыя адкрыцці Рыгора Шарыпкіна

НАСТАЎНІК рускай мовы і літаратуры Залескай сярэдняй школы і былы яе выпускнік, кіраўнік краязнаўчага гуртка «Наша спадчына», нумізмат і баніст Рыгор ШАРЫПКІН — асоба ў Глыбоцкім раёне знакамітая. Заўзяты прыхільнік краязнаўства, культуры і гісторыі роднага краю, ён умее зацікавіць сваім захапленнем літаральна кожнага падлетка.

Ну хто ж з хлопцаў ці дзяўчат адмовіцца ад сапраўдных прыгодаў — падарожжа на веласіпедах па розных прыгожых мясцінах роднага раёна? Пры гэтым можна самастойна знайсці разгадку якой-небудзь старажытнай тайны ці пацверджанне легенды. А можа, нават і знайсці скарб. Ці хаця б адну старую манету, ці зуб маманта. Вось і настаўнік Рыгор Леанідавіч кажа, што, ходзячы па зямлі і гледзячы пад ногі, можна шмат чаго адшукаць.

Самы свежы прыклад — даследаванне, у якім атрымала пацверджанне адна са старажытных легендаў, што была запісаная даследчыкамі ў гэтых мясцінах прыкладна ў 1934 годзе і якую з тых часоў ніхто больш не ўзгадваў.

Кажуць, што ў старадаўнія часы замак, што стаяў на Залескім гарадзішчы, быў акружаны ворагамі і падпалены. А маладая князёўна, якая жыла ў ім, каб не здацца жывой у палон, загадала запрэгчы шэсць коней у павозку і скрозь полымя і шэрагі ворагаў шыбанула з гары прама ў возера. Нібыта і сёння ў кожную гадавіну таго пажару са дна возера можна пачуць гукі званочкаў, якія былі на яе конях.

— Мы адштурхнуліся ад гэтай легенды і пачалі дослед, — расказвае Рыгор Шарыпкін. — Залессе ўзгадвалася ў летапісах з ХІV—XV стагоддзяў і належала буйным магнатам, значыць, было ўмацавана. Так што замак на самай справе мог існаваць, хаця яго рэшткі і не захаваліся. А яшчэ мы знайшлі звесткі, што ў час руска-лівонскай вайны Залессе разам з іншымі маёнткамі Глыбоччыны было спалена атрадамі маскоўскіх стральцоў. Значыць, пажар таксама быў. З працы знакамітага археолага Пакроўскага мы даведаліся, што ў 1887 годзе пад Залескім гарадзішчам каля дарогі быў знойдзены скарб: 23 талеры. Я займаюся нумізматыкай і ведаю, што па тым часе гэта была фантастычная сума. Такія грошы мог мець толькі вельмі багаты чалавек, уладар. Так што легенда ў многім пацвердзілася.

Вынікі гэтых даследванняў будуць пакладзены ў аснову вучнёўскай даследчай працы «Легенды і паданні Залескага краю». Дарэчы, матэрыялы вандровак і даследаванняў не гінуць у невядомасці. Настаўнік апрацоўвае іх і выдае невялікія навукова-даследчыя брашуры па краязнаўстве. Разам са школьнікамі распрацоўвае турысцка-краязнаўчыя маршруты, па якіх праводзяць экскурсіі для вучняў з Глыбокага і суседніх вёсак, а таксама для гасцей Глыбоччыны. Дзякуючы падарожжам папаўняюцца экспанатамі і два школьныя музеі. А сёлета адна з вучаніц Рыгора Леанідавіча, Марына Рагацень, школьны экскурсавод, заняла другое месца на абласным конкурсе юных экскурсаводаў.

— Калі дзеці бачаць, што ты захоплены, апантаны чалавек, прычым не толькі на словах, але і на справе, — яны абавязкова да цябе пацягнуцца, — кажа ён. — У мяне ёсць такі закон: ніколі не выстаўляць сябе перад дзецьмі «вялікім навукоўцам», які ўсё ведае і якога ніколі нічым не здзівіш. Калі працуеш з дзецьмі — захапляйся, здзіўляйся разам з імі, і тады вы пасябруеце.

Алімпійскія ступені Марыны Шкерманковай

КАЛІ па тэлебачанні трансліравалі ўручэнне алімпійскіх медалёў цяжкаатлетам, дома ў бацькоў глыбачанкі Марыны ШКЕРМАНКОВАЙ бесперапынна званіў тэлефон: здавалася, усё Глыбокае імкнулася павіншаваць іх з «бронзай» дачкі.

Сёння, праз месяц пасля атрымання медаля, дзяўчына ўсё яшчэ не адчувае сябе публічнай асобай, і, адпаведна, — ніякіх прыкмет «зорнай хваробы» ў яе не заўважыш.

Я патэлефанавала Марыне, калі яна збіралася ў Глыбокае наведаць бацькоў і прыняць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню беларускага пісьменства. Дарэчы, пасля яскравага выступлення ў Лондане дзяўчына ўжо прыязджала на сваю малую радзіму, дзе прымала ўдзел у адкрыцці пасля рэканструкцыі Глыбоцкага гарадскога Дома культуры.

Але, акрамя такіх новых для яе абавязкаў, як удзел у публічных мерапрыемствах і размовы з журналістамі, ніякіх асаблівых перамен у сваім жыцці Марына не заўважае:

— Вядома, мне вельмі прыемна, што мной цікавяцца, тым больш што гэта цікавасць станоўчая, без асаблівага ажыятажу, — кажа дзяўчына.

Першага і другога верасня ў Глыбокім Марына сустрэнецца з маладымі актывістамі БРСМ, прыме ўдзел у іншых святочных мерапрыемствах. І проста прагуляецца па горадзе, наведае канцэрты, сустрэнецца з сябрамі — будзе рабіць тое, што робяць у яе ўзросце дзяўчаты. І абавязкова паласуецца глыбоцкай згушчонкай, якую вельмі любіць.

Паколькі размова наша ішла вакол свята пісьменства, я запыталася ў Марыны пра яе любімыя кнігі і аўтараў.

— Перад Алімпіядай мне, вядома, было не да чытання, — кажа яна. — Але добрая літаратура, лічу, у душы кожнага чалавека пакідае адбітак. Мяне ў свой час вельмі ўразіў раман Чынгіза Айтматава «Плаха».

Што ж, як бачна, разуменне мастацкага слова спартсменцы зусім не чужое.

— Што б ты хацела пажадаць роднай Глыбоччыне, а можа, і зрабіць для яе?

— Вельмі б хацелася як мага больш дзетак прыцягнуць да заняткаў спортам, зацікавіць іх. У Глыбокім, дарэчы, ёсць людзі, якія могуць гэта зрабіць. Напрыклад, мой першы трэнер па лёгкай атлетыцы Сяргей Катовіч. Менавіта ён зацікавіў мяне спортам, калі прыйшоў у школу і запрасіў на трэніроўкі. Спадзяюся, зараз на маім прыкладзе больш юных глыбачан і дзетак з раёна будуць займацца ў секцыях і дасягаць значных вынікаў.

— Ведаю, ты прысвяціла свой медаль на Алімпіядзе бацькам...

— Так, за разуменне і падтрымку. Спачатку ж нават не расказвала ім, што пакінула лёгкую атлетыку і пачала займацца цяжкай — разумела, што бацькам гэта не вельмі спадабаецца. Так і здарылася спачатку. Але яны прынялі гэтае маё рашэнне. Першым «здаўся» бацька, сказаў: «Калі падабаецца — змагайся, дабівайся пастаўленых мэтаў».

І яна бацькаў наказ выканала. Зараз ставіць перад сабой новыя мэты: шмат працаваць, трэніравацца, каб на наступных Алімпійскіх гульнях падняцца на самую высокую прыступку п’едэстала. І, будзем спадзявацца, Марына Шкерманкова іх даб’ецца. Бо за ёй не толькі ўся Беларусь, але і яе роднае Глыбокае...

Кавальскія самародкі Дзяніса Дубіны

ПРЫВАТНЫЯ сядзібы непадалёк ад цэнтра Глыбокага. На ўчастку побач з жылым домам месціцца невялічкая хацінка амаль без вокнаў. Унутры цёмна. Збоку, ля сцяны, зрок «выхоплівае» кавальскі горн, побач — кавадла. Па сценах — безліч розных незнаёмых прыстасаванняў. Дзіўна, але менавіта так я і ўяўляла сабе кузню.

Дзялюся гэтымі ўражаннямі з гаспадаром, Дзянісам ДУБІНАЙ.

— Не абавязкова ўяўлялі. Можа, дзе ў фільмах бачылі. Дарэчы, і сюды здымачныя групы прыязджалі, каб кузню зняць. Яна, вядома ж, электрычная, без мяхоў, але па выглядзе аўтэнтычная, — кажа ён.

У Дзяніса Дубіны вельмі мужчынская і даволі рэдкая прафесія — каваль. Калісьці яго бацька, Аляксандр Дубіна, быў, бадай, першым у Беларусі, хто вырашыў аднавіць гэтае старажытнае рамяство. Уласны бізнес ішоў добра: заказы сыпаліся адзін за адным. Шмат буйных вырабаў было створана ў сааўтарстве бацькі з сынам: ажурная брама перад касцёлам у Докшыцах, купалок і крыж на царкве ў Глыбокім, многія ўласныя сядзібы на Глыбоччыне аздоблены выкаванымі імі рэчамі.

Прафесія гэтая не толькі цяжкая фізічна, але і шкодная для здароўя — бацька, на жаль, рана пайшоў з жыцця. А з ручной работай кавалёў сталі вельмі ўдала спаборнічаць прыватныя фірмы, якія «штампуюць» вырабы па ўзорах: так хутчэй і танней, а тое, што тавар гэта не штучны, далёка не кожнага кліента турбуе.

Між тым рамяство сваё Дзяніс Дубіна не закінуў. Зараз ён зарэгістраваны як рамеснік. Ёсць у яго і сваё кола кліентаў, якія могуць адрозніць штампаваны выраб ад створанага кавалём і выбіраюць для сябе апошняе. І ўтвараюцца з падатлівага металу пад яго молатам падсвечнікі, кандэлябры, свяцільнікі…

Завітваюць падзівіцца на сапраўднага каваля турысты. Час ад часу з’яўляюцца і вучні: хтосьці прыязджае з іншых рэгіёнаў Беларусі, каб пасля адкрыць кузню ў сябе на радзіме, хтосьці, збіраючыся працаваць за мяжой, імкнецца набыць уменні і назапасіць вопыт — там такая праца дорага каштуе.

А каваль Дзяніс Дубіна марыць, што калі-небудзь перадасць усе сакрэты свайго майстэрства сыну Аляксандру, якога назваў у гонар бацькі, першага сучаснага каваля на Глыбоччыне…

САМАЕ галоўнае багацце любой мясцовасці — яе людзі. Бо менавіта яны пішуць вершы і музыку, ствараюць жывапісныя палотны і робяць навуковыя адкрыцці. Менавіта людзі вырошчваюць хлеб, узводзяць прыгожыя будынкі, здзяйсняюць подзвігі. І менавіта яны ніколі не забываюць сваіх вытокаў. «Якой далёкай ні будзе дарога, / Якім бы шырокім ні здаўся прасцяг — / Вяртайся сюды, да святога парога: / Адсюль твой пачатак і тут твой працяг», — сказаў аднойчы цудоўны беларускі паэт Леанід Якубовіч.

І гэтыя радкі найлепш адлюстроўваюць настрой, які, пэўна, адчуе кожны, каму пашчасціць пабываць падчас Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім. І не толькі падчас, але і заўсёды!

Юлія БАЛЬШАКОВА, «БН»

Фота аўтара і з асабістых архіваў субяседнікаў

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter