Адсюль ішло вызваленне

Каля вёскі Раковічы пад Светлагорскам адкрыецца памятны знак

Заўтра каля вёскі Раковічы Светлагорскага раёна адкрыецца памятны знак, прысвечаны 70-годдзю аперацыі «Багратыён».

Месца, дзе ён размешчаны, вельмі знакавае. З тутэйшых малапраходных беларускіх балот 23 чэрвеня 1944 года пачалася легендарная наступальная аперацыя савецкіх войскаў «Багратыён». Гаці для праходу праз балотную багну танкаў і артылерыйскіх гармат масцілі некалькі месяцаў. Дзякуючы намаганням ваенных інжынераў адсюль 65-я армія Паўла Батава пачала пераможнае наступленне.

Нечаканасць і магутнасць удараў воінаў і партызанаў дазволілі прарваць абарону групы нямецкіх армій «Цэнтр». Грандыёзная бітва разгарнулася на фронце ў 1100 кіламетраў. У баях за вызваленне Беларусі ўдзельнічала каля 4 мільёнаў чалавек, амаль 62 тысячы гармат і мінамётаў, больш за 7,5 тысячы танкаў і самаходных установак, звыш 7100 самалётаў. Як сведчыць ганаровы грамадзянін Светлагорска, член Беларускага і Расійскага саюзаў пісьменнікаў Ізяслаў Катляроў, якому належыць ідэя стварэння памятнага знака, вермахт дбайна занатоўваў хро-ніку ваенных падзей. У адным з дзённікаў нямецкіх генералаў знойдзены запіс: «Разгром групы армій «Цэнтр» — трагедыя, што пераўзышла паражэнне нашых войскаў у Сталінградзе».

У цэнтры кампазіцыі скульптара Валерыя Кандраценкі — чатыры сімвалічныя фігуры палкаводцаў — Канстанціна Ракасоўскага, Георгія Жукава, Паўла Батава, Міхаіла Панова. Справа і злева ад іх — постаці наступаючых савецкіх воінаў, партызанаў, маракоў Дняпроўскай флатыліі. Стрэлы на фоне скульптурнай кампазіцыі сімвалізуюць накірункі двух галоўных удараў савецкіх войскаў. У будучым, паведамілі ў Светлагорскім райвыканкаме, плануецца стварыць на гэтым месцы мемарыяльны комплекс — з музеем, каплічкай і танкам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter