Адшукаць карані

“Пішу вам ад імя майго сына Андрэя, які цікавіцца гісторыяй нашага роду.Мы звярнулі ўвагу на члена сям’і, які загінуў у гады Першай сусветнай вайны. Гэта дзядуля маёй цешчы Канстанцін Пятровіч ПІЛАТ, ураджэнец вёскі Падмажжа (да рэвалюцыі Слуцкі павет Мінскай губерні, пасля Семежаўскі сельсавет Чырвонаслабодскага раёна Бабруйскай вобласці, а зараз Камсамольскі сельсавет Капыльскага раёна Мінскай вобласці).

“Пішу вам ад імя майго сына Андрэя, які цікавіцца гісторыяй нашага роду.Мы звярнулі ўвагу на члена сям’і, які загінуў у гады Першай сусветнай вайны. Гэта дзядуля маёй цешчы Канстанцін Пятровіч ПІЛАТ, ураджэнец вёскі Падмажжа (да рэвалюцыі Слуцкі павет Мінскай губерні, пасля Семежаўскі сельсавет Чырвонаслабодскага раёна Бабруйскай вобласці, а зараз Камсамольскі сельсавет Капыльскага раёна Мінскай вобласці).

Дакладнай даты яго нараджэння не ведаем. Хрысцілі яго ў Кіявіцкай царкве Узнясення Гасподняга. Жонку Канстанціна звалі Малання. Па словах маёй цешчы, Канстанцін памёр у шпіталі ад брушнога тыфу ці ран. На жаль, ні месца смерці, ні абставін, ні часці, у якой ён служыў, мы не ведаем. Хутчэй за ўсё, прызываўся Слуцкім павятовым прызыўным пунктам. Дапамажыце атрымаць звесткі пра лёс сваяка. Валерый Уладзіміравіч Красоўскі, Магілёў”.
Сяргей з горада Рыга (Латвія) шукае звесткі пра родных свайго стрыечнага дзядзькі Кузьмы Венядзіктавіча КІСЯЛЁВА, у пасляваенны час ён быў міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Яго маці Кацярына Пятроўна Кісялёва (да замужжа Пігулеўская) родная сястра дзеда Сяргея Назарыя Паўлавіча Пігулеўскага. Яны нарадзіліся ў вёсцы Лабковічы Крычаўскага раёна. Сяргей на працягу апошніх чатырох гадоў складае сваё генеалагічнае дрэва.
Пасля таго, як нашы калегі агучылі электроннае пісьмо з Рыгі, у рэдакцыю “НГ” патэлефанавала мінчанка Кацярына Макараўна Кісялёва. Як высветлілася, у Сяргея шмат родных, бо ў Кацярыны Макараўны некалькі сясцёр, якія з задавальненнем пазнаёмяцца з ім і дапамогуць устанавіць радавод.

На спатканне з юнацтвам

“Дапамажыце знайсці Анатоля Васільевіча БАРАДАЯ, прыкладна 1935—1936 года нараджэння, які жыве ў Мінску. У 1951—1955 гадах мы разам вучыліся ў Навагрудскім педвучылішчы. Пасля заканчэння мяне прызвалі ў армію, а ён паступіў у Свярдлоўскае ваеннае вучылішча. Спачатку перапісваліся, а потым згубілі адзін аднаго. Я яго шукаў, але нічога не атрымалася. Да маёй просьбы далучаюцца таксама Галіна Пятроўна Сліборская і Марыя Пятроўна Трухан. Вы ў 2006 годзе аб’яўлялі пра сустрэчу былых студэнтаў Навагрудскага педвучылішча, выпускнікоў 1955 года. Але на спатканне прыйшоў толькі я. Таму прашу астатніх адгукнуцца. Уладзімір Яўгенавіч Нікалайчук, Віцебск”.

Мроіцца, сніцца

“2 студзеня 1972 года ў пасёлку Атраднае Адзінцоўскага раёна Маскоўскай вобласці я сустрэлася з Леанідам Іванавічам КЛЯУСАМ. Гэта быў яго дзень нараджэння. А знаходзіўся ён на тэрміновай службе, быў сяржантам у часці, якая размяшчалася ў гэтым пасёлку. Да арміі працаваў у магілёўскай сельгастэхніцы. Сустракаліся мы з ім амаль год. Потым яго перавялі ў Краснаярск. Паўгода мы перапісваліся, яго пісьмы і цяпер успамінаю. Я ж працавала на заводзе. Так здарылася, што там атрымала сатрасенне мозга. Калі ляжала ў бальніцы, выпадкова паслала яму пусты ліст, а напісанае алоўкам пісьмо засталося. Вестачкі ад яго не атрымала. Сябры Леаніда наведалі мяне, думалі, што ў мяне ўвесь твар пашкоджаны... Хоць пісьмаў не было, я ўсё роўна яго чакала. У чэрвені ці ў канцы ліпеня ён абяцаў прыехаць па мяне. Паслала яму пісьмо, адказу не атрымала. Тады напісала камандзіру часці. Ён паведаміў, што Леанід звольніўся ў запас і паехаў у Магілёў, трэба звяртацца ў ваенкамат гэтага горада. Але з-за гордасці ці крыўды я не стала нікуды пісаць. Праз некаторы час пазнаёмілася з хлопцам і паехала з ім у Беларусь. Тут і жыву. Вельмі хочацца ведаць, як склаўся лёс Леаніда. Валянціна Мікалаеўна, Гродзенская вобласць”.

Чакаюць дадому

“2 верасня 2008 года з дому ў вёсцы Малы Кудзін пайшоў Аляксандр Аляксандравіч ЮРЧЫН. Яго месцазнаходжанне невядома да гэтага часу. Саша, можа, цябе чым-небудзь пакрыўдзілі, прабач нам, і ведай, што мы цябе вельмі любім і чакаем дадому. Ніна Барысаўна Насценка, Бялыніцкі раён”.

Хачу даведацца

Віцяблянка Антаніна Віктараўна Галавешка шукае месца пахавання і звесткі пра свайго бацьку Віктара Лазаравіча ПІВАНОВІЧА. У кнізе “Памяць” Ваўкавыскага раёна напісана толькі, што ён памёр ад ран 30 лістапада 1945 года.
“Хачу даведацца, дзе і калі загінуў мой бацька Іван Анісімавіч СМІРНОЎ, 1912 года нараджэння. Ён быў прызваны на фронт Віцебскім райваенкаматам у 1941 годзе. Памёр у палоне ў Германіі ці ў Польшчы (ля Беластока) у 1944 годзе. Зінаіда Іванаўна Смірнова, Віцебск”.
“Шукаю звесткі пра Венядзікта Пракопавіча ЯТЧЭНЮ. Ён пражываў у вёсцы Доўгае Івацэвіцкага раёна. Быў старастам, сакратаром у мясцовым сельсавеце. Разносіў павесткі ў армію, а потым — на фронт. У пачатку вайны прызываўся Баранавіцкім ваенкаматам і служыў у Брэсцкім раёне кулямётчыкам. Пры адступленні не заходзіў у родную вёску, бо баяўся, што сям’ю яго расстраляюць. Загінуў у 1944 годзе ў гарах Венгрыі. Алена Канстанцінаўна Дылеўская, Пінск”.
“Старэйшы брат маёй бабулі Мікалай Мікалаевіч ФЕДКАВЕЦ нарадзіўся ў вёсцы Гальцы Столінскага раёна ў 1923 годзе. Быў прызваны на фронт 25 жніўня 1944 года Жабчыцкім ваенкаматам. Камандаваў аддзяленнем у 260-й стралковай дывізіі. У апошнім пісьме пісаў, што паранены і наступае ў раёне ракі Вісла. Больш пра яго лёс нічога невядома. Іван Алегавіч Зуеў, Брэст”.
“Шукаю звесткі пра Мікалая Ісакавіча ГАРУСАВА, 1901 года нараджэння, ураджэнца вёскі Казіміраўка Круглянскага раёна. З вёскі Шупені яго ў пачатку вайны забралі на фронт. У 1944-м атрымалі паведамленне, што ён прапаў без вестак падчас бою пад Сталінградам. Галіна Мікалаеўна Шэмлякова (Гарусава), Магілёў”.

Любая матуля

“Спадзяюся, што вы дапаможаце знайсці маю дарагую маму Ірыну Уладзіміраўну БУЯН, 1929 года нараджэння. Раней яна жыла ў пасёлку Гарадзея Нясвіжскага раёна і працавала станцыйнай рабочай на чыгунцы. 18 красавіка 1984 года маці прыйшла на працу, пабыла да 10 гадзін раніцы і некуды знікла. Да сённяшняга дня яе месцазнаходжанне невядома. Звярталіся ў міліцыю, быў аб’яўлены ўсесаюзны вышук, але вынікаў не даў. Прайшло 25 гадоў, а мы нічога не ведаем пра лёс нашага самага дарагога чалавека на свеце, дзе яна, што здарылася з ёй.  Ала Аляксандраўна Грамовіч, Слуцк”.

Ён быў ваеннапалонным

Жыхарка Баранавічаў Ганна Уладзіміраўна Крэнь (Чмак), 1928 года нараджэння, просіць адгукнуцца Міхаіла Паўлавіча ІЗОТАВА з горада Нара-Фамінска Маскоўскай вобласці (Расія). Яны пазнаёміліся ў Германіі. Міхаіл Паўлавіч быў ваеннапалонным з 1942 па 1944 год. Сябравалі. Ганна Уладзіміраўна праз усё жыццё пранесла памяць пра сябра і хоча даведацца, як склаўся яго далейшы лёс.

Маша загінула ў Мінску

“Шукаю сваякоў, знаёмых, суседзяў, аднакласнікаў мінчанкі Марыі Васільеўны КУЛАКОВАЙ, 1924 года нараджэння, у якіх захавалася яе фота. Марыя перад Вялікай Айчыннай вайной жыла ў Мінску на вуліцы Каменнай разам з бацькам, 1894 года нараджэння, які перад фашысцкай навалай і пасля яе працаваў тэхнічным інспектарам катланагляду, маці Соф’яй Фёдараўнай, 1900 года нараджэння, яна была хатняй гаспадыняй, і сястрой Верай, 1919 года нараджэння, якая пасля вайны вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У час вайны сям’я Кулаковых была ў партызанскім атрадзе “Смерць фашызму!”. Маша, падпольшчыца-антыфашыстка, загінула ў Мінску 2 ліпеня 1944 года. У 1980-х гадах дом, дзе жыла гэта сям’я, быў знесены. Прашу людзей, якія ведалі Марыю Кулакову, адгукнуцца. Аляксандра Лісоўская, Мінск”.

Ні ўнучкі, ні сына

“Хачу адшукаць сваю ўнучку, якая пражывала на Далёкім Усходзе ў пасёлку Рудная прыстань Дальнягорскага раёна (Прыморскі край) разам з маімі былымі сватамі Іванам Аляксандравічам Мінкіным і яго жонкай Аляксандрай. Унучку завуць Наталля Юр’еўна ДРОБАВА (прозвішча дзявочае). Яна нарадзілася 4 кастрычніка 1985 года. Маці яе завуць Ірына, прыкладна 1954—1955 года нараджэння. Яна з маім сынам Юрыем Пятровічам ДРОБАВЫМ у лістападзе 1988 года развялася, калі дзяўчынцы было чатыры гады. Апошні раз я з ёй тады і бачылася. Мой сын ездзіў да дачкі ў 1992 годзе, але яго не пусцілі да яе. Потым ён напісаў у газеце пісьмо сваёй Натальцы. Я накіравала ліст унучцы, але адказ не прыйшоў. У снежні 1998 года Юрый прапаў без вестак. Я не губляю надзеі знайсці яго. Юра закончыў Бабруйскую спартыўную школу-інтэрнат у 1975 годзе. Потым паступіў вучыцца ў Калінінградскае марское вучылішча. Пасля заканчэння яго накіравалі на Далёкі Усход, быў штурманам-інжынерам. Ва Уладзівастоку пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. У чэрвені 1984 года яны распісаліся. Жылі на кватэры ў горадзе Дальнягорску. Мой сын ездзіў за мяжу. Затым па стане здароўя перайшоў працаваць на завод борнай кіслаты. Жонка падала на развод. Пазней ён вярнуўся ў Беларусь і жыў са мной, працаваў на мясцовай абутковай фабрыцы. Яго скарацілі. Стаў вельмі веруючым чалавекам. Паехаў у Гродзенскую вобласць, у Жыровіцкі манастыр у снежні 1998 года. Пабыў там суткі і 29 чысла пайшоў на поезд. З таго часу пра яго нічога невядома. Шукалі, але не знайшлі. Валянціна Мікалаеўна Дробава, Бабруйск”.

Блізкія людзі

“Пішу па просьбе маёй бабулі Зінаіды Васільеўны Бажковай (у дзявоцтве Палюховіч), 1930 года нараджэння, якая шукае брата Міхаіла Васільевіча ПАЛЮХОВІЧА. Яны нарадзіліся ў вёсцы Бузуны Валожынскага раёна. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Васільевіч ваяваў на тэрыторыі Польшчы. Гарэў у танку, трапіў у шпіталь. Там пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Нэлі. Застаўся жыць у горадзе Катавіцы. У іх чацвёра дзяцей: сыны Здэнак і Крысціян і дочкі Бланка і Стэфанія. У 1972 ці 1973 годзе Міхаіл з дачкой Бланкай прыязджаў у Беларусь, а пазней — адзін. У 1990-я гады нас наведваў яго сын Здэнак з жонкай. Праз кароткі час бабуля паслала брату тэлеграму, але адказ не прыйшоў. Так нічога пра яго і невядома да гэтай пары. Аксана Міхайлаўна Шыбко, Мінск”.
“Прашу адгукнуцца Людмілу Фёдараўну ПАПОВУ, прыкладна 1940—1945 года нараджэння, якая раней жыла ў Мінску на вуліцы Захарава. Пазней іх дом знеслі, а яна пераехала ў іншае месца. Мае дачку Дзіяну. Вера Міхайлаўна Вараб’ёва, Санкт-Пецярбург (Расія)”.

За развітаннямі — сустрэчы

  • Мінчанка Людміла Сцяпанаўна Збароўская (у дзявоцтве Самсонава) у сваім пісьме ўспамінала дзяцінства і аднакласнікаў. Споўніўся 51 год пасля заканчэння сталічнай школы № 12. Яна адразу была жаночай, а пазней іх аб’ядналі з хлопцамі з 42-й школы. Таму ў класе было большасць дзяўчат. Міла была старастай. Амаль кожны год 10—13 дзяўчат-аднакласніц збіраюцца разам, а на наступны год хочуць сабрацца ўсім класам. Адгукнулася Іна Іскрыцкая, а пазней Валянціна Антонаўна Міхалковіч (Нікіціна) з горада Мінска.
  • Міхаіл Міхайлавіч Карніцкі, які жыве на Кубані, шукаў сваіх родных па бацьку Міхаілу Іларыёнавічу Карніцкаму. Бацька быў на фронце, потым жыў у Комі АССР. А родныя да 1965 года жылі ў вёсцы Пяшкова Нараўлянскага раёна. Адгукнулася Рэгіна Адамаўна Карніцкая (цяпер Сцяпыкіна) з Оршы.
  • Таццяна Лукінічна Палішчук з вёскі Вароніна Быхаўскага раёна шукала хросную дачку Людмілу Георгіеўну Макянян. Яе бацька Жора жыве недзе пад Масквой, а Люда — у Малдове. У яе памерла маці. Расла яна адразу ў бабулі, а пасля яе смерці — у інтэрнаце. Хрэсніца часта прыязджала да Таццяны Лукінічны. Адгукнулася сястра Людмілы Наталля.
  • Сяброўку Ганну Міхайлаўну Жумацій шукала Вольга Гаўрылаўна Максімовіч (Кур’ян). У 1949 годзе яны з маці і братам Фёдарам жылі ў вёсцы Ігольнікі Навагрудскага раёна. Брат быў дырэктарам мясцовай школы, затым пераехаў у Навагрудак. У 1950—1954 гадах сяброўкі разам вучыліся ў Навагрудскім педвучылішчы. Пасля заканчэння Вольга з сястрой Тамарай Кур’ян былі накіраваны на работу ў Драгічын. А Ганна выйшла замуж за вайскоўца і паехала ў Гомель. Сяброўка знайшлася.
  • Таццяна Іосіфаўна Непша з горада Заслаўе Мінскай вобласці напісала, што ў маладосці была на цаліне. Пасля заканчэння вучылішча механізацыі, якое знаходзілася тады ў горадзе Злынка Бранскай вобласці, яе накіравалі ў Казахстан. Там і сустрэлася з Аляксандрам Якаўлевічам Кутузавым. Ён быў механізатарам. Родам з вёскі Манюкі Навазыбкаўскага раёна. Яны працавалі ў адной брыгадзе. Пазней яго прызвалі ў армію. Служыў у Маскве, у Таманскай дывізіі. Пасля звальнення са службы паступіў у сельгастэхнікум у Навазыбкаве. Па накіраванні паехаў у Рэчыцу. Яе сябар маладосці адгукнуўся і расказаў пра сябе.

За Варшаўскім мостам

“У маім жыцці здарылася няшчасце. Прайшло больш чым паўтара года, як ад мяне пайшла мая дачка Лізавета Сяргееўна ЦЫНГАЛЁВА, 1982 года нараджэння. Яна забрала з сабой унучку Яўгенію, 2001 года нараджэння. Ліза сказала, што не жадае жыць са мной. Гэта здарылася пасля сваркі з ёй і доўгага судовага разбору аб правах на выхаванне Жэні. Мая дачка была цяжкім падлеткам. Я выхоўвала яе адна, і нашы адносіны былі няпростымі. Калі ёй споўнілася 12 гадоў, я пачала заўважаць, што дачку цікавіць той бок жыцця, ад якога любыя бацькі хочуць засцерагчы сваіх крывіначак. У 17 яна пачала трапляць у міліцыю, перастала начаваць дома. У хуткім часе нарадзіла дзяўчынку. Бацька малой не ажаніўся і сям’ю кінуў. Ад цяжкага жыцця мы вырашылі паехаць на заробкі ў Аўстрыю. Вярнулася я на радзіму толькі з Жэнечкай, бо маці яе там вяла разгульны лад жыцця. Я праз суд пазбавіла сваю дачку бацькоўскіх правоў. Тры гады Ліза адсутнічала дома. Мы перапісваліся, яна дасылала мне матэрыяльную дапамогу. Там выйшла замуж, нарадзіла другое дзіця. Але ў хуткім часе яна вярнулася дадому. Праз суд вярнула сабе Жэнечку і паехала. З таго часу я іх не бачыла і нічога не ведаю. У міліцыі мне паведамілі, што мая дачка разам з унучкай пераехалі Варшаўскі мост. Я шукала іх праз Чырвоны Крыж. Мне цяжка адной. Вельмі сумую па дачцэ і ўнучцы. Калі Лізавета захоча, яна можа мне пазваніць. І тады, я думаю, усё зменіцца. Спадзяюся, што хутка яе пачую ці ўбачу. Лідзія Аляксееўна Цынгалёва, Мінск”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter