Адраджэнне сядзібы муз

Ужо ў сакавіку ў сядзібе Агінскага загучыць жывая музыка, а праз колькі месяцаў у аранжарэі з’явяцца сапраўдныя ананасы

Ужо ў сакавіку ў сядзібе Агінскага загучыць жывая музыка, а праз колькі месяцаў у аранжарэі з’явяцца сапраўдныя ананасы

Доўгія дзесяцігоддзі рэзідэнцыя вядомага кампазітара і палітычнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі Смаргонскага раёна знаходзілася ў запусценні. Мясціны, што натхнялі кампазітара на стварэнне музычных твораў, у тым ліку вядомага на ўвесь свет паланэза “Развітанне з Радзімай”, і якія часта параўноўвалі з Яснай Палянай Талстога, Міхайлаўскім Пушкіна і Тарханавым Лермантава, парасталі травамі ды хмызняком. І вось “Паўночныя Афіны”, як ахрысцілі ў свой час палацавы ансамбль пачатку ХІХ стагоддзя, перажываюць другое нараджэнне. Афіцыйнае адкрыццё музейнага комплексу запланавана на дзень нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага 25 верасня.

Раяль у залу!

Больш за тры гады сядзіба хавалася за будаўнічымі лясамі. Рэстаўрацыя, якая фінансуецца па дзяржпраграмах з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, а таксама са сродкаў Еўрапейскага саюза па праекце трансгранічнага супрацоўніцтва, ахапіла ўсе аб’екты на тэрыторыі сядзібнага комплексу — галоўны будынак у класічным стылі з драўлянымі аканіцамі, аранжарэю з калонамі і вокнамі да зямлі, млын на беразе ракі, альтанку ў парку. Рамонтныя работы працягваюцца і сёння. Аднак прасвет не за гарамі.

Да палаца ўжо падведзены газ і вада, электрычнасць, выкананы вонкавыя сеткі, адрамантаваны ацяпляльныя і вентыляцыйныя сістэмы. Зараз ідуць аддзелачныя работы. Больш за ўсё рабочых — у музычна-тэатральнай зале. Яе павінны здаць ужо ў канцы лютага. А 9 сакавіка тут плануюць правесці канцэрт — праз многія дзесяцігоддзі гукі музыкі зноў напоўняць сядзібу. Дата выбрана невыпадкова. Як расказаў намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзь Бычко, музычная зала аднаўляецца за грошы Еўрапейскай камісіі па праекце, які Смаргонскі райвыканкам ажыццяўляе сумесна з дырэкцыяй Тракайскага нацыянальнага парку. 2 сакавіка музыка будзе гучаць у палацы графа Юзафа Тышкевіча ў літоўскім Ужутракісе. А праз тыдзень аналагічны канцэрт будзе праведзены ў сядзібе Агінскага ў беларускім Залессі. Пасля ад-крыцця залы, як плануецца, музыка тут будзе гучаць вельмі часта. Да прыкладу, 25 верасня, калі губернатар вобласці перарэжа сімвалічную чырвоную стужку, у яе сценах выступіць Нацыянальны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Фінберга, у тым ліку і з кампазіцыямі Агінскага.

— На аднаўленне залы Еўракамісія выдаткавала 241 тысячу долараў, — расказвае Генадзь Паўлавіч. — Сродкі прызначаныя не толькі на рэканструкцыю самога памяшкання, але і набыццё адпаведнага рыштунку. Ужо куплены італьянскі канцэртны раяль. Бабруйская фабрыка вырабіла стылізаваную мэблю. У зале будзе каля дзевяноста месцаў.

Кава сярод пальмаў

Вядома, што ў свой час у сядзібе Агінскага пабывала нямала пісьменнікаў, паэтаў, кампазітараў. Відаць, палюбіць гэтае месца і сучасная інтэлігенцыя. У музычна-тэатральнай зале можна будзе ладзіць канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, літаратурныя сустрэчы і многае іншае. У часы Агінскага госці, безумоўна, не з’язджалі адразу ж пасля вечара, а прыпыняліся тут на некалькі дзён. Будзе такая магчымасць і ў сучасных наведвальнікаў “Паўночных Афін”. У сядзібным комплексе прадугледжаны гасцінічны комплекс на дванаццаць нумароў.   

Сваіх гасцей Агінскі забаўляў не толькі канцэртамі. Вадзіў сяброў у парк, дзе раслі рэдкія дрэвы і гулялі жывыя паўліны, а таксама ў аранжарэю, дзе частаваў іх ананасамі. Паўлінаў смаргонскія ўлады не абяцаюць, затое не адмаўляюць магчымасць вырошчваць у аранжарэі рэдкія расліны, у тым ліку і ананасы.

— Спадзяёмся, экзатычнымі раслінамі падзеліцца Смаргонскі політэхнічны ліцэй, на базе якога створаны зімовы сад. У аранжарэях ліцэя знаходзіцца каля 270 відаў рэдкіх раслін. Усяго — больш за тысячу экзэмпляраў, — расказвае Генадзь Бычко.  — Пладаносяць фінікі, інжыр, кававае дрэва, фейхоа, лімоны, мандарыны, бананы і, вядома, ананасы.

Аб’ект плануюць здаць 1 лі-пеня. З гэтага часу ў сядзібы з’явяцца гаспадар, штат і юрыдычны адрас. Пачнецца насычэнне музейнай калекцыі.

— Пакуль мы не маем права набываць экспанаты ці браць іх на дэпазіт. Усё гэта будзе магчыма пасля 1 ліпеня. Ужо сёння ёсць дамоўленасць з некаторымі беларускімі музеямі. Да прыкладу, Зінаіда Кучар, дырэктар Музея гісторыі тэатральнай i музычнай культуры, якая займаецца канцэпцыяй залескага музея, гатова прад-ставіць лічбавыя копіі асабістага архіву Агінскага, некаторыя партрэты і гравюры таго часу, — расказвае Генадзь Паўлавіч. — А старшыня Нацыя-нальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны, наш зямляк, які хварэе душой за Залессе, збіраецца перадаць музею некалькі каштоўных кніг, звязаных з імем Міхала Клеафаса Агінскага.

Кіраўніцтва раёна цяпер турбуе адно: укамплектаваць штат музейнага комплексу заўзятымі і адданымі супрацоўнікамі з добрым веданнем не толькі гісторыі, але і, пажадана, замежных моў. Наперадзе 2015 год, які ЮНЕСКА збіраецца аб’явіць у сувязі з 250-годдзем кампазітара Годам Агінскага. Значыць, трэба чакаць на Смаргоншчыне шмат замежных гасцей і шэраг яркіх мерапрыемстваў. А тое, што замежнікаў тут будзе нямала, нядзіўна. Міхал Клеафас Агінскі — сапраўдны касмапаліт. З яго імем звязаны Беларусь, Расія, Літва, Польшча, Галандыя, Францыя...

— Залессе можа стаць свое-асаблівай турыстычнай Меккай, — лічыць намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзь Бычко. — Па неафіцыйных падліках, праз Залессе за год праходзіць адзінаццаць тысяч турыстаў. Наша задача прыцягнуць іх і затрымаць хоць на нейкі час. Вядома, павінна быць адпаведная інфраструктура, сувенірная прадукцыя, каб людзі, прыехаўшы сюды, маглі б міжволі папрацаваць і на эканоміку рэгіёна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter