Аднойчы і назаўсёды

Патрыётам сваёй справы можна назваць і галоўнага заатэхніка Валянціну Аляксееўну ПРОПЕР. Яна ў СВК «Квасевічы» ўжо 35 гадоў, з першага дня працоўнага стажу. І не беспаспяхова.

У жывёлагадоўлі СВК «Квасевічы» разам са спецыялістамі працуюць 92 чалавекі. І сярод іх ёсць такія, хто за дзясяткі гадоў стаў неад’емнай часткай калектыву. Пра такіх кажуць — людзі таго часу

Патрыётам сваёй справы можна назваць і галоўнага заатэхніка Валянціну Аляксееўну ПРОПЕР. Яна ў СВК «Квасевічы» ўжо 35 гадоў, з першага дня працоўнага стажу. І не беспаспяхова.

Летась атрымала Ганаровы дыплом аблвыканкама за другое месца ў абласным спаборніцтве галоўных заатэхнікаў. Узнагароджана за добрасумленную працу і Граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Пры сустрэчы першае, аб чым яна папрасіла, гэта ўдакладніць, што ўсе граматы і дыпломы, якія яна атрымала за жыццё, гэта не толькі яе асабістая заслуга, а ў цэлым дружнага, з’яднанага калектыву на чале з граматным, перадавых поглядаў старшынёй Віктарам Анатольевічам Алексеюком.

Родам Валянціна Аляксееўна з Бярозаўскага раёна. Бацькі яе ніколі не мелі дачынення да жывёлагадоўлі. Бацька працаваў усё жыццё вадзіцелем на Бярозаўскай ГРЭС, а маці — азеляніцелем, вахцёрам, тэхнічным работнікам. Старэйшую з трох дачок Валянціну бацькі па прыкладу сваіх сяброў аддалі вучыцца ў Ляхавіцкі тэхнікум на заатэхніка. І вучылася дзяўчына выдатна, атрымала дыплом з адзнакай, а вось карову ўпершыню ўбачыла, калі паехала на практыку.

Пры размеркаванні, як выдатніца, мела права выбару першага месца работы, і Валянціна выбрала перадавую «Зару» ў Івацэвіцкім раёне. Гаспадарка пры старшыні Анатолю Уладзіміравічу Дашкевічу была моцная, кіраўнік ён надта строгі і патрабавальны. І Валянціна спужалася не столькі кароў, колькі страху нагнала адказнасць за работу. Кінуць і паехаць у свет не даў любімы Іван, які стаў мужам. Першы год маладыя паспрабавалі пажыць па кватэрах. А потым Іван Іванавіч катэгарычна не захацеў нікуды ехаць ад старэнькай маці, што жыла ў Верашках і якой патрэбна была дапамога. Пяць гадоў пражылі са свякрухай, а потым у Ёдчыках атрымалі кватэру без выгод, у якой выгадавалі сына і дачку, далі ім адукацыю. Проперы да сённяшняга дня трымаюць сваю гаспадарку: карову Малышку, свіней, кур, ката, сабаку, садзяць соткі, як усе вясковыя працавітыя людзі. Але без фермы Валянціна Аляксееўна ўжо проста не ўяўляе жыцця. За 35 гадоў прырасла да сваёй работы.

На яе вяку змяніліся тры кіраўнікі, ад кожнага прыбаўлялася вопыту. Пачынала памочнікам брыгадзіра, потым працавала заатэхнікам-селекцыянерам. Часам выконвала абавязкі галоўнага заатэхніка. Потым час ад часу, калі не было спецыялістаў, працавала галоўным заатэхнікам. І ўпэўнілася за гады, што поспеху ніякай гаспадарцы не дабіцца, калі кіраўнік «не цягне», хай і па аб’ектыўных прычынах. Апошняму кіраўніку Віктару Анатольевічу Алексеюку давялося амаль з руін 90-х выцягваць гаспадарку. І дзякуючы яго ведам, патрабавальнасці і жаданню дабівацца поспехаў гаспадарка стала перадавой, і многія спецыялісты — у пашане.

Жывёлагадоўчая галіна СВК «Квасевічы» — гэта малочна-таварная ферма «Ёдчыкі», дзе ў мясным цэху ўтрымліваецца 1600 галоў маладняку, жывёлы на адкорм і рамонтныя цялушкі, у малочным цэху — 600 галоў дойнага статку і цяляты прафілакторнага перыяду — усяго 2300 галоў; малочна-таварная ферма «Квасевічы» на 659 галоў з даільнай залай на 400 кароў і рэканструяваным, з сучасным абсталяваннем «Дэльпро», памяшканнем; ферма «Альшаніца», дзе на адкорм пастаўлена 200 галоў жывёлы.

І амаль усе загадчыцы фермаў, а гэта Вера Сцяпанаўна Курцэвіч, Святлана Фёдараўна Анфілец, Ніна Пятроўна Бабей, маюць стаж работы ў жывёлагадоўлі Квасевічаў па трыццаць з лішкам гадоў. Старога гарту і галоўны ветурач Клаўдзія Паўлаўна Собаль, якая тройчы выходзіла пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва. Ветфельчар Галіна Данілаўна Бабей працоўны стаж мае за трыццаць гадоў. А ўсе разам яны з крыху маладзейшай, але такой жа спрытнай загадчыцай фермай «Квасевічы» Наталляй Васільеўнай Кузьмініч — каманда. Кожная з жанчын ведае сваю справу дасканала, можа падтрымаць, даць слушную параду, калі ёсць якая замінка, і проста дапамагчы ў любой жыццёвай сітуацыі. Яны ўмеюць радавацца поспехам калег, хвалююцца, як школьніцы, калі асвойваюць новае абсталяванне ці выконваюць якую адказную работу, і нават тады, калі іх кандыдатуры прадстаўляюць да ўзнагарод. Менавіта адказнасць за сваю справу, за свой участак работы ўплывае на рэзультат работы ўсяго калектыву і адыгрывае ў ім важкую ролю.

— З нашым старшынёй не засядзішся на месцы, яму заўсёды трэба наперад і наперад, — расказвае Валянціна Пропер. — Віктар Анатольевіч Алексяюк — мой трэці кіраўнік. Пры ім я ўсе гады працую галоўным заатэхнікам. Ён патрабавальны, але на ўсё перадавое, тэхналагічнае і выгаднае для справы не шкадуе грошай. Часта ён сам бывае на рознага кшталту і ўзроўню выстаўках. Калі на перадавых форумах бываем мы, ён заўсёды цікавіцца, што мы можам узяць для сваёй гаспадаркі. Але не так, што пачуў звон і хутчэй за справу, а спачатку аб’ездзіць тыя гаспадаркі, дзе такое ўжо ўкаранялася, вывучыць усе магчымыя варыянты і толькі тады дасць дабро. І такой гаспадарлівасці і пошуку новых ідэй патрабуе ён ад усіх спецыялістаў.

Вось апошні прыклад. Новае абсталяванне для рэканструяванай фермы ў Квасевічах шукалі, каб і цана, і якасць былі адпаведныя. Абышлося яно ў 3,7 мільярда рублёў, але ж і перавод жывёлы ў новае памяшканне прайшоў без лішніх стрэсаў з 26 кастрычніка. Жывёла хутка перабудавалася, і малако ўзнавілася ў тым жа аб’ёме, а цяпер дабавілася па паўтара кілаграма ад каровы.

У цэлым па гаспадарцы надой ад каровы на дзень нашага наведвання склаў 15,4 кілаграма, плюс у параўнанні з сярэднясутачным надоем мінулага года 0,5 кілаграма. Валавая вытворчасць малака складала 109 працэнтаў да ўзроўню мінулага года.

З лютага 2011 года працуе новая даільная зала на МТФ у Квасевічах. Яе абслугоўваюць тры адказныя работніцы: Валянціна Міхайлаўна Шчурко, Ірына Віктараўна Мажэйка, Вольга Мікалаеўна Цэменя. Ад добра наладжанай санітарыі, кажуць жанчыны, залежыць «добрае» малако. Вялікі працэнт якасці яго, згодна, сапраўды залежыць ад чысціні і санітарных умоў. Тут гэтай акалічнасці надаецца шмат увагі. І вынік гаворыць сам за сябе: 31 працэнт малака, што прадаецца дзяржаве, — гатунак «экстра», вышэйшым гатункам ідзе 45 працэнтаў малака.

Што тычыцца рацыёну жывёлы, то ён збалансаваны. Сілас, сена, сянаж, канцэнтраты ўласнай вытворчасці з усёй неабходнай палітрай макра- і мікраэлементаў, бялковыя дабаўкі і шроты — за ўсім гэтым пільна сочаць у гаспадарцы. Жывёла амаль уся круглы год знаходзіцца ў памяшканні, у летні перыяд яна дакормліваецца зялёнай масай.

Дысцыпліна, адказнасць і гаспадарлівасць — вось тры складаемыя поспеху Валянціны Аляксееўны Пропер. Святлана Фёдараўна Анфілец, загадчыца фермай у Ёдчыках, называе сярод чалавечых якасцей галоўнага заатэхніка і мяккасць, маючы на ўвазе яе чалавечнасць і спагаду.

— Дзе трэба, яна патрабавальная, а дзе — і дапаможа, — удакладняе Святлана Фёдараўна. — Яна арганізоўвае работу так, каб жывёла была своечасова накормлена, падаслана, каб кармы былі якасныя, каб атрымлівалі добрыя прывагі і ішло якаснае малако.

Пра цяжкасці мы не гаварылі. Ды і што пра іх успамінаць, калі ўсе стараюцца працаваць на рэзультат і разумеюць, што без ахвяравання асабістым часам яго не даб’ешся. Для аблягчэння работы спецыялістаў купляюцца тэхніка, камп’ютары, аўто, ствараюцца ўсе ўмовы, толькі працуй. Але моладзь не надта рвецца да такога грузу адказнасці і работы за ідэю. Папрацуе год-два і ўцякае. Праўда, нічога дрэннага нельга сказаць пра маладых спецыялістаў, што прыйшлі на работу ў жывёлагадоўлю апошнім часам. У 2011 годзе прыехала працаваць маладая сям’я Іны і Цімафея Далговічаў, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю завочна і працуюць: яна — памочнікам брыгадзіра на новай ферме ў Квасевічах, ён — заатэхнікам-селекцыянерам. Пасля заканчэння Гродзенскага ўніверсітэта з ліпеня працуе старэйшым заатэхнікам Павел Данільчык. Хлопцы паспяхова набіраюцца вопыту, ведаюць камп’ютар, на іх плячах вядзенне племянной работы. За мінулы год выхад цялят на сто кароў — 94 галавы. Так што маладымі спецыялістамі ў гаспадарцы задаволены і робяць на іх стаўку ў далейшым. Вопыт перадаваць ім ёсць каму.

Валянціна БОБРЫК

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter