Адной толькі сілаю слова

Неабходна адзначыць, што слоўныя пажаданні даўно сталі адной з важных складовых частак рытуальна-магічнай практыкі беларусаў і дастаткова часта выкарыстоўваліся нашымі продкамі не толькі ў час выканання абрадаў, але і ў паўсядзённым жыцці, тым самым напаўняючы бытавыя сітуацыі пэўным сакральным сэнсам. Самае першае, што мы робім пры сустрэчы са знаёмым чалавекам, — гэта жадаем яму “Добрага здароўя!” або “Добрага дня!”. У сучасным жыцці адкрытасць і міласэрнасць чалавека ў большай ступені праяўляюцца ў вясковым асяроддзі. Незалежна ад таго, хто сустрэнецца па дарозе — знаёмы або зусім чужы чалавек, словы прывітання або пажадання абавязкова прагучаць як з аднаго боку, так і з другога. На жаль, у гарадскіх умовах гэты рытуал добразычлівасці і павагі страціў сваю абавязковасць, мы вітаемся толькі са знаёмымі людзьмі.

Нашы пажаданні — гэта не што іншае, як адна з форм заклінанняў, якія павінны былі садзейнічаць дасягненню вызначанай мэты  або мяркуемага выніку, накіраванасці жадаемага ўздзеяння, у дадзеным выпадку — захавання здароўя. Слоўныя звароты да чалавека маглі быць афарбаваны вялікай колькасцю адценняў: інтанацыяй, сілай голасу, выбарам адпаведных сітуацыі слоў, якія часам узмацняліся шэрагам экстралінгвістычных фактараў (жэстам, мімікай, рухамі). У залежнасці ад мэты нашага слоўнага ўздзеяння і чакаемага выніку звароты маглі ператварыцца ў загад (“Выйдзі вон!”), патрабаванне (“Сіўка-бурка, вешчая каурка, стань переда мной, як ліст перад травой...”), пабуджэнне (“Будзь здароў, як вада, будзь багаты, як зямля, а   расці, як вярба!   Будзь здароў на ўвесь год, як зімовы лёд!”), просьбу (“Зарадзі, Божа, жыта, пшаніцу, усякую пашніцу”), малітоўны зварот (“Змілуйся, матухна-зямля”), перасцеражэнне (“Стой, туды не хадзі”), пагрозу (“Калі не будзеш слухацца, атрымаеш бярозавай кашы”).
Часцей за ўсё ў абрадавай практыцы заклінанні і замовы выкарыстоўвалі для таго, каб справакаваць дасягненне жадаемага, напрыклад, наблізіць надыход доўгачаканага цяпла: “Благаславіце, людзі добрыя, вясну гукаці!”, або каб адвесці пагрозу навальніцы ад сваёй хаты: “Сцеражы, Божа, тучу гразавую, зберажы, Божа, ніву трудавую, дай, Божа, у добры час!”, выклікаць дождж і г.д.
Асабліва шырока замовы выкарыстоўваліся ў народнай медыцыне. Кампазіцыя фактычна кожнай замовы пабудавана на заклінанні той або іншай хваробы, супраць якой яна накіравана: “Дымішча, дымішча, вазьмі ў гэтага дзіцяці зубішча (гаварыць перад адчыненай печчу). Зубішча, зубішча, ідзі на дымішча. Пакуль я вас не выгаварвала, вы горла закладалі, нёба падпіралі. Цяпер вам горла не закладаць, нёба не падпіраць, табе (імя) пры здароўі стаяць”.
Заклінанні складалі аснову і шматлікіх праклёнаў. У народным асяроддзі да іх ставіліся з вялікай перасцярогай. Нездарма ж казалі: “Словам можна забіць, словам можна на ногі паставіць”. Тых, хто часта выкарыстоўваў у сваёй гаворцы праклёны, у вёсцы не паважалі, нават часам не запрашалі на вяселлі, на хрэсьбіны, на іншыя святочныя застоллі. Самым моцным праклёнам лічылі праклён маці, які, глыбока верылі, не зможа “адгаварыць” або “зняць” ні адзін знахар. Ён псаваў жыццё сыну ці дачцэ на працягу ўсяго жыцця. Нездарма ж на Беларусі вядома шмат паданняў пра тое, як слова маці ператварыла дачку ў камень.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter