Адной сям’ёй

У дзясяты раз Гродна вітаў Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур

У дзясяты раз Гродна вітаў Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур

Прадстаўнікі звыш трох дзясяткаў нацыянальнасцей, якія пражываюць у Беларусі, сустрэліся ў горадзе, якому самой гісторыяй наканавана шанаваць талерантнасць і зацвердзіць традыцыю ўзаемнай пашаны і згоды.

Унікальная з’ява

Традыцыі ладзіць у Гродне фестываль нацыянальных культур амаль дваццаць гадоў. Калі першы распачыналі 11 суполак, то зараз іх колькасць вырасла ў тры разы. Беларускае свята яднання мае свае адметныя рысы сярод падобных форумаў свету: фестываль, па сутнасці, ахоплівае ўсю краіну. Адборачныя туры сярод творчых носьбітаў нацыянальных культур праходзяць па ўсіх рэгіёнах, пачынаючы з невялікіх вёсачак. А потым таленты збіраюцца разам у горадзе над Нёманам, каб паказаць лепшыя здабыткі культуры сваёй суполкі. Гэтае ўсебеларускае свята за доўгія гады не страціла свайго адметнага фармату, яно застаецца шчырым і вельмі душэўным. Адчуванне такое, нібы сапраўды збіраецца разам адна шматнацыянальная вялікая сям’я, якой няма чаго дзяліць на роднай зямлі. Вось і на гэты раз Гродна, які толькі афіцыйных гасцей запрасіў паўтары тысячы, напоўніўся нацыянальным шматгалоссем. На тры дні гістарычны цэнтр горада над Нёманам ператварыўся ў адну непаўторную творчую пляцоўку. А распачало свята нязменнае шэсце нацыянальных суполак па вуліцы Савецкай праз жывы калідор гродзенцаў і гасцей, якія аднолькава ветліва сустракалі і самыя вялікія суполкі, такія як руская, украінская, літоўская, польская, і прадстаўленыя адным чалавекам — таджыкскую, турэцкую і г. д. Шчыра падтрымалі і сям’ю англічан, якая дапоўніла ў гэтым годзе шматнацыянальнае шэсце. А першай у гэтай калоне ішла традыцыйна беларуская суполка. Як сімвал нацыянальнай згоды майстрыхі ласкутнага шыцця з полацкага аб’яднання “Рошва” неслі “Пакроў міра” — вялізнае палатно, якое пашылі з ласкуткоў, якія даставілі прадстаўнікі нацыянальнасцей з розных краін свету.

Прывітальныя словы Рэспубліканскаму фестывалю нацыянальных культур накіраваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Важнасць такога свята яднання падкрэсліў віцэ-прэм’ер Анатолій Тозік, які наведаў свята ў Гродне.

— Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур падтрымлівае атмасферу талерантнасці ў грамадстве, вучыць кожнага чалавека цаніць свае карані. Гэтае свята —значная падзея ў культурным жыцці краіны і ўнікальная з’ява на еўрапейскай прасторы. Гэтая падзея дазваляе ўсвядоміць вялікую ролю дзяржавы ў захаванні духоўных і маральных ідэалаў, сведчыць аб тым, што ў Беларусі ўсе маюць роўныя магчымасці на іх захаванне і развіццё, — падкрэсліў губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў.

У рытмах народаў свету

Галоўнае дзейства фестывалю распачалося на другі дзень, калі ў гістарычнай частцы горада адкрыліся нацыянальныя падворкі — кожны са сваім каларытам. Гродна спяваў і танцаваў да самага вечара, прычым на розных мовах свету і ў розных рытмах. Наведаўшы ўсе 22 нацыянальныя падворкі, людзі атрымалі непаўторную асалоду ад таго, што пагасцілі ў такой вялікай, цікавай, шматнацыянальнай сям’і Беларусі, а суайчыннікі адчулі гонар ад таго, што жывём у згодзе. На рускім падворку самі ногі пускаліся ў скокі пад “Барыню”, спявала душа на цыганскім, на грузінскім пашчасціла пакаштаваць салодкі “кавалачак Грузіі”: з нагоды свята гэтая суполка спякла дваццацікілаграмовы торт, на якім адлюстраваліся мілыя сэрцу вобразы гістарычнай радзімы — горы, рэкі, гарады. Індыйцы, карэйцы, венесуэльцы, літоўцы, англічане, італьянцы... Кожная нацыя пастаралася, каб паказаць сябе лепшай, і гэта атрымалася.

— Такога адчування шчырага свята я, бадай што, яшчэ не адчувала ніколі. Вельмі добра, што гродзенскі фестываль не ператварыўся ў які-небудзь “папсовы”, што свята ладзяць звычайныя людзі, якія любяць сваю культуру і захоўваюць яе. Мы цэлай сям’ёй спецыяльна прыехалі, каб пабачыць фестываль, аб якім шмат чулі. Гэта былі тры непаўторныя дні. У наступны раз возьмем з сабой суседзяў, — падзялілася ўражаннямі мінчанка Ірына Ахмадуліна.

Да позняй ночы ўсе гэтыя дні не сціхала ў горадзе канцэртная праграма беларускіх і замежных зорак. Парадавалі гродзенцаў і гасцей Леў Лешчанка, групы “Ласкавы май”, “Вінтаж”, нямецкая “Чынгісхан”.

З’ядналі кроплямі святой вады

У суботу, на другі дзень фестывалю, адначасова зазванілі званы ў гродзенскіх каталіцкіх і праваслаўных храмах. З нагоды таго, што адбылася падзея, якой чакалі доўгія гады. У скверы плошчы Савецкай, якая па-фестывальнаму стала ў гэты дзень шматнацыянальнай і шматканфесійнай, на месцы страчанага храма быў адкрыты Паклонны Крыж. Гродзенцы памятаюць, як у савецкія часы, у 1961 годзе, тут быў узарваны велічны храм, заснаваны яшчэ князем Вітаўтам у 1389 годзе. Гэтае святое месца было адметным для гродзенскай шматканфесійнай зямлі і тым, што храм за сваю гісторыю быў як каталіцкі, так і праваслаўны. І вось нарэшце адбыўся пакаянны момант. Каталіцкі і праваслаўны епіскапы асвяцілі памятны знак, які мае выгляд дзвюх прытуленых напаўразбураных арак, што імкнуцца зліцца ў адзіны хрысціянскі звон, як сімвал яднання дзвюх канфесій.

— Вельмі спадзяюся, што пасля асвячэння гэтае месца стане для ўсіх нас не толькі месцам успаміну, але і напаміну аб узаемнай пашане вернікаў розных веравызнанняў і розных рэлігій. Перад выклікамі сучаснасці нам усім неабходна засяроджвацца на тым, што нас усіх аб’ядноўвае, трэба забыць аб варожасці, будзем усе разам клапаціцца пра свае традыцыі, пра росквіт роднай зямлі, — зазначыў епіскап Гродзенскай каталіцкай епархіі Аляксандр Кашкевіч.

У сваю чаргу праваслаўны епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій наказваў:

— Няхай Паклонны Крыж стане знакам нашага пакаяння за цёмныя плямы, якія былі ў нашай гісторыі. А пакаянне — заўжды адраджэнне, дык няхай гэтая падзея будзе знакам нашага імкнення да адзінства, да таго, каб на нашай зямлі ніколі не было міжнацыянальных і міжрэлігійных канфліктаў.

— Памятаю, як узарвалі гэты храм, я тады вучылася ў першым класе. Настаўніца прывяла нас на гэтае месца, калі яшчэ руіны былі неразабраныя, — не стрымала хвалявання гродзенка Людміла Гарбачык, з якой мы стаялі побач. — На душы радасна, што адносіны да веры мяняюцца. Нічога ж няма важнейшага, чым жыць духоўным жыццём у міры і згодзе. Асабліва гэта разумееш, калі бачыш, што робіцца ва Украіне. У мяне там сваякі, душа за іх баліць, — расчулілася жанчына.

Кроплямі святой вады з’ядналі епіскапы людзей, якія прыйшлі ў гэтае святое месца, каб стаць сведкамі духоўнага адраджэння.

... Юбілейны, дзясяты Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у чарговы раз атрымаўся непаўторным. Гродзенскі форум нацыянальнага яднання настолькі вырас за гэты час, што магчымасці гасціннага абласнога цэнтра ўжо не могуць дазволіць прыняць і размясціць усіх гасцей, што жадаюць прыехаць на свята з розных куткоў свету. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Леанід Гуляка напомніў наконт гэтага, што ўжо ў пачатку верасня ў Мінску адбудзецца фестываль мастацтваў беларусаў свету, на які ўжо запрошаны суайчыннікі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter