«Адно жыццё» — па лiку восьмае

Беларускi паэт замежжа Ян Чыквiн прадставiў чытачам свой новы зборнiк

Вядомы беларускi паэт замежжа, старшыня Беларускага лiтаратурнага аб’яднання “Белавежа” ў Беластоку Ян Чыквiн гасцiў у Гродне, дзе прадставiў чытачам свой новы зборнiк “Адно жыццё”. Ян Чыквiн – ураджэнец Падляскага рэгiёну Польшчы, прадстаўнiк шматлiкай беларускай дыяспары ў гэтай краiне, з’яўляецца членам Саюза польскiх пiсьменнiкаў, мае вучоную ступень доктара фiлалагiчных навук, званне прафесара, працуе ва унiверсiтэце горада Беластока, плённа займаецца лiтаратурнай творчасцю i даследчыцкай дзейнасцю.

Чыквiн – аўтар некалькiх даследаванняў, сярод якiх праца “Беларускiя пiсьменнiкi замежжа”, укладальнiк шэрага анталогiй, у тым лiку кнiгi “Беларускiя пiсьменнiкi ў Польшчы”. Яго творы перакладзены на польскую, рускую, украiнскую, сербскую, англiйскую i нямецкую мовы.

“Адно жыццё”, восьмы па лiку зборнiк Яна Чыквiна, убачыў свет у бягучым годзе. Ён выйшаў у серыi “Бiблiятэка беларускай лiтаратуры аб’яднання “Белавежа”, заснаванай у 1990 годзе пры падтрымцы Культурнага цэнтра Беларусi ў Польшчы пры Пасольстве Рэспублiкi Беларусь у Варшаве.

— Гэта адно з чатырох выданняў бiблiятэчкi “Белавежы”, надрукаванае ў 2009 годзе, — расказаў саветнiк – кiраўнiк Культурнага цэнтра Беларусi ў Польшчы Аляксандр Карачун. – Яшчэ дзве кнiгi рыхтуюцца i павiнны трапiць у рукi чытачоў ужо ў снежнi. Пры гэтым мы не толькi падтрымлiваем выданне кнiг беларускiх аўтараў, але i прымаем удзел у iх папулярызацыi i прэзентацыi. Напрыклад, у Гродне мы прадстаўляем новы зборнiк Яна Чыквiна на тэлеканале “Гродна Плюс”, дзе аўтар выступiў у праграме “Званы госць”, а таксама на фiлалагiчным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага унiверсiтэта iмя Янкi Купалы.

Акрамя гэтага, Культурны цэнтр Беларусi ў Польшчы рэалiзуе немалую колькасць iншых папулярных праектаў. Дзякуючы працы цэнтра рэгулярна прахо­дзяць выставы беларускiх мастакоў i фотавыставы (у тым лiку народнага фота­клуба “Гродна”) у гарадах суседняй краiны. Традыцыйнымi сталi Днi культуры Беларусi, якiя ўжо прайшлi ў Варшаве, Беластоку, Познанi, Лодзi. Арганiзуюцца экскурсii ў нашу краiну дзяцей i моладзi – этнiчных беларусаў i тых, хто вывучае беларускую мову. Толькi ў бягучым годзе такую магчымасць атрымалi каля 250 чалавек. У школах i iншых навучальных установах Польшчы, дзе вывучаецца беларуская мова, праводзяцца сустрэчы з беларускiмi пiсьменнiкамi. Ва ўсiх гэтых справах, як адзначае Аляксандр Карачун, задзейнiчаны таксама i пасольства, i генеральныя консульствы Беларусi ў Беластоку, Гданьску, наша консульства ў Бялай Падлясцы.

Яшчэ адзiн накiрунак працы культурнага цэнтра – падтрымка беларускiх арганiзацый у Польшчы, найбольш буйная з якiх — Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Беластоку, арганiзацыя выступленняў артыстаў з Беларусi перад замежнымi суайчыннiкамi i, наадварот, канцэртаў беларускамоўных калектываў з Польшчы ў гарадах нашай рэспублiкi. Такiя iмпрэзы адбывалiся ў Мiнску, Гродне, Паставах i iншых мясцiнах.

Зараз работнiкi цэнтра рыхтуюць святочны праект. Яны маюць намер запрасiць на навагоднюю ёлку дзяцей – пераможцаў беларускiх конкурсаў, якiя праходзiлi на працягу года. Адбудзецца сустрэча ў Стары Новы год.

А ў перспектыве – рэалiзацыя яшчэ адной цiкавай iдэi. Абмяркоўваецца магчымасць запрасiць у Гродна на заключныя мерапрыемствы VII Рэспублiканскага фестывалю нацыянальных культур творчыя калектывы беларусаў замежжа i арганiзаваць падчас свята iх сумесны канцэрт.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter