«Адно па сёння не забыта: я сею жыта»

ІМЯ літаратара Кастуся ЦВІРКІ добра вядома ў беларускім грамадстве. Аўтар паэтычных зборнікаў і гістарычных раманаў, кніжак для дзяцей і крытычных артыкулаў, даследаванняў беларускай спадчыны. Кандыдат гістарычных навук. Працаваў вясковым настаўнікам, карэспандэнтам у раённай газеце і на Беларускім радыё, навуковым супрацоўнікам у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у выдавецтве «Юнацтва». І ніколі не парываў сувязь з роднай вёскай Зялёная Дуброва Старадарожскага раёна. Літаратурныя творы Кастуся Аляксеевіча прасякнуты духоўным вяртаннем да вытокаў, да родных мясцін з іх людзьмі і багатай прыродай, традыцыямі і звычаямі. Самі назвы яго паэтычных зборнікаў — «Чарназём», «Каласы», «Сцежка дадому» — сведчаць пра адданасць паэта вясковай тэме. Большасць літаратурных твораў напісаны ў дарагой сэрцу Зялёнай Дуброве, адкуль пачаўся яго жыццёвы шлях. У гэтыя сакавіцкія дні, калі абуджаецца прырода, Кастусю Цвірку споўнілася восемдзесят гадоў.

Беларускі пісьменнік 80-гадовы юбіляр Кастусь Цвірка ніколі не адрываўся ад вёскі і дагэтуль там чэрпае натхненне

ІМЯ літаратара Кастуся ЦВІРКІ добра вядома ў беларускім грамадстве. Аўтар паэтычных зборнікаў і гістарычных раманаў, кніжак для дзяцей і крытычных артыкулаў, даследаванняў беларускай спадчыны. Кандыдат гістарычных навук. Працаваў вясковым настаўнікам, карэспандэнтам у раённай газеце і на Беларускім радыё, навуковым супрацоўнікам у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у выдавецтве «Юнацтва». І ніколі не парываў сувязь з роднай вёскай Зялёная Дуброва Старадарожскага раёна. Літаратурныя творы Кастуся Аляксеевіча прасякнуты духоўным вяртаннем да вытокаў, да родных мясцін з іх людзьмі і багатай прыродай, традыцыямі і звычаямі. Самі назвы яго паэтычных зборнікаў — «Чарназём», «Каласы», «Сцежка дадому» — сведчаць пра адданасць паэта вясковай тэме. Большасць літаратурных твораў напісаны ў дарагой сэрцу Зялёнай Дуброве, адкуль пачаўся яго жыццёвы шлях. У гэтыя сакавіцкія дні, калі абуджаецца прырода, Кастусю Цвірку споўнілася восемдзесят гадоў.

ВЫТОКІ роду Цвіркаў вядуць у далёкае мінулае. Дзяды і прадзеды па мацярынскай і бацькоўскай лініі — засцянковая шляхта гістарычнай Случчыны. Як і ўсе навакольныя сяляне, потам палівалі зямлю, хлеб вырошчвалі, травы касілі. Але сваталіся толькі са шляхецкім родам. Вось так некалі пабраліся і бацькі Кастуся Аляксеевіча. Нават герб свой мелі. Усе жыхары Зялёнай Дубровы шляхецкага роду. Узнікла гэтая вёска сярод балот і густых бароў на пачатку мінулага стагоддзя.

— Мае продкі, — распавядае Кастусь Цвірка, — былі арандатарамі панскай зямлі ў межах цяперашніх Слуцкага, Асіповіцкага і Старадарожскага раёнаў. З зямлі мелі нейкія грошы. Збіралі іх і, калі на пачатку мінулага стагоддзя пачулі, што нейкі гаспадар па прозвішчу Поляк прадае зямлю, адправіліся на агледзіны. «Зямлёй» быў лясны расцяроб, адны пні. Мясціны іх зацікавілі. Некрануты лес навокал. Купленае «ляда» раскарчавалі і вырабілі поле. Пабудавалі дамы. Так і ўзнікла  Зялёная Дуброва. Дзед Сымон і два яго браты сталі першымі жыхарамі. Потым туды перабраліся іх былыя суседзі Рымашэўскія, адкуль мая маці. Ганарыўся дзед Сымон, што служыў унтэр-афіцэрам у царскім войску. Пасля службы вярнуўся дамоў, выбраў сабе нявесту са шляхецкай слуцкай вёскі Шантароўшчына, з роду Дарэўскіх.

— Вы нарадзіліся ў той час, калі завяршылася ўжо калектывізацыя?

— Бацькі былі першымі калгаснікамі. Здалі ў калектыўную гаспадарку каня, вупраж. У хляве засталася толькі карова. Дзед Сымон балюча ўспрыняў усё гэта і неўзабаве не вытрымаў, памёр. Мне было толькі пяць гадкоў. У сям’і я быў старэйшы з дзяцей, яшчэ брат і тры сястрычкі меншыя. Кожная вясковая хата ў той час — амаль паўкласа дзетвары. Летам, калі мужчыны касілі траву, мы насілі ім ў глёках халодную ваду, абеды на луг. Старэйшыя хлапчукі пасвілі кароў, дапамагалі калгасу. І раптам мірны занятак перарвала вайна. Усіх мужчын прызвалі ў армію. Толькі старыя, жанчыны і дзеці засталіся ў Зялёнай Дуброве. У канцы лета на матацыклах уварваліся немцы, і калі яны гергаталі па-свойму, мы ўцякалі ў хату і лезлі на печ — адзіную сваю крэпасць.  Настала першая ваенная восень. На самым пачатку вайны з фронту вярнуўся паранены бацька. Неўзабаве ён памёр. Мы, пяцёра дзяцей, засталіся адны з маці. Самая меншая сястрычка Яня нарадзілася праз некалькі дзён пасля пахавання бацькі.

— Маці з немаўлём на руках, хто ж упраўляўся па гаспадарцы?

— Мне тады ішоў дзявяты год. Брат маці Толя, старэйшы за мяне на два гады, вучыў мяне гаспадарыць. Разам з ім касілі сена, дровы пілавалі, усё, што трэба было для дому, рабілі. Маці не было яшчэ і трыццаці гадоў. У 1944 годзе, пасля вызвалення ад фашысцкай акупацыі, адкрылася школа. Не было сшыткаў, чарніла. З другога класа мяне настаўнік Уладзімір Антонавіч Пятроўскі перавёў у чацвёрты, бо я ўсю праграму ведаў. Многіх пераросткаў пераводзілі ў старэйшыя класы. У пяты клас разам з іншымі дзецьмі пайшлі ў Залужскую сямігодку, што ў дзесяці кіламетрах ад нас. Штодня хадзілі. А яшчэ трэба было і гаспадаркай займацца. Мужыкоў у хатах не было. Хто яшчэ не вярнуўся з фронту, а хто загінуў. Наша цётка выпадкова пазнала сваю карову, якую немцы забралі і яна пасля вызвалення апынулася ў суседняй вёсцы. Гэтая карова карміла нашы дзве сям’і. Сена мы з дванаццацігадовым дзядзькам Толем накошвалі на ўсю зіму.

— Пэўна, і араць зямлю рана давялося?

— Жанчыны ўпрагаліся ў плуг, а я ледзьве ўтрымліваў яго. Адразу не налаўчыўся. Плуг выслізваў з рук. Коней у нас яшчэ не было. Потым дзядзька Іван аднекуль прывёў пакінутага немцамі каня і ён быў у нас, пакуль не абагульнілі ў калгас.

— Гаспадарка гаспадаркай, а вучыцца хацелася?

— Вучыцца я хацеў. І маці настройвала на вучобу. Добра, што падручнікі давалі ў школе. Цяжкавата было з адзеннем. У хаце ставілі кросны і ткалі палатно, шылі вопратку. У гэтых ільняных строях і хадзіў у школу. Праз плячо палатняная торбачка. Сярэднюю школу заканчваў у Старых Дарогах. Жыў у родзічаў. Захапляўся паэзіяй, сам пісаў вершы. Некаторыя з іх друкаваліся ў раённай і абласной газетах.

— А куды марылі пасля школы падацца?

— У старэйшых класах была думка заняцца сельскай гаспадаркай. Але адзін выпадак вырашыў усё інакш. Сшытак вершаў асмеліўся прынесці ў часопіс «Полымя», рэдакцыя якога знаходзілася ў двух пакойчыках Дома друку. Тапчуся ў дзвярах пакойчыка і бачу, што ля акна за сталом сядзіць мужчына. Ён зірнуў на мяне і спытаў: «Што ў цябе, хлопча?» Працягнуў яму сшытак. Ён ўсе вершы перачытаў, а потым нешта пачаў папраўляць і кажа, што два вершы надрукуе. Устаў і прапанаваў калегам, што за іншымі сталамі сядзелі, каб паслухалі, як школьнік піша. І пачаў чытаць. Калі хто заходзіў у пакой, ён перачытваў мой верш,  як пастух напісаў карціну:

Нанёс усё, што сэрцу міла:

Дарогу, золата жытоў.

І нават песню,

што застыла

Ў адкрытых вуснах юнакоў.

Радкі яму прыйшліся даспадобы. Я спытаў, з кім размаўляю. Ён адказаў, што з галоўным рэдактарам часопіса «Полымя» Максімам Танкам. Доўга мы размаўлялі. На маю просьбу параіць, куды мне пасля школы падацца, Яўген Іванавіч назваў філалагічны факультэт БДУ. Так я развітаўся з думкай пра вучобу ў сельскагаспадарчай акадэміі.

— Кожны чалавек задумваецца пра свой шлях. І вы, пэўна, Кастусь Аляксеевіч, не выключэнне.

— Задумваўся. Калі яшчэ вучыўся ў школе, бачыў шмат самых розных беспарадкаў на вёсцы. Мы стварылі сваю камсамольскую арганізацыю і імкнуліся змагацца з імі. Лічылі, што ўсё залежыць ад старшыні калгаса. Не маглі нават уявіць, што як яму загадаюць зверху, тое і павінен выконваць. Усё, што ўвосень збярэ калгас, здавалі. Мы ж лічылі, што калгасны ўраджай падзелім паміж вяскоўцамі і будзем добра жыць. Таму і планаваў вучыцца па гаспадарчай лініі, каб навесці парадак у калгасе.

— А хату хто вашу будаваў?

— Бацька пачынаў, але не паспеў, маці, як магла, дабудоўвала. Пасля заканчэння філфака папрасіўся на працу бліжэй да дому. Накіравалі настаўнікам у вёску Труханавічы, тады Слуцкага, а цяпер Капыльскага раёна. У той час купіць харчы на вёсцы было немагчыма. Ездзіў на базар у Слуцк. Настаўніку трэба было заводзіць сваю гаспадарку, каб неяк жыць. Працаваў я і ў Рудзенскай раённай газеце. Часта ездзіў у Зялёную Дуброву, там нагледзеў і купіў хату побач з дзедавай сядзібай. Я заўжды марыў жыць у сваёй вёсцы.

— А каму засталася бацькоўская хата?

— Сястра Валянціна там гаспадарыць. Малодшыя сёстры Яня і Зіна маюць таксама хаты ў Зялёнай Дуброве. І брат Алег прыязджае ў вёску. Кожнае лета мы там праводзім. А сын мой Алесь, якога назвалі ў гонар дзеда, займеў сабе лецішча на Віцебшчыне. Збудаваў цэлы турыстычны комплекс для адпачываючых.

— Сын кіруецца на сваю сядзібу, а вы з жонкай ў Зялёную Дуброву. А гаспадарку там нейкую вядзеце?

— Саджаем агарод, вырошчваем гародніну.

— А не перашкаджае гэта вашай творчасці?

— Наадварот. Пасяджу за пісьмовым сталом — і на агарод.

— Кастусь Аляксеевіч, ваша літаратурная спадчына даволі разнастайная і багатая. У ёй значнае месца адведзена вясковай тэматыцы. Вось як гэтыя радкі:

Час паваенны! Не багата

Тады, ў бясхлеб’е,

меў я святаў.

Адно па сёння не забыта:

Я сею жыта…

— Гэты верш і нарадзіўся таму, што сам вось так і сеяў жыта. Браў сявеньку і вучыўся сеяць. Калгасы не адразу пасля вайны аднавілі. Надзея была на лепшую будучыню. Жылі паўгалодныя і спадзяваліся, што прыйдзе той час, калі ўдосталь на стале будзе хлеба.

— Кастусь Аляксеевіч, вы ж і перакладчыкам былі...

— Перакладаў найбольш з польскай мовы творы Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлю. У маім перакладзе выйшаў «Лірнік вясковы» Сыракомлі. 

— У вершы «Акраец хлеба» Уладзіслава Сыракомлі, які вы пераклалі на нашу мову, пранізлівыя душу радкі: «Я тыя лугі ўсе па паху пазнаю»…

— У перакладах я імкнуўся найбольш блізка да арыгінала захоўваць сэнс твора. Так і ў гэтым вершы галоўным для мяне было перадаць настрой душы паэта.

— А чаму адзін са сваіх зборнікаў паэзіі вы назвалі  «Чарназём»?

— Вясковая назва. Я меркаваў, што паэты не павінны лятаць недзе ў аблоках, а апускацца на зямлю, якая — аснова ўсяго. Гэты зборнік быў добра ўспрыняты крытыкай. Там сабраны вершы розныя: лірычныя, пра настаўніцтва, пра вёску.

— У Зялёнай Дуброве вы сябе адчуваеце госцем ці кім?

— Я там куды ні пайду, усюды свае людзі. Адчуваю сябе ў вялікай сям’і, дзе сваякі, родныя, блізкія. Калі да каго заходжу ў хату ці сустракаю на вуліцы, ёсць пра што гаварыць.

— А ці поўняць сённяшнія дуброўцы новыя літаратурныя вобразы? Ці чэрпаеце там тэмы, сюжэты?

— Усе героі дакументальнай аповесці «Будзіла вёску берасцянка» — мае землякі. Вясковае жыццё — невычэрпная крыніца для творчасці. Толькі паспявай занатоўваць.

— Зялёная Дуброва вашага юнацтва і сённяшняя вельмі адрозніваюцца?

— Гаворкі няма. Зусім іншай стала вёска. Была мнагалюдная, шумная. Ну і сіроцкая. Амаль у кожнай хаце ўдава гаспадарыла. Мужчын па пальцах можна было пералічыць. Да вайны вёску пачысціла калектывізацыя, раскулачванне. Болей за вайну 1937 год выкасіў нашых вяскоўцаў, якія ні ў чым не былі вінаватыя і нічога пра палітыку не ведалі. А ім прыпісвалі то шпіёнства, то яшчэ што. Сёння наша Зялёная Дуброва — у асноўным вёска пенсіянераў. Вось і я поўню іх атрад. На роднай зямлі лягчэй дыхаецца, лягчэй пішацца.

— У 1975 годзе вы выдалі зборнік з сялянскай назвай «Каласы».

— Каласы — сімвал сялянскага жыцця, сімвал вёскі. Каласы, ураджай, жыццё, жыта. Перад вачамі стаяць, калышуцца...

— Каласы, поле, вёска, бацькоўская хата... У вашым вершы «Дома» ёсць такія радкі:

Што ж, не сунімеш час!

Ды хлынуць дум лавіны:

Хто ж прыйдзе пасля нас

У светлы край дзяцінны?

Ці скажа хто «люблю»

Яму?

У часу плыні

Мы на каго зямлю

Дзядоў,

Наш свет

Пакінем?

На каго ж пакінем?

— Гэта вельмі балючая тэма. І цяпер я пра гэта думаю. Пакінем на тых, хто будзе любіць зямлю, хто вернецца працаваць на ёй. Людзі такія ёсць. Патрэбны толькі спрыяльныя ўмовы. Вярнуцца і пачынаць з пачатку ўсё не так і проста. Вяртацца не чорнарабочымі ці наёмнымі працаўнікамі, а толькі гаспадарамі. І тады будзе сэнс.

— Вясковая тэма праходзіць праз усю вашу творчасць. А абрадавай спадчыне сялян вы нават прысвяцілі навуковае даследаванне...

— У перыяд працы ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук я зацікавіўся беларускімі вяселлямі. Ездзіў па вёсках і збіраў матэрыял з магнітафонам. Запісваў вясельныя абрады, якія не праходзяць без спеваў, бубна ці скрыпкі і гармоніка.

— У вашай вёсцы гучаў гармонік?

— Ды яшчэ як! У нас пад ліпамі былі лавачкі, і мы там збіраліся, гарманіст іграў, скакалі. Было весела. Цяпер цішыня. Толькі часам сусед Федзя парыпае. Мой дзядзька Толя іграў на гармоніку цудоўна. Да апоўначы гулялі, а раніцай будзіць не трэба было.

— Кастусь Аляксеевіч, ваша творчая скарбонка поўная самых розных твораў і жанраў. Але, пэўна, апагей — «Воўчая выспа»?

— Задумваў я гэты твор як раман, таму што падзеі ў ім адбываюцца ў розныя часы. Я ўклаў у яго вельмі многае. Жыццё мне падказала тэму. Калі пісьменнік будзе пісаць пра жыццё па парадку, гэта не кране чытача. Трэба так прадумаць сюжэт, каб чалавек пачаў чытаць і не змог адарвацца. Без інтрыгі твор нецікавы. Я знайшоў такі сюжэт, у якім імкнуўся паказаць многае: і нашу народную творчасць, і нашу долю. Галоўны герой Ігнась хацеў жыць на зямлі, працаваць, але яму не давалі. Гэта тое, што ў нашага народа вечнае: адчуць сябе гаспадаром на зямлі, каб табе не дыктавалі, што і як рабіць.

— Класікі нашай літаратуры Янка Купала ў паэме «Над ракой Арэсай», Якуб Колас у «Новай зямлі», Кузьма Чорны ў «Трэцім пакаленні», Іван Мележ у рамане «Людзі на балоце» востра ўздымалі адвечную тэму зямлі...

— У «Соках цаліны» Цішкі Гартнага таксама яна галоўная. Пакаленні нашых сялян жылі клопатам пра зямлю-карміцельку. Цяпер людзі адарваліся ад яе. А зямля прагне рук чалавечых.

— Як пісаў Якуб Колас, «зямля дзяцей тваіх не кіне. Зямля — аснова ўсёй Айчыны».

— Зямля трымае нас, шчодра адгукаецца на руплівы клопат, а часовага працаўніка не прымае. Ёй патрэбен сапраўдны гаспадар, які будзе перадаваць яе ў спадчыну ад дзядоў унукам. Трэба, каб дзяржава гэта падтрымлівала. Гэта і ёсць найважнейшая стратэгія эканамічнай бяспекі.

— Галоўны герой «Воўчай выспы» — студэнт сельгасакадэміі, будучы гаспадар зямлі, за якую змагаліся яго продкі. Раман мае элементы аўтабіяграфічнасці?

— Многае выкарыстана з майго студэнцтва, пераплецена з дакладнымі гістарычнымі фактамі. Гэта ж творчасць, і з аблокаў факты браць не будзеш.

— Кастусь Аляксеевіч, зычу вам дажыць да новых юбілеяў і каб ваша творчая крыніца і далей бруілася самымі цікавымі тэмамі.

— Дзякуй за пажаданні. Адносна творчай крыніцы, яна ў мяне невычэрпная. Я ніколі не адрываўся ад вясковых людзей і там чэрпаю творчае натхненне. Нядаўна завяршыў працу над гістарычным раманам «Януш Радзівіл». Мне будзе вельмі прыемна, калі чытачоў зацікавіць гэты твор.

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter