Обзор книг от Людмилы Рублевской

Аднавiць вiтражы гiсторыi

Уладзiмiр Караткевiч. Збор твораў. Том 18. Малюнкi
Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2019

Гэтая кнiга — сапраўдная сенсацыя! 18‑ы том збору твораў Уладзiмiра Ка­рат­кевiча, якi выходзiць у выдавецтве «Мастацкая лiтаратура», прадстаўляе ма­люнкi пiсь­меннiка, большасць з якiх нiколi раней не друкавалася. Рыгор Барадулiн некалi так пiсаў пра гэтую частку спадчыны сябра: «А мастак Караткевiч мог бы, вiдаць, спаборнiчаць з пiсьменнiкам Ка­раткевiчам. Бездакорна валодаў лiнiяй, кампазiцыяй. Некалькiмi штры­хамi мог перадаць характар, цi ўлюбёна‑рамантычна, цi здзек­лiва‑гратэскна. Пуш­кiн­скiя накiды на палях рукапiсаў выдадзены неаднаразова. Пара i нам пабагацець душой i выдаць малюнкi пяром, накiды, шаржы Уладзiмiра Караткевiча. Скарбы гэтыя раскiданы па ўсёй Беларусi, па краiнах былога Саюза, яны ў сяброў i прыхiльнiкаў вялiкага пiсь­меннiка».

Усяго пакуль выяўлена каля 600 малюнкаў. На палях студэнцкiх сшыткаў i ў лiстах да сяброў, на асобных аркушыках i ў альбомах… Сам Караткевiч не адносiўся да сваёй мастакоўскай дзейнасцi сур’ёзна, але знаўцы адзначаюць, што ён меў неаспрэчны талент. Маляваў сябе, сяброў, сваiх герояў, сцэнкi з жыцця, фантазii… Ягоны славуты гумар i эрудыцыя надаюць асаблiвай каштоўнасцi гэтым творам.

Гэта i акенца ў жыццё пiсьменнiка, у ягоны ўнутраны свет. Шмат перажыванняў прынеслi Караткевiчу стасункi з кiне­матографам. Вось, напрыклад, малюнак «Абмеркаванне на кiнастудыi «Беларусьфiльм» лiта­ратурнага сцэнарыя мастацкага фiльма «Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi». На аркушы Караткевiч пазначае заўвагi i ўласныя думкi, як заўсёды, яскравыя ды iранiчныя.

Без назвы. 29 лiпеня 1965 г.   Уладзiмiр Караткевiч i мядзведзь.
Слова «дзякуй» на розных мовах.  Аўтапародыя паводле антычнага мiфа пра прыкутага да скалы Праметэя. 
Безумоўна, гэты том стане бiблiяграфiчнай рэдкасцю. Але на гэтым не ўсё: складальнiк Мiхась Кенька ў каментарыях сцвярджае, што новыя малюнкi Караткевiча яшчэ будуць выяўленыя i ўвойдуць у апошнi, 25‑ы том збору твораў.

Iван Саверчанка. Магiя слова
Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2019

Вядомы лiтаратуразнаўца, доктар фiлалагiчных навук, прафесар Iван Саверчанка — аўтар шматлiкiх навуковых прац па гiсторыi беларускай лiтаратуры. У гэты зборнiк увайшлi ягоныя эсэ пра найбольш яркiх майстроў слова XII — XVII стагоддзяў, фактычна iх творчыя партрэты, разлiчаныя не толькi на прафесiйнага чытача. Готыка, Рэнесанс i Барока… Менавiта праз творчасць пiсьменнiкаў можна давесцi, што для беларускага народа гэтыя эпохi не былi староннiмi — мы пражылi iх, як i iншыя еўрапейскiя народы, засвойваючы культурныя, навуковыя, светапоглядныя здабыткi. Ужо тады мы былi адметныя, i нам ёсць чым ганарыцца. I вельмi прыкра, што акрамя агульнавядомых iмёнаў, кшталту Францыска Скарыны i Кiрылы Тураўскага, цэлая панарама творцаў выпала з агульнай увагi, збядняючы наша ўяўленне пра сябе. Мiж тым у эпоху готыкi стваралi летапiсы i жыцiя Клiм Смаляцiч i Яфрэм Чарнарызец; iдэi Рэнесансу ўвасаблялi на Беларусi Стафан Збаражскi i Аўгусцiн Ратундус, Васiль Цяпiнскi i Лаўрэнцiй Зiзанiй; Барока — гэта найцiкавейшыя постацi Фёдара Еўлашоўскага, Гальяша Пельгрымоўскага, Кiрылы Транквiлiёна‑Стаўравецкага, Iосiфа Вельямiна‑Руцкага, Андрэя Мужылоўскага i многiх iншых. Людзi розных канфесiй i перакананняў, мысляры i паэты часта апыналiся па розныя бакi барыкад, але аднолькава iмкнулiся да iсцiны. Багаты фактычны матэрыял дапаможа ўявiць гэтыя постацi i запомнiць.

Выданнi для агляду прадастаўлены кнiжным магазiнам «Акадэмiчная кнiга», Мiнск, пр. Незалежнасцi, 72.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter