Аднакласнікі сустракаюцца на збожжавым полі

СЕМ год таму Лужкі разам з суседняй вёскай Гарадзец сталі першым аграгарадком на Шаркаўшчыне. З насельніцтвам каля 1200 жыхароў яны размясціліся паабапал прыгожай рэчкі Мнюта. Упершыню ў летапісе вёска ўпамінаецца ў 1514 годзе. Ёю валодалі графы Сапегі, Чапскія, Плятэры, Жабы. Адзін з прадстаўнікоў роду апошніх, Валерыян Жаба, пабудаваў тут касцёл, праваслаўную царкву і цудоўны палаца-паркавы комплекс, які захаваўся да нашых дзён. Славіліся Лужкі сваімі багатымі кірмашамі і майстрамі. Усёй краіне быў вядомы Іван Лютынскі, які рабіў выдатныя гармонікі. З Лужкоў выйшлі Эліэзер Пелерман, заснавальнік сучаснай яўрэйскай мовы, Іван Краснадубскі, заслужаны артыст БССР, Мілецій Андзілеўка, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, які быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны № 1. Чым жа сёння жыве аграгарадок і хто працягвае гістарычную і працоўную эстафету часу?

Чыя заслуга ў тым, што шаркаўшчынскі аграгарадок Лужкі і напярэдадні свайго 500-гадовага юбілею маладзее

СЕМ год таму Лужкі разам з суседняй вёскай Гарадзец сталі першым аграгарадком на Шаркаўшчыне. З насельніцтвам каля 1200 жыхароў яны размясціліся паабапал прыгожай рэчкі Мнюта. Упершыню ў летапісе вёска ўпамінаецца ў 1514 годзе. Ёю валодалі графы Сапегі, Чапскія, Плятэры, Жабы. Адзін з прадстаўнікоў роду апошніх, Валерыян Жаба, пабудаваў тут касцёл, праваслаўную царкву і цудоўны палаца-паркавы комплекс, які захаваўся да нашых дзён. Славіліся Лужкі сваімі багатымі кірмашамі і майстрамі. Усёй краіне быў вядомы Іван Лютынскі, які рабіў выдатныя гармонікі. З Лужкоў выйшлі Эліэзер Пелерман, заснавальнік сучаснай яўрэйскай мовы, Іван Краснадубскі, заслужаны артыст БССР, Мілецій Андзілеўка, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, які быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны № 1. Чым жа сёння жыве аграгарадок і хто працягвае гістарычную і працоўную эстафету часу?

Стыль Таццяны Краснадубскай

У Лужках пры адкрыцці аграгарадка, здаецца, было ўсё, што неабходна чалавеку для работы і адпачынку: свінакомплекс, майстэрні, паліклініка і бальніца, школа, дзіцячы сад, кропкі гандлю, пункт бытавога абслугоўвання, Дом культуры. Але, да гонару мясцовай і раённай улады, пасля аб’явы Лужкоў аграгарадком тут ні на адзін год не спыняліся работы па далейшаму будаўніцтву. Толькі адных катэджаў для работнікаў мясцовага КУП СГП «Гарадзец» здалі больш за шэсць дзесяткаў.

Праведзена рэстаўрацыя некаторых гістарычна-каштоўных будынкаў. Так, у былым панскім доме размясціўся культурна-аздараўленчы комплекс, дзе ёсць більярдная зала, а таксама памяшканні для заняткаў са спартыўнымі снарадамі, адпачынку, камп’ютарная.

Нарэшце, пасля бесперспектыўных шматгадовых перамоў з Міністэрствам культуры і спонсарамі, КУП СГП «Гарадзец» за ўласныя сродкі, хаця іх і не так многа, узяўся за аднаўленне палаца-паркавага комплексу XVIII стагоддзя.

Зроблены дах з чарапіцы, заменены вокны, вядуцца ўнутраныя работы. Прычым захоўваецца адпаведны першапачатковы стыль даўніны. Пасля поўнага заканчэння рэканструкцыі, калі ўдасца знайсці дадатковае фінансаванне, у комплексе будзе размешчаны Дом культуры.

— Гэта тым больш важна, што, па-першае, стары драўляны двухпавярховы, яшчэ даваеннай забудовы, знаходзіцца ў аварыйным стане, — падкрэслівае старшыня сельвыканкама Таццяна Краснадубская, — а па-другое, у наступным годзе Лужкі павінны справіць сваё 500-годдзе. І як абыйсціся без галоўнай культурнай установы?!.

Да юбілею падрыхтоўка ўжо распачата. У філіяле краязнаўчага музея падабраны багаты матэрыял па гісторыі Лужкоў. З раённым цэнтрам занятасці заключана дамова на добраўпарадкаванне аграгарадка. У многім дзякуючы гэтаму зманціравана паўтара кіламетра агароджы. Зносяцца занядбаныя трухлявыя хаты. Дапамогу тут аказвае гаспадарка, якая выкарыстоўвае вывезены матэрыял пры сушцы зерня. Поўнасцю змянілі свой воблік вуліцы Дзісненская, Германавіцкая, Школьная. Работа працягваецца. Актыўны ўдзел у ёй прымаюць самі жыхары.

«Усе свае, прыезджых няма»

Аграгарадок Лужкі — цэнтр КУП СГП «Гарадзец». Кантора гаспадаркі размяшчаецца ў прыгожым былым панскім палацы, рэканструкцыя якога яшчэ не закончана. Але ні дырэктар Аляксандр Маркевіч, ні яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Наталля Катушонак, ні галоўныя спецыялісты у кабінетах не сядзяць, а большасць часу цяпер праводзяць у полі.

Увагу прыцягнуў свежы выпуск раённай газеты «Кліч Радзімы», у якой паведамлялася, што на жніве ў «Гарадцы» першае месца трымае маладзёжны экіпаж студэнтаў Юрыя Цішонка і Іллі Квяткоўскага. Інфармацыя заінтрыгавала. Як гэта можа быць: навучэнцы і абышлі старажылаў?

Паехалі да камбайнаў. Там, акрамя іх, сустрэлі яшчэ аднаго маладога хлопца Юрыя Маркевіча.

— Усе мы — аднакласнікі, выпускнікі мясцовай Лужкоўскай школы, — расказаў Юрый Цішонак. — Яшчэ з класа дзесятага пайшлі памочнікамі камбайнераў. Пасля заканчэння школы паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы: я — у БНТУ, Ілля ў БАТУ. Юрый ужо на сваім хлебе, у МНС. Але хлебаробскай традыцыі мы не змянілі. Летам, як і раней, працуем на камбайнах у сваёй роднай гаспадарцы. У нас — канікулы, а Юрый спецыяльна на                                                             гэты час бярэ адпачынак. Ён — памочнікам ў Івана Кірсанава. Мне сёлета ўпершыню пашчасціла стаць камбайнерам. Хаця ўсё чыста ўмоўна, бо мы з Іллём, які лічыцца памочнікам, рабілі напераменку.

— Але ж для таго, каб сесці за штурвал, патрэбны правы?

— Яны ў нас ёсць, яшчэ са школы. Дзякуючы класу прафесійнай падрыхтоўкі выпускнікі разам з атэстатам атрымліваюць правы трактарыста. Асабіста для мяне ўсё гэта вядома з маленства. Мой бацька Міхаіл быў камбайнерам і часта браў мяне з сабой.

Яшчэ аднаго выпускніка Лужкоўскай школы Аляксандра Завядзеева, які таксама займеў у ёй правы механізатара, мы напаткалі на другім полі з незвычайнай назвай «Святая ліпка»: на трактары МТЗ-1221 ён вёў падрыхтоўку глебы пад сяўбу азімых.

— У маі вярнуўся з арміі, служыў у дэсантных войсках, — паведаў ён. — Адпачываць дужа не стаў, бо ў гаспадарцы была якраз гарачая пара. Работы ўсялякай шмат, але мне яна не ў цяжкасць, нават падабаецца. Хочацца зрабіць як мага лепш.

Кантралёр у яго не хто-небудзь, а бацька, які потым будзе сеяць азімыя. Галоўны аграном Святлана Яворская задаволена маладымі механізатарамі, выпускнікамі Лужкоўскай школы.

А іх — шмат у калектыве. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Наталля Катушонак называе Дзмітрыя Шапавалава, Віктара і Арцёма Самуйлаў, Міхаіла Жыня, Юрыя Катушонка, Дзмітрыя Крапотка... У нас усе свае, прыезджых няма.

Дырэктар гаспадаркі Аляксандр Маркевіч (між іншым, гэта яго сын Юрый працаваў памочнікам на камбайне з аднакласнікамі) з гордасцю зазначае, што гаспадарка поўнасцю забяспечана механізатарскімі кадрамі для двухзменнай работы, што дае магчымасць упраўляцца ў аптымальныя тэрміны і з сяўбой, і з уборкай. І выказвае ўдзячнасць той жа Лужкоўскай сярэдняй школе.

— Прафесійная падрыхтоўка пачынаецца з 10-га класа. У ім — 15 чалавек, — паказвае запіс у журнале дырэктар школы Ларыса Гараніна. — А вось у 11-м, выпускным, было 24 вучні. Усе яны паспяхова вытрымалі экзамен на трактарыста-машыніста. Акрамя адной дзяўчынкі, якая выбрала другі прадмет.

А яшчэ Лужкоўская СШ славіцца ў вобласці і рэспубліцы экалагічнай накіраванасцю выхавання. Нездарма ж яе былы дырэктар Мілецій Андзілеўка атрымаў у свой час медаль Францыска Скарыны № 1. У школе ёсць сад з плантацыяй чорнай парэчкі і агарод, дзе вырошчваюцца морква, капуста, бульба. Прыцягвае да сябе школьны дэндрапарк.

Калі заходзіш у двор школы, то нельга не звярнуць увагу на незвычайны помнік — пастамент, а на ім Кніга. Гэта як бы напамінак аб тым, што трэба пабольш браць ведаў. Каля палавіны выпускнікоў школы паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Многія з іх у якасці спецыялістаў потым вяртаюцца ў родную гаспадарку.

Фермер любіць працу і прыгажосць

Яшчэ некалькі год таму пры ўездзе ў Лужкі з Шаркаўшчыны можна было ўбачыць высокую гару, заросшую быльнягом, закіданую розным смеццем.

Цяпер гэта месца не пазнаць. Касагор упрыгожваюць маладыя ёлкі, сосны, бярозкі, дубы. Усяго на пяці гектарах высаджана 12 тысяч дрэў. Акуратна падкошана трава. Выкапаны сажалкі, загадавана рыба. А на самым версе гары, на яе плато, разбіты пладовы сад: 1000 яблынь дваццаці сямі сартоў.

Усю гэту прыгажосць стварыў мясцовы фермер Ігар Садоўскі. Кім ён толькі ні працаваў да пенсіі: і пекарам, і намеснікам старшыні сяльпо, і кінамеханікам, і нават кіраўніком народнага ансамбля «Лужкоўскія песняры»! А пайшоў на заслужаны адпачынак і — падаўся нечакана для землякоў у фермеры.

Узяў спачатку Садоўскі дзесяць гектараў зямлі, а потым давёў да пяцідзесяці. Абзавеўся спакваля за пятнаццаць гадоу не проста тэхнікай, а абсалютна ўсім, што патрэбна для рознага віду работ. Для захавання тэхнікі ўзведзена 7 капітальных боксаў. Сваёй тэхнікай фермер шчодра дзеліцца з суседзямі. Прычым не бярэ за гэта ні рубля.

Папрацаваць часова на тэхніцы Ігар Садоўскі запрашае такіх жа пенсіянераў, як і сам. А ў першых памочніках — кіраўнік гаспадаркІ Алег Пячонка.

Ураджаі збірае лужкоўскі фермер зайздросныя. Сёлета з пятнаццаці гектараў прадаў дзяржаве 60 тон пшаніцы, ды і сабе, на корм жывёле, яшчэ пакінуў. Так што на круг выйшла цэнтнераў пад сорак пяць. Летась рапс азімы даў за 30 цэнтнераў.

Хоць дом не родны, але цёплы!

Ёсць у Лужках вельмі прыстойная двухпавярховая мураваная бальніца сястрынскага догляду. Насельнікі яе — людзі пажылога ўзросту, адзінокія, якія не могуць абслужыць сябе.

Самая старэйшая ў бальніцы — Зінаіда Счасная. Ёй — 95 гадоў.

Было ў жанчыны чацвёра дзяцей, але ўсіх перажыла. Нейкі час яе даглядаў унук, але ён захварэў, і давялося жанчыне перабірацца сюды. Задаволеная, што і кормяць добра, і даглядаюць, і лекі патрэбныя даюць, і — цёпла. Толькі сваю хатку, родных сваіх успамінае дрыжачым голасам. А яшчэ тое, як была перадавіком у калгасе. Як уручную сярпом жала, лён ірвала, малаціла...

Зусім нікога не засталося ў Марыі Тоўсцік з вёскі Дубоўка. Двойчы за лета яна наведвалася ў сваю пустую хату, але начавала ў суседкі. Назаўтра вярталася назад, у Лужкі.

Усяго ж у доме сястрынскага догляду пражывае 52 чалавекі. Ёсць тут урач, фельчар, медсёстры. Харчаванне — чатырохразовае. У дастатку гародніны, мяса, рыбы, малочных прадуктыў. Кожнага пацыента персанал віншуе з днём нараджэння. Жыхарам Лужкоў прыносяць падарункі на Каляды і Вялікдзень. Рэгулярна наведваюцца праваслаўны і каталіцкі свяшчэннікі.

***

СЛОВАМ, Лужкі жывуць размеранным, паўнакроўным жыццём. Так працягваецца ўжо амаль паўтысячы гадоў, і так, упэўнены вяскоўцы, будзе яшчэ не адзін век. Таму, што людзі тут такія. Яны не толькі ганарацца багатай гісторыяй свайго аграгарадка, але і многае робяць для таго, каб яго будучыня была яшчэ больш светлай. І, як кажуць, дай Бог такога лёсу кожнаму нашаму аграгарадку!

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter