Аднакласнікі, аднакурснікі

З цягам часу чалавек набывае новых сяброў-прыяцеляў, але дружба, якая пачалася ў маладосці, не забываецца

З цягам часу чалавек набывае новых сяброў-прыяцеляў, але дружба, якая пачалася ў маладосці, не забываецца

Наталля Літвінава з Магілёва просіць адгукнуцца сваю сяброўку і аднакурсніцу, Жанну Анатольеўну Рамесленнікаву, 1971 года нараджэння. Яны разам вучыліся ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме. Жанна прыйшла ў групу на другі курс. Пасля заканчэння тэхнікума ў 1992 годзе яна жыла з мужам у інтэрнаце Магілёўскага машынабудаўнічага інстытута. А з 1993 года сяброўка нічога пра яе не ведае.

Раіса Міхайлаўна Алонцава (Амега), 1953 года нараджэння, якая жыве ў вёсцы Цялуша Бабруйскага раёна, просіць адгукнуцца Галіну Уладзіміраўну Гарнастай, Наталлю Уладзіміраўну Клімовіч і Любоў Падальніцкую. Гэта іх дзявочыя прозвішчы. Яна разам з гэтымі дзяўчатамі вучылася ў Магілёўскім вучылішчы № 70 хімікаў. Жыхарка горада Беразіно, Ларыса Мікалаеўна Трус (Груздова), 1953 года нараджэння, ураджэнка вёскі Крапіўня Бярэзінскага раёна, чакае вестак ад выпускнікоў 1968 года Смілавіцкай школы-інтэрната і Чэрвеньскага гарадскога прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 80 выпуску 1970 года.

“Паважаныя стваральнікі пошукавага праекта “Помні імя сваё”, — так пачынаецца электронны ліст Наталлі Анатольеўны Юркевіч са сталіцы. — З вашай дапамогай хачу адшукаць жыхарку горада Рыгі  Кацярыну Іванаўну Штольдэ. Гэта былая знаёмая, доўгі час з ёй падтрымлівалі сувязь мае бацькі. Цётачка Каця прыязджала да нас і я неаднаразова была ў яе ў гасцях у Рызе. Але пасля бурных 1990-х гадоў, пасля з’яўлення межаў, сувязь з ёй абарвалася. Магчыма, яе ўжо няма сярод жывых. І тым не менш... На жаль, я маю мала звестак пра Кацярыну Іванаўну: яна прыкладна 1936 года нараджэння, ураджэнка вёскі Няймоты Сенненскага раёна. Менавіта там да сярэдзіны 1970-х гадоў жыла яе маці, Вольга Яўсееўна Штольдэ, якая пазней пераехала да дачкі ў Рыгу. Цётачка Каця была інжынерам-чыгуначнікам. Так цёпла ўзгадваю гэту жанчыну, буду ўдзячная за любую інфармацыю пра яе”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter