Аднае любові мала

Ці варта змагацца з трасянкай? І што рабіць тым, хто баіцца дапусціць памылку, размаўляючы па-беларуску?

Ці варта змагацца з трасянкай? І што рабіць тым, хто баіцца дапусціць памылку, размаўляючы па-беларуску?

Сёння ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. У гэты дзень найбольшая ўвага надаецца мовам нацыянальных меншасцяў і тым, якія знаходзяцца на мяжы знікнення. Свята роднай мовы адзначаюць і звыш 140 нацыянальнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі: рускія, украінцы, палякі, літоўцы, латышы, грузіны, яўрэі...

І, канешне, беларусы. Беларуская мова носіць статус дзяржаўнай, яе вывучаюць у школе, яна выкарыстоўваецца ў розных сферах нашага грамадства. Аднак вострым застаецца пытанне: як пашырыць яе выкарыстанне ў якасці рэальнага сродку зносін? Апошні перапіс насельніцтва паказаў, што ў паўсядзённым жыцці на беларускай мове размаўляе толькі чвэрць жыхароў краіны. І ў той жа час больш за пяць мільёнаў грамадзян лічаць беларускую мову роднай, дзве трэці свабодна ёй валодаюць.  Як узняць прэстыж беларускай мовы ў грамадстве? Ці перашкаджае ёй трасянка? Што рабіць тым, хто прыхільна ставіцца да мовы, але не карыстаецца ёю, бо не ўпэўнены, што гаворыць правільна.

Каб знайсці адказы на моўныя і іншыя  пытанні, карэспандэнт “НГ” звярнулася да дырэктара Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандра ЛУКАШАНЦА.

— Аляксандр Аляксандравіч, як вы ацэньваеце ролю беларускай мовы ў жыцці сучаснага грамадства?

— Гаварыць пра ролю беларускай мовы трэба, зыходзячы перш за ўсё з той двухмоўнай сітуацыі, што існуе ў нашай краіне. Двухмоўе прадугледжвае раўнапраўнае выкарыстанне абедзвюх дзяржаўных моў ва ўсіх афіцыйных сферах ужытку. Але ў рэальнасці такога ў прынцыпе не бывае, і наша моўная сітуацыя паказвае гэта. На жаль,  атрымліваецца так, што беларуская мова як сродак зносін запатрабавана недастаткова. Гэта значыць, што ў камунікатыўнай сферы яна выкарыстоўваецца абмежавана, а ў некаторых прысутнічае сімвалічна. Але тым не менш беларуская мова адыгрывае выключна важную ролю ў жыцці беларускага грамадства. Што б там ні казалі, але, нягледзячы на тое, што беларускую мову выкарыстоўвае невялікая колькасць грамадзян Беларусі, фактычна штодзень кожны з нас сутыкаецца з інфармацыяй на беларускай мове. Вельмі важна і тое, што беларуская мова — важнейшая частка беларускай нацыянальнай культуры, а таксама адзін з атрыбутаў нашай дзяржаўнасці. Менавіта мова дазваляе Беларусі вылучыцца з мноства іншых краін і пазіцыянаваць сябе як асобную славянскую краіну са сваімі культурай, гісторыяй і менталітэтам.

— Тое, што беларусы маюць у якасці дзяржаўнай адразу дзве мовы — вялікая раскоша. Праўда, нярэдка атрымліваецца, што дасканала не ведаем і не ўмеем правільна размаўляць ні на адной з іх. Як, на ваш погляд, у такіх умовах можна паўплываць на павышэнне культуры маўлення?

— У параўнанні з аднамоўным грамадствам беларускае знаходзіцца ў выйгрышным становішчы. Не сакрэт, што чым больш чалавек ведае моў, тым больш шырокая  культурная прастора перад ім адкрываецца. Сёння  грамадзяніну Беларусі даступны ўсе тыя культурныя каштоўнасці, якія ўвасоблены і ў беларускай, і ў рускай мовах. Гэта значыць, што кампетэнцыя карыстальніка абедзвюх моў моцна пашыраецца. Аднак у двухмоўным грамадстве, асабліва калі двухмоўе блізкароднаснае, заўсёды ўзнікаюць праблемы маўлення.

У гэтым сэнсе, канешне, патрабуецца ўвага з боку сістэмы адукацыі, а яшчэ — носьбітаў абедзвюх моў. Толькі асабісты кантроль над культурай маўлення забяспечыць неабходны ўзровень валодання і практычнага выкарыстання абедзвюх дзяржаўных моў. З іншага боку, да праблемы культуры маўлення трэба падыходзіць дыялектычна, таму што сама сістэма нацыянальнай мовы не абмяжоўваецца толькі літаратурнай мовай. Ёсць яшчэ і іншыя разнавіднасці — гутарковае маўленне і прастамоўе, што выкарыстоўваюцца ў неафіцыйных сферах ужытку і дапускаюць пэўныя адхіленні ад строгай літаратурнай нормы.

— Значыць, трасянка — гэта натуральная з’ява?

— Натуральная, але непажаданая. Калі побач існуюць дзве мовы, а тым больш блізкароднасныя, адна будзе ўплываць на другую. У гэтым сэнсе феномен беларускага вуснага маўлення, які мы называем трасянкай, выконвае функцыю так званага гарадскога прастамоўя ў аднамоўным асяроддзі. З гэтым трэба змагацца, але варта мець на ўвазе, што гутарковае маўленне і нават прастамоўе — гэта натуральная рэч у любой мове.

— Атрымліваецца, калі ты хочаш гаварыць па-беларуску, але ўсё ж трохі баішся з-за адсутнасці вопыту зносін, не трэба доўга думаць над тым, як сказаць, каб не зрабіць памылку?

— Сёння мы зноў сутыкаемся з яшчэ адным парадоксам: грамадзяне, што адносяцца з прыхільнасцю да беларускай мовы і патэнцыйна гатовыя перайсці да яе актыўнага выкарыстання, стрымліваюць свае памкненні, таму што адчуваюць недастатковы ўзровень сваёй моўнай кампетэнцыі. Яшчэ адно назіранне — у нас завышаныя ўласныя патрабаванні, мы баімся размаўляць без памылак. І ў гэтым сэнсе я мог бы параіць: не трэба баяцца. Чым актыўней мы будзем гаварыць, тым менш будзем рабіць памылак.

 Лічбы сведчаць

  • 45 тысяч дашкольнікаў у бягучым годзе гавораць са сваімі выхавацелямі на беларускай мове.
  • 151 тысяча навучэнцаў сёння ў дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі вывучаюць усе прадметы на беларускай мове.
  • Больш за чатыры тысячы вучняў у нашай краіне спасцігаюць асновы польскай мовы, 358 — яўрэйскай і 155 — літоўскай.
  • Звыш 11 тысяч кніг і брашур гадавым тыражом 34,3 мільёна экзэмпляраў было выпушчана ў нашай краіне ў 2011 годзе. З іх дзевяць працэнтаў выдадзена на беларускай мове.

Звесткі прадстаўлены Нацыянальным статыстычным камітэтам Рэспублікі Беларусь

— Апошнім часам беларуская мова мае тэндэнцыю да пашырэння за кошт таго, што яна ўсё часцей выкарыстоўваецца ў інтэрнэт-прасторы, у канфесійнай сферы, а таксама рэкламнай дзейнасці...

— Феноменам існавання беларускай мовы ў пачатку ХХІ стагоддзя з’яўляецца тое, што яна вельмі абмежавана выкарыстоўваецца ў традыцыйных сферах ужытку, але разам з тым мае тэндэнцыю да пашырэння ў тых сферах, у якіх яе раней не было. У інтэрнэт-прасторы значная частка выкарыстання беларускай мовы ніяк не рэгламентуецца. Значыць, у ёй беларуская мова рэальна запатрабаваная як сродак зносін. А паколькі інтэрнэт-прастора мае вялікія перспектывы, гэта працуе адначасова і на прэстыж беларускай мовы. Такі аспект дае магчымасць глядзець у будучыню з аптымізмам. Хаця б на працягу ХХІ стагоддзя гэта будзе гарантаваць нам нацыянальную адметнасць і свядомасць.

Што датычыцца выкарыстання беларускай мовы ў сферы рэкламы, то гэта — з’ява вельмі патрэбная. Дзякуючы ёй нават тыя, хто не мае практыкі пастаяннага карыстання беларускай мовай, бачачы і чуючы мову, самі па сабе на яе пераходзяць.

— Што, на ваш погляд, яшчэ трэба зрабіць, каб павысіць прэстыж беларускай мовы?

— Справа ў тым, што ў нашым грамадстве існуе ілюзія, быццам сітуацыю можна выправіць толькі за кошт адміністрацыйнага рэсурсу. Так не бывае. У першую чаргу трэба гаварыць пра гатоўнасць самога грамадства больш актыўна выкарыстоўваць беларускую мову. Сёння высокаразвітая беларуская мова можа паспяхова абслугоўваць усе патрэбы жыцця сучаснага грамадства. Як бачым, аднае любові да мовы мала. Важна, каб гэтая любоў магла разлічваць на ўзаемнасць грамадства.

 “НГ” спытала: Ці карыстаецеся вы беларускай мовай у паўсядзённым жыцці?

Міхаіл ФІНБЕРГ, народны артыст Беларусі, прафесар, кіраўнік заслужанага калектыву краіны —Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра:
— Штодзень: і ў паўсядзённым жыцці, і ў час выступленняў на шырокую аўдыторыю. Мову беларускую вельмі люблю. Нашаму калектыву летась удалося падрыхтаваць 34 канцэртныя праграмы на тэксты беларускіх паэтаў — Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і іншых. Мы правялі 163 фестывалі, прысвечаныя гісторыі беларускай музыкі, дзе выкарысталі творы беларускіх паэтаў XVIII—XIX стагоддзяў, а цяпер працуем над беларускай паэзіяй ХХ стагоддзя. Гэта і ёсць наш невялікі ўнёсак у павышэнне прэстыжу беларускай мовы ў беларускім грамадстве.

Ірына ДАРАФЕЕВА, заслужаная артыстка Беларусі:
— Вельмі люблю родную мову. У маім рэпертуары ёсць шмат песень менавіта на ёй. У час канцэртаў стараюся размаўляць па-беларуску з гледачамі. Такія сустрэчы заўсёды праходзяць неяк па-асабліваму цёпла, незабыўна.

Андрэй ДАБРАВОЛЬСКІ, акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі:
— Хоць і працую ў тэатры, дзе абсалютная большасць спектакляў беларускамоўныя, я ведаю мову, але ў паўсядзённым жыцці больш карыстаюся рускай. Справа ў тым, што проста баюся зрабіць памылку. І з-за сваёй прыроднай сціпласці не хачу вылучацца са свайго асяроддзя, да таго ж большасць маіх сяброў размаўляе па-руску.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter