Некаторыя беларускія гарады і вёскі можна назваць сапраўднымі этнічнымі выспамі

Адна вялікая радня

Так гістарычна склалася, што ў пэўных рэгіёнах краіны сканцэнтравалася вялікая колькасць прадстаўнікоў той ці іншай нацыянальнасці. У такіх месцах звычайная справа — пачуць замежную гаворку, трапіць у эпіцэнтр экзатычнага свята або паспрабаваць незнаёмую страву. Што самае цікавае — мясцовыя беларусы не бачаць у гэтым нічога дзіўнага. Суседзяў з замежнымі каранямі яны даўно называюць “нашымі” і ў выпадку чаго гатовы прыйсці ім на дапамогу, як сваім родным.

ЗВАНЫЯ ТАТАРЫ


У гарадскім пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна многія моляцца па кітабах і не ўжываюць свініну.



Ледзь не праз хату тут можна адчуць водар татарскіх перакачанікаў, гальмы або чак-чака. Неабавязкова, што іх гатуюць самі татары. Проста за столькі гадоў, колькі яны жывуць у Смілавічах, многае з іх традыцый, асабліва кулінарных, перанялі і суседзі-беларусы.

Між іншым пасяліліся татары ў Смілавічах, зрэшты, як і ў іншых гарадах Беларусі, больш за 600 гадоў таму! Каля 40 тысяч татар запрасіў у 1397 годзе вялікі князь Вітаўт, каб ахоўваць межы Вялікага Княства Літоўскага: яны лічыліся спрытнымі і ўмелымі ваярамі. Князі былі задаволеныя новымі службоўцамі, таму шчодра даравалі ім землі, высокія званні і ганаровыя тытулы. Дарэчы, у некаторых дамах смілаўчан і сёння можна ўбачыць дваранскія гербы на сценах.

Сучасная татарская абшчына ў Смілавічах налічвае больш за сто сем’яў. Ёсць сярод іх і змешаныя саюзы. Цікава, што яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя татарам не дазвалялася ствараць сем’і з чалавекам іншай веры ці нацыянальнасці і нават на другой радзіме яны падшуквалі пару са “сваіх”. Аднак часы змяняліся, і сёння ў Смілавічах жыве далёка не адна інтэрнацыянальная сям’я.

Месцам, якое аб’ядноўвае смілавіцкіх татар, з’яўляецца мясцовая мячэць. Шчыра кажучы, нават дзіўна сярод беларускіх драўляных хат з імшыстымі дахамі ўбачыць гэту беласнежную цагляную будыніну, якую вянчае купал з паўмесяцам — сімвалам мусульман. Заўважна, што моляцца тут не паарабску, як таго патрабуе традыцыя, а на звыклых рускай ці беларускай мовах. Унікальная з’ява — кітабы, кнігі, напісаныя арабскай вяззю, але на зразумелай мясцовым татарам беларускай мове. Іх стварылі яшчэ ў часы Вялікага Княства. У некаторых мусульманскіх дамах такія кітабы і цяпер перапісваюць.

Жыццё ў Беларусі прымусіла татараў перагледзець і некаторыя іншыя нацыянальныя звычаі. Запытайцеся, да прыкладу, у мясцовых мусульманак, ці гатовы яны дзяліць мужа з іншымі жонкамі? У адказ замахаюць рукамі і засмяюцца: “Ну што вы, мы ж беларускія татары!..”

Татары Беларусі гавораць на рускай і беларускай мовах, носяць славянскія імёны, апранаюцца, як і ўсе астатнія. І мала чым адрозніваюцца ад беларусаў. Хіба толькі тым, што свініну не ядуць ды алкаголь не п’юць.

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ

За стагоддзі жыцця на нашай зямлі татары не толькі падзяліліся з беларусамі некаторымі сваімі традыцыямі і рэцэптамі, але і падарылі беларускай мове словы, якія сёння сталі для нас звыклымі. Цюркскае (татарскае) паходжанне маюць словы “качка”, “кішэнь”, “баран”, “андарак”, “бусел”, “гарбуз”, “туман”, “торба “ і іншыя — усяго каля пяцідзесяці слоў.

ЛАБА ДЭНА Ў ХАТУ


У аграгарадку Рымдзюны Астравецкага раёна можна пачуць літоўскую мову і пакаштаваць прыбалтыйскіх цэпелінаў.


Інтэрнацыянальная сям’я Петрыкаў з задавальненнем адзначае ўсе літоўскія святы.

Ад Рымдзюн да Літвы рукой падаць. Але нават ведаючы гэта, нельга не здзівіцца такому факту, што 80% жыхароў беларускага аграгарадка — этнічныя літоўцы. На Астравеччыне створаны ўсе ўмовы, каб “гіргуны” — так тут называюць літоўцаў з-за багацця ў іх гаворцы гукаў “г” і “р” — адчувалі сябе як дома.

У іх ёсць магчымасць аддаць сваіх дзяцей у садок і школу з літоўскай мовай навучання, звярнуцца з пытаннямі ў Літоўскі цэнтр адукацыі, культуры і інфармацыі ці грамадскае аб’яднанне “Гервяцкая абшчына літоўцаў”, наведаць службу на літоўскай мове ў Гервяцкім касцёле ў суседняй вёсцы. Усё як на радзіме, проста па іншы бок дзяржаўнай мяжы.

Дзяцей тут з маленства вучаць таму, што ў іх дзве радзімы. Што цікава, літоўскую мову тут ведаюць нават карэнныя беларусы. Гэтаму спрыяе асяроддзе. Відаць, і праўда складана на “лаба дэна” ад суседа адказаць проста “добры дзень”. А там далей, далей, і, глядзі, — у лексіконе ўжо столькі слоў, што і гаворку падтрымаць можна. Больш дасканала літоўскую мову прыходзіцца вучыць беларусам, якія стварылі сем’і з літоўцамі. А такіх тут шмат.

У змешанай сям’і Петрыкаў размаўляць прынята як раз па-літоўску. Беларус Вадзім, які ажаніўся з літоўкай Святланай, прызнаецца, што даецца яму гэта не вельмі проста:

— І руская, і беларуская мовы мала чым падобныя на літоўскую. Таму размаўляць мне цяжка, хаця і разумею ўсё. Затое з задавальненнем адзначаю разам з жонкай і дочкамі ўсе літоўскія святы.

Асабліва шануюцца ў сям’і каталіцкія Каляды і Вялікдзень, на якія стараюцца прыгатаваць шмат чаго смачнага. Самая любімая страва ў інтэрнацыянальнай сям’і Петрыкаў — цэпеліны, а з дэсертаў — літоўскія пірагі, якія, на дзіва, пячэ Вадзім. Святлане на гэта проста няма часу — яна выконвае абавязкі не толькі настаўніцы ў школе, але яшчэ і старшыні Гервяцкай абшчыны літоўцаў.

— Прыходзіцца арганізоўваць сустрэчы, паездкі, святы, — расказвае Святлана. — Развучваем з літоўскімі дзецьмі народныя танцы, песні, ездзім па бліжэйшых вёсках, віншуем сваіх землякоў. Хочацца, каб і па-за межамі этнічнай радзімы літоўцы адчувалі сябе як дома. І на Астравеччыне гэта атрымліваецца вельмі лёгка.

ПАЛЕСКІ ІЕРУСАЛІМ


У Пінску можна прагуляцца па яўрэйскіх вулачках і наведаць сінагогу.



Фота: media-polesye.by
Гісторыя пінскіх яўрэяў налічвае больш за пяць стагоддзяў. Упершыню прадстаўнікі гэтай нацыянальнасці з’явіліся тут у 1506 годзе. У пачатку ХІХ стагоддзя яўрэі складалі больш за 70% насельніцтва горада. У Пінску працавала некалькі школ на ідышы і іўрыце, каля 40 сінагог і малітоўных дамоў і некалькі дзясяткаў прадпрыемстваў, якімі кіравалі знаходлівыя яўрэі.

Тут у бабулі сем гадоў правяла будучы прэм’ер-міністр Ізраіля Голда Мэір. У Пінску жылі бацькі мадэльера Ральфа Ларэна, адсюль родам продкі прэзідэнта Microsoft Стыва Балмера. Многія яўрэі, звязаныя з Пінскам кроўнымі вузамі — навукоўцы, літаратары, артысты, мастакі, спартсмены, вынаходнікі, палкаводцы і флатаводцы, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, — праславілі родны горад на розных кантынентах. І калі б не жудасная трагедыя Халакосту, іх колькасць магла б быць яшчэ большай. На жаль, прайсці скрозь жахі фашысцкага генацыду і застацца ў жывых пашчасціла нямногім.

Але як бы там ні было, пінская яўрэйская абшчына сёння жыве і з’яўляецца адной з самых шматлікіх у краіне. На дадзены момант у Пінску пражывае каля 700 яўрэяў. Для іх адкрыта сінагога, створана першая ў Беларусі яўрэйская школа-інтэрнат. І суседства з яўрэямі тут даўно нікога не здзіўляе. Хіба гасцей горада, якія не прывыклі сустракаць на сваім шляху маладых мужчын у кіпах з арыгінальна прычасанымі бародамі ці сівабародых равінаў у экзатычных лапсердаках з чорнага атласу.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter